Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца “Пінская шляхта” радуе гледачоў унікальным палескім каларытам. Кожнае выступленне маладых артыстаў з Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў напоўнена шчырай любоўю да роднага краю і творчасці. Пра шлях аўтэнтычнага гурта і зберажэнне фальклорнай спадчыны расказвае кіраўнік ансамбля Наталля Бархерыт.
— Наталля Уладзіміраўна, як з’явілася “Пінская шляхта”?
— Нашай навучальнай установе як паветра было неабходна самабытнае танцавальнае аб’яднанне. За вялікую творчую працу ўзяўся энтузіяст Валерый Віктаравіч Жыльцоў. Ён пагадзіўся нават на пераезд з Гродна і стаў кіраўніком харэаграфічнага аддзялення ў Пінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. У першы склад выканаўцаў трапілі маладыя педагогі, якім хацелася зіхацець на сцэне, спяваць ды танцаваць. Вельмі хутка да іх падключыліся навучэнцы. Атрымаўся вялікі калектыў. Усе разам абралі назву — “Пінская шляхта”. У 1993-м адбылося першае выступленне ансамбля. А ўжо налета за развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць гурту прысвоілі званне “Народны”.
Тры гады таму я прыняла эстафету ў свайго настаўніка і стала кіраўніком. Сёння “Пінская шляхта” — на слыху ў жыхароў усяго Брэсцкага рэгіёна. Ведаюць нас і далёка за межамі горада і вобласці — геаграфія выступленняў вельмі шырокая. Артысты з каледжа мастацтваў заўжды зрываюць шквал апладысментаў. Як і 30 гадоў таму, ансамбль адрозніваецца высокім прафесіяналізмам: мы трымаем планку, якую паставілі заснавальнікі.
— У скарбонцы “Пінскай шляхты” больш за 50 яркіх нумароў. Як яны ствараюцца?
— У нашым рэпертуары — гарадскія бытавыя танцы, якія раскрываюць лад жыцця і характар пінчукоў, рэгіянальныя танцы Заходняга Палесся, напоўненыя арыгінальнымі ідэямі і сюжэтамі. У беларускія танцы арганічна ўплятаюцца элементы культуры іншых народаў, што абумоўлена геаграфічным становішчам Палесся і яго гісторыяй. Рэпертуар падбіраецца паводле прынцыпу “ад простага да складанага” з улікам магчымасцей выканаўцаў. Для нашых танцораў важна трымаць баланс паміж формай і зместам, мелодыяй і лексікай, музычнай і харэаграфічнай драматургіяй. Усе гэтыя кампаненты гарманічна дапаўняюць і ўзбагачаюць адзін аднаго.
Мы імкнёмся ствараць адметныя нумары і захоўваць нацыянальныя традыцыі. Удзельнікі калектыву з вялікай цікавасцю і задавальненнем вывучаюць народную спадчыну краю — танцавальны і музычны набыткі. Элементы даўніх гульняў, рытуалаў і свят адлюстраваны ў харэаграфічных фальклорна-абрадавых кампазіцыях. У рэпертуары — танцы, перанятыя ў розных кутках Брэсцкай вобласці: “Кросны” з Лунінецкага раёна, “Прасцяк” з Іванаўскага, “На расу” з Пінскага. Але візітоўкай ансамбля ўжо доўгія гады застаецца паланэз на музыку Напалеона Орды.
— Ці няма складанасці ў тым, што ўдзельнікі калектыву ўвесь час змяняюцца? Дзе знаходзіце новых артыстаў?
— Навучэнцы нашага каледжа лічаць за гонар патрапіць у ансамбль, далучыцца да вялікай сям’і танцораў. Гурт “Пінская шляхта” за многія гады выхаваў больш за 300 чалавек.
У калектыве цяпер — адны прадстаўнікі старэйшых курсаў. І трэба разумець, што поспех залежыць не толькі ад кіраўніка. Вялізны ўклад робяць усе педагогі. Увогуле, у каледж мастацтваў прыходзяць вельмі таленавітыя юнакі і дзяўчаты. Яшчэ на ўступных іспытах мы прыкмячаем, хто абавязкова будзе ў “Пінскай шляхце”.
На занятках значная ўвага надаецца лексіцы народнага танца, пластыцы, тэхніцы, мастацка-вобразнаму рашэнню кожнага твора. Жывое музычнае суправаджэнне ад інструментальнага калектыву дорыць нумарам непаўторны каларыт. Выкарыстанне апрацовак і арыгінальнай песеннай, танцавальнай музыкі Палесся прывівае ўдзельнікам гурта і гледачам павагу да беларускай нацыянальнай культуры. “Пінская шляхта” выступае пад акампанемент народнага ансамбля народнай музыкі “Налэнч” (кіраўнік Раман Банцэвіч).
За апошнія гады публіка ўбачыла польку “Па-шляхецку”, танцы “Джыгунец” і “Жарты забубёныя”, харэаграфічную мініяцюру “Местачковыя заляцанкі”.
— Як вы лічыце, за што людзі палюбілі ваш калектыў?
— Глядач любіць “Пінскую шляхту” за індывідуальнасць. Жывая крыніца фальклору надае сілы і натхняе на творчыя пошукі. Кожнае наша з’яўленне на сцэне — гэта сапраўднае свята, якое пакідае незабыўныя ўражанні. Змена кампазіцый, тэмпу, прыгожыя касцюмы выклікаюць толькі станоўчыя эмоцыі, дапамагаюць удзельнікам ансамбля данесці да публікі думкі і пачуцці ў харэаграфічных вобразах. Менавіта таму ўсе выступленні праходзяць паспяхова, пра што сведчаць водгукі гледачоў, арганізатараў мерапрыемстваў і журналістаў.
Ганна САКАЛОВА
Фота з архіва калектыву