Палымяная сіла творчасці

Апублiкавана: 09 лiпеня 2024 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

На беларускай эстрадзе няшмат яркіх жаночых калектываў. Пакуль што. Два гады таму ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў быў заснаваны квартэт Girls on Fire, які аб’яднаў чатырох амбіцыйных дзяўчат з моцнымі галасамі. Ансамбль ужо дабіўся перамог у рэспубліканскіх конкурсах і прызнання слухачоў, а летась здабыў прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Як дамагчыся сугучча, распавядаюць кіраўнік калектыву Ірына Кулагіна і яе падапечныя.

Пункт адліку для Girls on Fire — 2022 год, калі першакурсніцы прыйшлі на ўводныя заняткі па класе вакальнага ансамбля і пазнаёміліся з будучым настаўнікам. Пасля ўтварыўся дуэт Лізаветы Дашчынскай і Веранікі Высоцкай, а яшчэ праз некаторы час да іх далучыліся Стафанія Сакалова і Даніэла Цеплякова. 

Квартэт Girls on Fire

Квартэт Girls on Fire

— Для мяне гэта стала выклікам, — адзначае выкладчыца Ірына Кулагіна. — У Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў шчырую ўжо чацвёрты год, і менавіта тут мне ўдалося заснаваць свой першы ансамбль. Гэта дзіўная магчымасць — працаваць адразу з некалькімі галасамі і такім чынам рэалізоўваць задумы. Ва ўніверсітэцкія гады я таксама была часткай падобнага музычнага гурта. Заўжды марыла аказацца на месцы педагога і пазаймацца з вакалістамі. Як бачыце, усё атрымалася! 

ПАКАЗАЦЬ МАКСІМУМ 

Хоць у квартэта “гарачая” назва, яго рэпертуар можа здзівіць любога слухача: з аднаго боку, гэта апрацоўкі беларускіх народных песень, якія спецыяльна для артыстак рыхтуе іх кіраўнік, з іншага — музыка з заходняй манерай выканання. 

Ірына Кулагіна адразу разгледзела ў вучаніцах моцных вакалістак з вялікімі перспектывамі, што паслужыла нагодай для ўдзелу дзяўчат у творчых спаборніцтвах розных узроўняў. Першым быў беларуска-кітайскі міжнародны фестываль “Адзін пояс — адзін шлях”, на якім спявачкі занялі прызавое месца. Самы буйны і значны праект у 2023-м — XII Рэспубліканскі радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Квартэт стаў лаўрэатам І ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал. Ансамблі”. А сёлета атрымаў дыплом II ступені на Grodno Young Jazz. 

Ірына Кулагіна

Ірына Кулагіна

— Да трох этапаў “Маладых талентаў Беларусі” рыхтаваліся доўга і ўпарта. Было шмат рэпетыцый: у каледжы разам з педагогамі і за яго межамі, — каментуе салістка Лізавета Дашчынская. — На сцэне належыць паказаць максімум, а гэта патрабуе штодзённага ўдасканалення навыкаў. У намінацыі было дзевяць ансамбляў, але мы вылучыліся дзякуючы апрацоўцы італьянскай песні ад Ірыны Алегаўны. Выканалі кампазіцыю на беларускай і англійскай мовах, тым самым і пакарылі журы. Звычайна, калі хтосьці бачыць квартэт, адразу ацэньвае нашу знешнасць. Як толькі мы пачынаем спяваць, усе прыслухоўваюцца ўжо да галасоў. У выніку ў людзей вымалёўваецца гарманічная карцінка: і прыгожыя, і таленавітыя. 

АБ’ЯДНАЦЬ ЯРКІЯ ТЭМБРЫ 

Вакалісткі пастаянна ўдзельнічаюць і ва ўнутраных праектах каледжа. Некаторыя з іх былі прысвечаны Анатолю Ярмоленку, Эдуарду Ханку — на гэтых імпрэзах выканаўцы атрымалі бясцэнны вопыт, дакрануўшыся да рэпертуару мэтраў нашай эстрады. А ў мінулую пятніцу тры дзяўчыны з калектыву далучыліся да гала-канцэрта “Міншчына — сэрца Беларусі” ў Палацы Рэспублікі. Мерапрыемства прайшло ў рамках фестывалю “Беларусь — мая песня”. 

— Зразумела, мы выконваем навучальныя задачы, але і не забываем паказаць сябе на гарадскіх пляцоўках. Я заўсёды абапіраюся на зваротную сувязь ад падапечных, бо гэта іх вялікая праца. Трэба, каб артысткі гарэлі агульнай справай, — распавядае кіраўнік ансамбля Ірына Кулагіна. — Адна з асноўных мэт — злучыць яркія тэмбры, знайсці для кожнага сваё месца ў кампазіцыі. Таму штотыдзень мы займаемся па тры гадзіны ў класе і дадаткова сустракаемся ў вольны час. 

ЧУЦЬ НЕ ТОЛЬКІ СЯБЕ 

Салісткі Girls on Fire — яркія творчыя асобы. Вераніка Высоцкая ў 2022 годзе ўдастоілася гран-пры рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, Даніэла Цеплякова заваявала гранпры фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” ў 2023-м. А сёлета абедзве дзяўчыны прадставяць Мінскую вобласць на XXIII Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. Нягледзячы на асабістыя дасягненні, кожны выканаўца працуе над паўнавартасным сумесным гучаннем: 

— У каледж мы паступалі ў першую чаргу як сольныя артысткі. Таму ў прыярытэце — самаразвіццё. Яно дабратворна ўплывае на агульны вынік. У ансамблі выдатна высвечваюцца моцныя і слабыя бакі ўсіх удзельніц. Мы дапаўняем і падтрымліваем адна адну. Мэта кожнай — чуць не толькі сябе. На сцэну ж выходзім учатырох і дэманструем камандныя дасягненні, — заўважае Даніэла Цеплякова. 

А ШТО ДАЛЕЙ? 

Наступным этапам для артыстак будзе дзяржаўны экзамен. Спецыяльна да іспытаў дзяўчаты рыхтуюць дзве кампазіцыі: баладу і энергічную песню. Харэограф дапамагае вакалісткам прыўнесці ў нумар новыя фарбы. Пластыка мусіць стварыць ваў-эфект. 

“Прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — заахвочванне, якое абавязвае захоўваць высокі ўзровень. З кожным выхадам на сцэну мы будзем даказваць, што заслужана атрымалі такую ўзнагароду ад дзяржавы”. Квартэт Girls on Fire

Па заканчэнні каледжа ўдзельніцы квартэта плануюць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, таму працаваць над праектам Girls on Fire думаюць у іншым фармаце. 

— Пасля выпуску не хацелася б губляць усё, над чым так шчыравалі. У рамках ансамбля мы развіваемся ў атмасферы творчасці і адзінства, — дзеліцца меркаваннем Вераніка Высоцкая. — Два гады таму мы рызыкнулі і заснавалі агульны калектыў, у якім навучыліся ва ўсіх сэнсах чуць адна адну. Цяпер дабіліся паўнавартаснага гучання і зробім усё магчымае, каб не страціць супольную працу. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з асабістых архіваў