Па­тры­ятыч­ныя ма­ты­вы

Апублiкавана: 10 лiпеня 2024 Кiно Кіно Мінск Кінавек

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У юбілейны год беларускага кіно айчынныя майстры працягваюць радаваць гледачоў навінкамі. На пачатку мая адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Час вярнуцца”, а таксама на экраны выйшаў анімацыйны праект “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”.

ПРОСТАЙ МОВАЙ ПРА ВАЙНУ 

Адна са знакавых работ студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі — альманах “Мемарыяльныя комплексы Беларусі” аб помніках, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Як лічыць выконваючы абавязкі дырэктара студыі Марыя Кавальская, гэты праект унікальны, бо ў даступнай форме расказвае юным гледачам пра важныя старонкі мінулага. 

— Альманах складаецца з пяці частак, кожная з якіх распавядае як пра памятнае месца, так і пра падзею, што адбывалася там. У праект увайшлі гісторыі пра мемарыяльныя комплексы “Баграціён”, “Дзецям — ахвярам вайны” ў Красным Беразе, “Ала”, “Прарыў” і “Буйніцкае поле”. Фільм сумяшчае ў сабе тэхналогію анімацыі і натурныя здымкі. Кожны выпуск самадастатковы, аднак усе яны звязаны тэматыкай. З гэтай прычыны мы вырашылі аб’яднаць сюжэты ў агульны поўнаметражны фільм. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі праект своечасовы, — расказвае Марыя Сяргееўна. 

Аўтар ідэі, рэжысёр-аніматар Канстанцін Андрушачкін даўно хацеў зрабіць стужку, прысвечаную памятным мясцінам. 

— Многія людзі, якія вандруюць па дарогах нашай краіны, не ведаюць, што ў некалькіх кіламетрах ад іх маршрутаў размяшчаюцца манументы, прысвечаныя важным падзеям, якія разгортваліся падчас вайны. Некаторыя цудоўныя, інфармацыйна насычаныя комплексы не заўсёды знаёмыя беларусам, бо знаходзяцца ў аддаленні ад буйных гарадоў. Спадзяюся, наш праект падштурхне гледачоў наведаць гэтыя мемарыялы. Анімацыйнае кіно метафарычнае, вобразнае. Пра некаторыя рэчы, асабліва трагічныя, яно можа распавесці больш пранізліва, чым фільмы ігравыя або дакументальныя. 

Над эпізодамі працавалі вядомыя беларускія рэжысёры-аніматары: Таццяна Кубліцкая, Наталля Касцючэнка, Ірына Тарасава, Аляксандр Ленкін. Выпуск “Няздзейсненыя мары”, прысвечаны мемарыялу ў Красным Беразе, зняў аўтар праекта Канстанцін Андрушачкін. У гісторыі выкарыстаны дакументальныя матэрыялы аб злачынствах нацыстаў, нямецкі падручнік на рускай мове для школ на акупаваных тэрыторыях. Але галоўным сюжэтам стаў ліст Каці Сусанінай, перадсмяротнае завяшчанне 15-гадовай дзяўчынкі ўсім дзецям і дарослым не дапусціць жахаў вайны. 

Фільм “Мемарыяльныя комплексы Беларусі” паказалі 27 чэрвеня. Карціну пакажуць не толькі ў кінатэатрах, але і ў дзіцячых летніках. Асобныя эпізоды, па словах аўтара, стануць добрым дадаткам да вучэбных матэрыялаў, каталогаў, даведнікаў і нават могуць выкарыстоўвацца ў якасці сацыяльнай рэкламы. 

ДЗЕЦЯМ ПРА РАДЗІМУ 

Другі важны праект кінастудыі — фільм “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў”. Яго прэзентуюць у верасні да Дня народнага адзінства. Стужка адрасаваная дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Карціна раскажа пра значэнне дзяржаўных сімвалаў і памятных дат, а таксама пра традыцыі, што стаяць за імі. У вытворчасці ўдзельнічаюць маладыя кінематаграфісты, у тым ліку рэжысёр Кірыл Халецкі.

— Мне было цікава падысці да сур’ёзнай тэмы з іншага боку, бо стаяла задача зацікавіць юнага гледача. Мы пастараліся стварыць захапляльны сюжэт. Спадзяюся, сваю справу я выканаў як мае быць, — распавядае пастаноўшчык. 

ПАПАЎНЯЮЧЫ БЕЛАРУСКІ “ЛЕТАПІС” 

Айчынныя дакументалісты сёлета рыхтуюць 11 стужак рознай жанравай і тэматычнай накіраванасці. Галоўны праект студыі “Летапіс” — цыкл дакументальных фільмаў, прымеркаваны да 100-годдзя беларускага кіно. 

Першая карціна, “Трэст, які не лопнуў” рэжысёра Юрыя Цімафеева, закране час ад зараджэння індустрыі да 1950-х і пазнаёміць гледача з перыядамі працы студыі ў Ленінградзе і Алматы. Працягне тэму Яўгеній Сяцько: фільм “Залатая эпоха” раскажа пра найбольш плённыя гады айчыннага кінематографа з 1960-х па 1980-я. Завершыць трылогію стужка “Дэманстратар” аб развіцці кінатэатраў у Беларусі. 

Кадр з альманаха "Мемарыяльныя комплексы Беларусі" 

Тэма Вялікай Айчыннай працягнецца: ваенны лейтматыў прагучыць у фільме “Галоўная крэпасць”, прысвечаным подзвігу Дзмітрыя Карбышава. Факты генацыду беларускага народа знойдуць адлюстраванне ў работах “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці”. 

Вялікая ўвага сёлета нададзена і знакамітым беларускім спартсменам. Пра шлях да вяршынь барца Аляксандра Мядзведзя раскажуць у стужцы “Мара чэмпіёна”, а сюжэт пераадолення і веры ў сябе разгорнецца ў асабістай гісторыі паралімпійца Аляксея Талая “Птушка Фенікс”. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з сайта Дома прэсы