Да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстава “Адзінай памяці верныя”.
Часовая экспазіцыя раскрывае асноўныя этапы векапомнага перыяду, калі дзякуючы сумесным намаганням Чырвонай арміі ды партызан Беларусь пазбавілася гітлераўскага прыгнёту. Гэтая значная старонка ў мінуўшчыне нашай дзяржавы стала апафеозам трохгадовай барацьбы з акупантамі. Выстава — даніна павагі ветэранам ды ваеннаму пакаленню ўвогуле, але перадусім праект арыентуецца на моладзь, нашчадкаў пераможцаў, заклікае берагчы памяць аб палеглых, ганарыцца гісторыяй краіны і яднацца для захавання міру.
Экспазіцыя ахоплівае вызваленне Беларусі цалкам — з 23 верасня 1943-га па 28 ліпеня 1944-га. Першы раздзел, адкрыты яшчэ летась у пачатку восені, прысвечаны дзеянням савецкіх воінаў у баях за ўсходнія раёны Палескай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей з верасня да лістапада 1943 года. Тады 360-ы стралковы полк пад камандаваннем падпалкоўніка Мікалая Сташака фарсіраваў Дняпро і вярнуў свабоду першаму раённаму цэнтру Беларусі — Камарыну.
Лодка, якая выкарыстоўвалася пры фарсіраванні Дняпра
У 1943-м да вызвалення нашай краіны прыкладалі намаганні як байцы Чырвонай арміі, так і падпольшчыкі ды партызаны. Удзельнікі гомельскага падполля перадавалі за лінію фронту звесткі аб месцах канцэнтрацыі нямецкіх эшалонаў, куды затым наносіла ўдары савецкая авіяцыя. Партызаны Палескага злучэння паралізавалі рух на дарогах Гомельшчыны, з-за чаго гітлераўцы не здолелі своечасова перакінуць да Гомеля ніводнай дывізіі. Тым не менш на подступах да горада вораг стварыў моцную лінію абароны, сабраў шмат танкаў ды артылерыі і зацята супраціўляўся. Савецкія ж войскі прасоўваліся наперад, і 26 лістапада 1943 года Гомель быў вызвалены. Разам з часцямі Чырвонай арміі першымі ўвайшлі ў абласны цэнтр партызаны брыгады “Бальшавік”.
Другі раздзел выставы прысвечаны ўзаемадзеянню народных мсціўцаў з Чырвонай арміяй у баях за Беларусь. Ён расказвае, як 65-я армія 1-га Беларускага фронту выратавала мірных грамадзян — вязняў Азарыцкіх лагераў у сакавіку 1944-га, як партызаны змагаліся з карнікамі ўвесну і ўлетку 1944-га, вызвалялі населеныя пункты самастойна альбо дапамагалі часцям Чырвонай арміі. Цягам савецкага наступу фарміраванні народных мсціўцаў узмацнілі ўдары па тылах гітлераўцаў, актывізавалі дыверсійную дзейнасць на камунікацыях, утрымлівалі партызанскія зоны, абаранялі насельніцтва ад знішчэння і вывазу ў Германію.
У студзені — чэрвені 1944 года партызаны правялі звыш 3700 баявых аперацый. Рух супраціву дасягнуў найвышэйшага развіцця і набыў стратэгічнае значэнне. Падчас распрацоўкі аперацыі “Баграціён” улічвалася магчымасць выкарыстання 143 тысяч партызан і 60 тысяч падпольшчыкаў, якія дзейнічалі ў тыле ворага. Напярэдадні наступу Чырвонай арміі ў рамках трэцяга этапу аперацыі “Рэйкавая вайна” было знішчана 40 тысяч рэек. Народныя мсціўцы захоплівалі пераправы, плацдармы, апорныя пункты і вузлы абароны праціўніка, адразалі яму шляхі адступлення. Пасля вызвалення краіны 180 тысяч партызан папоўніла Чырвоную армію і працягнула барацьбу з гітлераўцамі на фронце.
Асобная трагічная старонка — гісторыя Азарыцкіх лагераў. Нямецкая армія стварыла іх у сакавіку 1944-га перад адступленнем з Гомельшчыны. Туды сагналі непрацаздольных жыхароў навакольных тэрыторый — жанчын, дзяцей і старых, там гвалтоўна ўтрымлівалі каля 50 тысяч чалавек, прыкладна 20 тысяч з якіх загінула. Гэта была спроба выкарыстання цывільнага насельніцтва ў якасці своеасаблівай біялагічнай зброі: фашысты справакавалі эпідэмію тыфу, якая, паводле задумы нямецкага вайсковага кіраўніцтва, мела спыніць наступ Савецкай арміі. Лагеры ля Азарычаў існавалі толькі дзевяць дзён, але былыя вязні падкрэсліваюць, што гэта самыя страшныя дні ў іх жыцці і ацалець удалося хіба цудам.
Вызвалілі лагеры пад Азарычамі 19 сакавіка 1944 года — дакладней, у той дзень туды дабраліся першыя часці Чырвонай арміі. Рэальная свабода для многіх адкрылася толькі 20—21 сакавіка, калі былі абясшкоджаны мінныя палі і стаў магчымым масавы выхад людзей. Паводле матэрыялаў Нюрнбергскага працэсу над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі, сярод вызваленых з Азарыцкіх лагераў каля 16 тысяч складалі дзеці да 13 гадоў. Даследчыкі адзначаюць, што Азарычы былі не адзінай мясцінай такога кшталту ў Беларусі. Пазней, у чэрвені 1944-га, падобныя “метады абароны” вермахт прымяняў і на ўсходнім беразе Дняпра ў Віцебскай вобласці. Там утрымлівалі каля 12 тысяч мірных жыхароў.
Трэці раздзел праекта прысвечаны выбітнай аперацыі “Баграціён”, падчас якой у чэрвені — жніўні 1944-га была разгромлена больш чым мільённая групоўка ворага і поўнасцю вызвалена беларуская зямля. Савецкі наступ распачаўся 23 чэрвеня 1944-га пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, якая дазволіла нанесці ўдары па абарончых умацаваннях праціўніка, стварыўшы магчымасці для імклівага прарыву лініі фронту. У выніку нечаканага ўдару часцям Чырвонай арміі ўдалося рэалізаваць задумы камандавання, акружыць і знішчыць галоўныя сілы нямецкай групы армій “Цэнтр”.
Часовая экспазіцыя “Адзінай памяці верныя” — сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з нашымі рэгіянальнымі музеямі і музеямі ваенна-гістарычнага профілю краін СНД. На выставе прадстаўлены фотадакументальныя матэрыялы, зброя, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў баёў за Беларусь. Экспазіцыя абсталявана сучаснымі мультымедыйнымі прыладамі — інфармацыйнымі тэрміналамі і праектарамі, што даюць доступ да тэматычных аўдыя і відэахронікі.
Як сказаў дырэктар музея Уладзімір Варапаеў, на долю Беларусі выпалі велізарныя выпрабаванні. Яна з першых дзён вайны стала арэнай жорсткіх баёў за свабоду і незалежнасць. Кожная пядзя нашай зямлі захоўвае памяць аб мужнасці і гераізме народаў СССР. Ужо летам 1941 года яны прыйшлі на дапамогу Беларусі: многія жыхары краіны, а таксама 124 буйныя прамысловыя прадпрыемствы саюзнага і рэспубліканскага значэння былі эвакуіраваны на Урал, у Заходнюю Сібір, Сярэднюю Азію і іншыя рэгіёны. Вызваленне Беларусі стала надзвычай важнай падзеяй. Яно стварыла новыя пазіцыі для імклівага руху Чырвонай арміі. За гады вайны Савецкі Саюз панёс вялізныя страты, але дзякуючы самаадданай працы нашы дзяды і прадзеды не толькі адбудавалі вёскі і гарады, але і дасягнулі адметных поспехаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы і культуры.
Антон РУДАК
Фота аўтара