Геаграфічная аддаленасць для музейшчыкаў не праблема. Навесці масты між рэгіёнамі дапамагло сеціва. Вынікі даследаванняў прэзентуюць анлайн — на сайце “Музеі Беларусі” і на старонках у сацыяльных сетках. Але ж спецыялісты не адмаўляюцца ад жывога дыялогу: завітваюць адно да аднаго на краязнаўчыя чытанні, наведваюць памятныя месцы. Акрамя таго, спадзяюцца на працяг віртуальнага супрацоўніцтва ў афлайн-фармаце праз абменныя і сумесныя выставы. Пакуль жа з каштоўнымі музейнымі прадметамі жыхары раёнаў могуць пазнаёміцца ў інтэрнэце.
Праз фотаздымкі, перыядычныя выданні, дакументы, прадметы побыту, узнагароды і іншыя каштоўнасці аўтары раскрываюць найбольш значныя падзеі і з’явы мінулага. Нямала ўвагі надаюць палымянай эпосе. Інтэрнэт-карыстальнікі могуць даведацца пра тых, хто аказваў супраціў нацыстам і вызваляў край ад акупантаў. Часам паўстаюць сапраўды ўнікальныя факты. Прыкладам, адна з публікацый прысвечана даволі незвычайнай з’яве — акопнай творчасці. Нярэдка падчас раскопак на месцы баявых дзеянняў знаходзяць артэфакты, што адлюстроўваюць побыт вогненных гадоў. Гэта розныя ўтылітарныя прадметы, вырабленыя байцамі з падручных матэрыялаў у рэдкія хвіліны адпачынку.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праект пашырыўся. У яго рамках выходзіць серыя публікацый “Чалавек і подзвіг. Героі”. Раз на тыдзень музейшчыкі расказваюць пра аднаго з ураджэнцаў свайго раёна, што зрабілі вялікі ўнёсак у перамогу над ворагам.
Партызанская барацьба ў гады вайны — яшчэ адна агульная старонка гісторыі Быхаўшчыны і Івацэвіччыны. У гэтых краях разгарнулася магутнае народнае супраціўленне акупантам. Памяць пра народных мсціўцаў рупліва зберагаюць і сёння.
Івацэвіцкі край з 1943 года стаў сэрцам Брэсцкага партызанскага злучэння. Але яшчэ з першых дзён вайны на гэтай зямлі пачалі ўтварацца групы, з якіх пазней выраслі атрады і брыгады. Яны праводзілі рэйдавыя аперацыі па нямецкіх гарнізонах, а пазней удзельнічалі ў рэйкавай вайне.
Як расказвае загадчык мемарыяльнага комплексу “Хаваншчына” Сяргей Мачалаў, гісторыя народнага змагання поўніцца слаўнымі падзеямі. Адна з іх адбылася 2 жніўня 1942 года. Некалькі партызанскіх атрадаў штурмам узялі горад Косава. Яны выбілі захопнікаў і паўтара месяца трымалі населены пункт пад сваім кантролем.
Патрыётам удалося выратаваць ад пакут і смерці многіх мясцовых жыхароў. У той час нацысты рыхтавалі чарговую акцыю па зачыстцы гета. У выніку ж вызвалення каля 200 яўрэяў перайшлі ў партызанскія атрады. Акрамя таго, атрад імя Шчорса паспрыяў выратаванню вязняў і са Слонімскага гета.
Аднак да верасня 1942 года ў Цэнтральным штабе нават не ўяўлялі, што адбывалася на Брэстчыне. Толькі ў пачатку восені ў гэты край закінулі адмысловую групу з радыстамі, якія перадалі на вялікую зямлю: супраціўленне дзейнічае. Крыху пазней, у сакавіку 1943-га, сюды прыбыла група на чале з палкоўнікам Сяргеем Сікорскім. На базе атрада імя Шчорса яна арганізавала штаб партызанскага злучэння. Месцам дыслакацыі абралі ўрочышча Хаваншчына, а менавіта выспу сярод балот у глыбіні лесу.
Пасля Перамогі былыя партызаны штогод у апошнюю нядзелю мая збіраліся ў гэтым месцы. А ў 1971-м паўстаў мемарыяльны комплекс. Ён і сёння прыцягвае нямала наведвальнікаў. Кожны год сюды завітваюць каля 9 тысяч чалавек. На ўваходзе размешчаны памятны знак, ад якога да вострава вядзе масток над вадой. У мемарыяльным комплексе адноўлены дзве зямлянкі і чатыры дамкі: штаб, рэдакцыя абласной газеты “Зара”, абкам камсамола, санчасць і лясная школа.
Традыцыйным стала правядзенне напрыканцы мая фестывалю “Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада” ў мемарыяльным комплексе “Хаваншчына”. Гасцям паказваюць ваеннагістарычныя рэканструкцыі, прапануюць разнастайныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Лясы на паўднёвым захадзе ад Быхава ў гады вайны сталі прыстанкам для партызан і мірнага насельніцтва. У гушчары між вёскамі Барсукі і Навастройка размясціўся лагер.
Увесну 1943 года туды перадыслацыравалася 11-я Быхаўская партызанская брыгада, падпольныя райкамы партыі і камсамола. У тым бары выйшаў у свет першы рукапісны нумар газеты “Партызан Быхаўшчыны”. Адметна, што пад абаронай народных мсціўцаў былі больш за 12 тысяч мірных грамадзян. Пры лагеры працавалі лазня, швейная майстэрня, хлебапякарня і шпіталь.
У чэрвені 1972-га ў знакавым месцы адкрыўся мемарыял. А некалькі гадоў таму яго абнавілі. Да рэканструкцыі прычыніліся мясцовыя жыхары: кіраўніцтва раёна і працоўныя калектывы ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні. Акрамя зямлянак, у комплексе з’явілася пешаходная сцежка, уздоўж якой усталяваны інфармацыйныя шыльды аб гісторыі партызанскага руху, героях-земляках.
Не заціхла ў вяках слава асобага рэйдавага палка “Трынаццаць” пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Сяргея Грышына. Гэтае падраздзяленне прыносіла такі ўрон захопнікам, што тыя кідалі на знішчэнне партызан велізарныя сілы. Не раз грышынцаў абкружалі. Самыя няпростыя выпрабаванні чакалі іх на Быхаўшчыне, дзе полк дзейнічаў каля 13 дзён. Барацьбіты трапілі ў блакаду ў Боўкінскім лесе за 15 кіламетраў ад фронту. Нацысты нават выкарыстоўвалі авіяцыю і танкі, аднак савецкае падраздзяленне вытрывала. А выбрацца з абкружэння абаронцам дапамаглі мясцовыя падлеткі.
Як падкрэслівае дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян, многія партызаны пасля вызвалення краю далучыліся да Чырвонай Арміі і працягнулі служэнне Радзіме. Некаторыя дайшлі да Кёнігсберга і да Берліна.
Фота з архіваў устаноў