Балада пра каханне

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы распачалі праект “Векапомнае праз кінакадр”. Ён, падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея — і айчыннымі знаўцамі, расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

Лёс чалавека — тэма, якая працягвае цікавіць майстроў экраннага жанру ў 1960-я. У ваенных карцінах гэтага часу на першы план пасля адлюстравання подзвігу Чырвонай арміі і партызан выходзіць псіхалагічны аналіз паводзін асобы ў надзвычайных умовах. Рэжысёры звяртаюцца да вечных філасофскіх пытанняў. Ліхалецце ж становіцца толькі пейзажам, на фоне якога разгортваюцца гісторыі, што адгукаюцца ў гледача пры любых акалічнасцях мастацкага твора, але асабліва ярка высвечваюцца пры пастаяннай барацьбе зажыццё.

Адзін з адметных фільмаў гэтага перыяду — “Альпійская балада”, знятая рэжысёрам Барысам Сцяпанавым паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Рамантычная лінія і бязмежная любоў аўтараў да чалавека, якая прасочваецца ў вобразах галоўных герояў, — тое, што вылучае карціну сярод іншых кінаразважанняў на тэму вайны.

Падзеі стужкі адбываюцца ў Альпах, дзе з лагера збягаюць савецкі салдат Іван ды італьянка Джулія. Іван плануе прабірацца на ўсход, дзяўчыну ж адсылае ў бок італьянскага горада Трыест, але тая не хоча заставацца адна і ідзе за мужчынам. Разам яны праводзяць у Альпах некалькі дзён і начэй, ратуючыся ад пераследу, пакуль немцы не наганяюць уцекачоў.

Цікава, што “Альпійская балада” магла не стаць беларускай класікай, а папоўніць італьянскія залатыя фонды. У 1965 годзе рэжысёр Джузэпэ дэ Санціс звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфічнай галіны СССР— хацеў набыць правы на пастаноўку фільма. Творцу адмовілі, а сцэнарый даверылі Барысу Сцяпанаву, хоць у Рыме ўжо прайшоў кастынг на галоўныя ролі. Тым не менш замежная публіка ўбачыла карціну. Стужку неаднаразова прывозілі на міжнародныя фестывалі, і яна была ўдастоена некалькіх прызоў — “За найлепшае выкананне жаночай ролі” і “За выдатную аператарскую работу” ў Вільні і “За найлепшы фільм” у Дэлі. У 2003-м “Альпійская балада” ўдзельнічала ў рэтраспектыўным паказе на кінафоруме ў Канах.

Асноўную частку фільма здымалі ў Карачаева-Чаркесіі, у горадзе Тэберда, першыя эпізоды — у Калінінградзе. Іменна ў тых мясцінах рэжысёр Барыс Сцяпанаў знайшоў руіны завода і віды “італьянскай вёскі”. Асаблівай павагі заслугоўвае аператарская работа Анатоля Заблоцкага. Гэта сапраўдны шэдэўр. Горы, калі Джулія ўзносіць малітвы, нагадваюць двух нерухомых анёлаў, якія маўкліва назіраюць, не ў сілах што-небудзь змяніць. Дапаўняюць стужку працы кампазітара Уладзіміра Чараднічэнкі. Ён нібы ўзяў за аснову гукі наваколля: выццё сірэны нямецкага лагера, шум вадаспада, калючыя парывы ветру… Уся музыка пакрысе зліваецца з прыродай. Нават самі акцёры ствараюць мелодыі: напрыклад, першыя фразы Джуліі, калі яна толькі з’яўляецца на экране, падобныя да курлыкання перапёлкі, а звонкі смех — да журчання жывой крыніцы.

Галоўныя ролі ўвасоблены дэбютанткай Любоўю Румянцавай і Станіславам Любшыным, якому ўжо даводзілася працаваць над складаным быкаўскім Лазняком у карціне “Трэцяя ракета”. Знаўцы ўспрынялі вобраз Івана з гарачай любоўю, убачыўшы не паказнога героя, а чалавека моцнай волі і прынцыпаў.

 Што датычыцца першай вялікай ролі Любові Румянцавай, крытыка паставілася да гэтай работы прыхільна, назваўшы Джулію ў выкананні маладой артысткі лёгкай, жаноцкай, але ў той жа час мужнай і шчырай. “...Увасобленае жыццё, вясёлая, шалапутная, чароўная, пяшчотная ў каханні, яна захавала сваю першапачатковую сутнасць у нечалавечых умовах”, — так апісваў персанажа Румянцавай рэжысёр Уладзімір Арлоў. І праўда, актрыса здолела натуральна перадаць вобраз тэмпераментнай італьянкі: у гераіні быццам вечна бурліць ручаёк жыцця, які не сціхае нават у моманты блізкай небяспекі, прымушаючы дзяўчыну выкрыкваць абразы ў твар фашыстам на фоне аўтаматных чэргаў.

“Альпійская балада” адрозніваецца ад большасці стужак пра Вялікую Айчынную, бо апявае не подзвіг народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а чалавечае жыццё, любоў і веру ў шчаслівую будучыню. Каханне, народжанае ў цяжкіх умовах, дае галоўным героям сэнс змагацца і клапаціцца адно аб адным. Пачуцці Івана і Джуліі расцвітаюць — і пакрысе змяняецца пейзаж: прырода цяплее, лагаднее. Імгненні спакойнай радасці нібыта афарбоўваюць чорна-белую плёнку. Нават грозныя горныя схілы, што ўтойваюць небяспеку, быццам засынаюць, дазваляючы і персанажам, і гледачам атрымаць асалоду ад крохкіх радасных момантаў.

Карціна не губляе актуальнасці і сёння. Галоўныя каштоўнасці — чалавечае жыццё і шчасце — фільм праносіць скрозь час, каб паказаць новым пакаленням, якое разбурэнне можа прынесці вайна ў душу. “Альпійская балада” — гэта яшчэ і гісторыя пра моц кахання ды веры, што даюць сілы звярнуць любыя горы дзеля спакою блізкіх. Гэта напамін: чалавек павінен быць шчаслівы.

Яўге­нія ГА­БЕЦ

Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно