Цёплая пара ў разгары, аднак “Балетнае лета ў Вялікім” ужо завяршылася.Дзясяты, юбілейны фестываль праляцеў імгненна, хаця ўключаў 10 спектакляў розных фарматаў і дзве праграмы з мноствам удзельнікаў ды нумароў.
Сцэна з балета "598 тактаў"
Спектаклі не падлічвалі наўмысна, каб зраўняць іх небывалую колькасць з нумарам фестывалю. Супадзенне ўзнікла выпадкова — за кошт аднаактовак. Балетных жа вечароў па традыцыі было сем. Ды справа не ў колькасці, а ў мастацкіх якасцях. Іх, дарэчы, забяспечваў сёлетні фестывальны дэвіз — “Прысвячэнне легендам”, што азначаў зварот да чатырох важных імёнаў сусветнай харэаграфіі: Пеціпа, Якабсон, Эйфман, Елізар’еў. Насамрэч дадалося яшчэ пятае — Джордж Баланчын, бо менавіта яму прысвяцілі спектакль “Мусагет”, якім адкрыўся творчы форум.
Гэтая назва перакладаецца як “правадыр муз” і ў поўнай меры адносіцца да ўсіх згаданых легендаў, у тым ліку да самога Эйфмана, аўтара балета.
Яго тэатр неаднаразова наведваў Беларусь, спектаклі майстра былі і ў фестывальнай афішы. Цяпер да нас упершыню прыехала Акадэмія танца Барыса Эйфмана — па сутнасці, харэаграфічны каледж, дзе навучаюць не толькі класіцы, але і найперш сучасным тэхнікам, прычым на прыкладзе пастановак мэтра. Гэта выдатная магчымасць забяспечыць і пераемнасць пакаленняў, і доўгае жыццё спектакляў знакамітага харэографа.
“Мусагет” пабудаваны як успамін старога ў інвалідным вазку. Гэта не біяграфія Баланчына, а абагульненае ўяўленне пра адданага балету чалавека і яго творчасць, у якой такія ж абагульненыя факты перададзены перадусім праз эмацыйнае ўспрыманне, выкладзенае на балетнай мове. Музыка Баха з яе бясконцымі, непарыўнымі лініямі меладычнага развіцця выдатна адлюстроўвала тую ж непарыўнасць бясконца прыгожай пластыкі і тыя ж глыбока сімвалічныя сувязі зямнога і нябеснага, што ў выніку прыводзяць да народнага прызнання пад музыку з фіналу Чацвёртай сімфоніі Чайкоўскага, дзе скарыстана мелодыя “Во поле берёза стояла”.
Аляксандра Каршунова, нумар "Качуча" Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Л.Якабсона
“Іерусалім” — уваходжанне ў розныя культурныя пласты горада трох рэлігій. Ён мае багатую гісторыю і паўстаў як месца кантрастаў, спалучыўшы яўрэйскі фальклор, духоўныя песнапенні і сучасную дыскатэку. У адпаведнасці з заяўленай тэматыкай у харэаграфіі пераасэнсоўвалася размаітая полістылістычная пластыка, што мае пазнавальны эйфманаўскі почырк. А сцэнаграфія Вячаслава Окунева, які многа супрацоўнічае з нашым тэатрам, зрабіла спектакль больш шматзначным.
Наступныя два вечары былі аддадзены яшчэ аднаму калектыву з таго ж СанктПецярбурга — Тэатру балета імя Леаніда Якабсона. Вядома, панавала менавіта яго харэаграфія, што падарыла калектыву адметнасць. Дзве сучасныя пастаноўкі Вячаслава Самадурава шмат у чым успрымаліся як працяг найлепшых якабсонаўскіх традыцый, асабліва ў кідкіх партрэтных замалёўках. Паслядоўны пераход ад філасофскага зместу “598 тактаў” (у творы супрацьпастаўляліся штодзённасць побыту і вечнасць душы) да “Гарэзлівых прыпевак”, прысвечаных не столькі фолку, колькі завадному рускаму характару, пралягаў праз якабсонаўскі цыкл мініяцюр “Радэн”. Ён пабудаваны як завершаны аднаактовы спектакль. Скульптуры французскага майстра, аднаго з заснавальнікаў сучаснага мастацтва, быццам ажывалі на вачах публікі і зноў ператвараліся ў застылыя выявы. Міжволі прыгадаўся аднайменны балет Эйфмана, прысвечаны Радэну. У цэнтры гэтай работы — сам працэс творчасці. А тут былі прадстаўлены падгледжаныя мастаком сцэны з жыцця яго герояў.
Другая вечарына Якабсона ўключала аддзяленне яго найлепшых мініяцюр: быў і “Лебедзь”, адрозны ад знакамітага нумара Фокіна, і кранальна рамантычны “Палёт Тальёні” (з дапамогай амаль нябачных мужчын у чорным артысткі папраўдзе лёталі праз усю сцэну). Другое аддзяленне змяшчала дзве аднаактоўкі: яркі па сцэнічных характарах “Вясельны картэж” і класічны “Бліскучы дывертысмент”, які даў назву ўсёй імпрэзе.
Найбольш уразіла тое, што нумары, пастаўленыя дзесяцігоддзі таму, не толькі не рассыпаюцца, але і ўвасабляюцца нават лепш, чым пры жыцці майстра. Сапраўды, тэхніка балетнага мастацтва развіваецца, цяперашнія артысты больш падрыхтаваныя. Але галоўнае — сярод педагогаў-рэпетытараў калектыву ёсць чатыры асобныя захавальнікі спадчыны Якабсона (пасада так і называецца). Можа, і нам пераняць гэтае ноу-хау? Асабліва пасля адыходу Валянціна Елізар’ева з Вялікага.
Ва ўсіх балетах нашага тэатра, уключаных у фестывальную праграму, побач з беларускімі артыстамі танцавалі запрошаныя. Кожны з іх дадаваў новыя рысы ў спектаклі, якія публіка бачыла неаднаразова, напрыклад у “Лебядзінае возера”. А перад “Ілюзіямі кахання” і “Баядэркай” адбыліся лекцыі расійскага балетазнаўца, крытыка, эксперта па сучасным танцы Лейлы Гучмазавай.
Вядома, калі ўдзельнічаюць запрошаныя салісты, спектакль глядзіш іначай, не так, як на першым паказе, бо сочыш перадусім за імі. Цэнтральную партыю ў “Ілюзіях кахання”, што былі прэм’ерай цяперашняга сезона, а цяпер ішлі акурат у дзень народзінаў пастаноўшчыка Ігара Колба — галоўнага балетмайстра нашага Вялікага, выканала Аксана Скорык з Марыінскага тэатра. І раптам стала відавочна, наколькі ў гэтым балеце не хапае ўласна танца! На працягу спектакля можна было напоўніцу ацаніць вытанчаную постаць, выдатныя харэаграфічныя дадзеныя зоркі. А каб спасцігнуць яе сапраўднае майстэрства, патрабавалася “Баядэрка”, дзе Аксана Скорык увасобіла Нікію.
Неакласічную харэаграфію Колба можна было ўбачыць у Рамансе Свірыдава падчас гала-канцэрта. Дуэт Людмілы Хітровай і Канстанціна Белахвосціка вылучаўся кранальнай лірыкай і адметнай працай з тканінай: спадніца гераіні ператваралася ў покрыва для абодвух.
Адразу тры пары нашых салістаў выконвалі па-дэ-дэ з елізар’еўскага “Шчаўкунка” — спачатку разам, далей па чарзе і зноў усе разам. Фінальная ж Полька І. Штрауса дала магчымасць прадэманстраваць свае ўлюбёныя найбольш складаныя рухі кожнаму з артыстаў, уключаючы прадстаўнікоў Башкартастана і Узбекістана.
Своеасаблівым працягам фестывальнай праграмы быў спектакль “Руслан і Людміла” з Варонежа, што здзівіў багаццем сцэнічных строяў. А наперадзе — шасцідзённыя ліпеньскія гастролі Марыйскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Эрыка Сапаева і прэм’ера доўгачаканай “Папялушкі” ў пастаноўцы Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра