Манументальныя гісторыі

Апублiкавана: 14 лiпеня 2024 Кiно Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Напрыканцы чэрвеня на айчынныя экраны выйдзе новы праект Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — анімацыйны альманах “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”. Пяць яго выпускаў правядуць гледачоў па незнаёмых сцяжынках нашай краіны і раскажуць аб мясцінах, што захоўваюць памяць пра Вялікую Айчынную. 

Ідэя стварэння анімацыйнага фільма, прысвечанага ваенным мемарыяльным комплексам, належыць кінарэжысёру Канстанціну Андрушачкіну. Задума нарадзілася яшчэ ў 2014 годзе, аднак на яе ўвасабленне спатрэбіўся час. 

— Жаданне зняць такі праект з’явілася пасля візіту ў мемарыял “Баграціён”. Лічу, каб зразумець, што такое нашы мемарыяльныя комплексы, трэба завітаць туды і ўбачыць усё на свае вочы. Аднак большасць людзей, якія вандруюць па краіне, не ведаюць, што за некалькі кіламетраў ад іх маршрутаў ёсць манументы, скульптурныя групы і нават цэлыя комплексы, прысвечаныя важным падзеям вайны. Беларусам не заўсёды знаёмыя цудоўныя, інфармацыйна насычаныя кампазіцыі, бо яны знаходзяцца на адлегласці ад гарадоў і пасёлкаў. Наш праект адкрые малавядомыя мемарыялы і, мы спадзяёмся, выкліча цікавасць да іх, — распавядае Канстанцін Віктаравіч. 

Фрагмент раскадроўкі эпізоду "Ала" (рэж. Наталля Касцючэнка)

Аўтары выкарысталі матэрыял з натурных здымак, каб паказаць, як выглядаюць манументы, і анімацыйную рэканструкцыю мінулага. З яе дапамогай расказваецца гісторыя кожнага помніка. 

— У ваеннай дакументалістыцы часта рэканструююць падзеі ў ігравой форме. Мы звярнуліся да анімацыі — метафарычнай, вобразнай. Такая больш уплывае на гледача. 

Аўдыторыя “Мемарыялаў” — дзеці і моладзь, але фільм будзе цікавы і дарослым. Пры стварэнні сюжэтаў рэжысёры пазбягалі вострых тэм, нават пра жахі ліхалецця распавядалі ў простай, згладжанай форме. Падыход да ваеннай тэматыкі ў айчынных аніматараў даўно адпрацаваны. 

Над альманахам шчыравалі таленавітыя майстры, якія зарэкамендавалі сябе не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай анімацыі. Выпуск “Няздзейсненыя мары” пра мемарыял “Дзецям — ахвярам вайны” ў Красным Беразе зняты аўтарам праекта Канстанцінам Андрушачкіным. У гісторыі выкарыстаны дакументальныя матэрыялы аб злачынствах нацыстаў, але ключавым стаў ліст Каці Сусанінай — перадсмяротнае завяшчанне 15-гадовай дзяўчынкі ўсім дзецям і дарослым свету, каб яны не дапусцілі паўтарэння жахаў вайны. 

Кадры з эпізоду "Няздзейсненыя мары" (рэж. Канстанцін Андрушачкін)

Адзін з эпізодаў прысвечаны мемарыяльнаму комплексу “Ала”. У вёсцы, што дала яму назву, халоднай зімой 1944 года, за два тыдні да вызвалення Гомельскай вобласці, фашысты спалілі і расстралялі 1758 мірных жыхароў. 950 з іх — дзеці. Галоўная частка помніка — валуны, сведкі тых страшных падзей, з выгравіраванымі трагічнымі сюжэтамі. Над выпускам працавала каманда Наталлі Касцючэнка. Недалёка ад мемарыяла знаходзіцца яе малая радзіма, таму рэжысёр з трапятаннем падышла да справы. На экране адлюстраваны і аповеды сваякоў, і асабістыя ўспаміны. 

— Сям’я маёй мацi жыла у тых мясцiнах. Таму было цiкава пачуць ад яе малодшай сястры, якім было жыццё да вайны і што здаралася, калі цэлымі вёскамі людзі перабіраліся ў іншыя месцы, каб выратавацца. Некаторыя моманты мы нават выкарысталі. Напрыклад, паказалі, як тады пяклі зялёны хлеб з няспелага збожжа ці як сушылі ручнікі на высокай траве, — распавядае Наталля Касцючэнка. 

У аснове эпізоду пра мемарыял “Ала” — выратаванне маленькага хлопчыка той трагічнай раніцай 1944-га. Аўтар прызнаецца, што не абышлася без мастацкай выдумкі — стварыла абагульнены вобраз усіх, каму ўдалося ацалець. 

— Сюжэт будуецца вакол валуноў. Хлопчык упершыню бачыць адзін з іх летняй раніцай да вайны на вясковай дарозе, а потым — зімой 1944-га. Персанаж падае побач з каменем, і маці паспявае засыпаць сына снегам. У фінале перад намі ўжо дзядуля ўспамінае, як гэты валун, што стаў часткай мемарыяльнай экспазіцыі, выратаваў яму жыццё. 

Наталля Касцючэнка адзначае: хоць здымачная група сфарміравалася хутка і прасякнулася гісторыяй вёскі Алы, працаваць з ваеннай тэмай даволі складана. Асабліва над стужкай для сямейнай аўдыторыі. Аднак, па словах рэжысёра, гэта рабіць неабходна, каб перасцерагчы маладое пакаленне. 

— Калі мы не распавядзём дзецям пра мінуўшчыну краіны, то раскажа нехта іншы. І няма гарантыі, што гэта будзе праўда. Цяпер многія ў свеце спрабуюць перапісаць гісторыю, асабліва Вялікай Айчыннай. Таму пра тыя падзеі забываць нельга. Такім чынам мы клапоцімся аб сваёй зямлі, абараняем яе і закладваем падмурак развіцця, выхоўваем наступныя пакаленні, — лічыць рэжысёр. 

Паказы пройдуць у кінатэатрах рэспублікі і дзіцячых лагерах. У далейшым асобныя эпізоды будуць выкарыстаны як дадатак да вучэбных матэрыялаў, каталогаў, даведнікаў, а таксама з’явяцца на тэлебачанні ў якасці сацыяльнай рэкламы. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Ілюстрацыі з архіваў герояў