Моладзь, надзея, любоў

Апублiкавана: 05 лiпеня 2024 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Прэм’ера музычнага спектакля “Трыкутнік надзеі”, увасобленага на грант Прэзідэнта ў сферы культуры, адбылася 23 мая. Рэжысёр, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Вавілаў разам са сваімі вучнямі прэзентаваў пастаноўку, прысвечаную 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

У аснове сюжэта — гісторыя пра васьмярых студэнтаў БДУКМ, якія паспяхова здалі сесію і адправіліся ў вёску на канікулы. Па дарозе яны трапляюць у Белую лаўру — Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, што на Гродзеншчыне. Там героі знаходзяць стары мяшок з трыкутнымі лістамі часоў Вялікай Айчыннай вайны. І вандроўка маладых людзей набывае зусім іншую місію: яны павінны даведацца ўсю праўду пра жахлівыя падзеі мінулага. 

РАБІЦЬ ТОЕ, ШТО ПАДКАЗВАЕ СЭРЦА 

Сцэнарыем і пастаноўкай займаўся лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Вавілаў. Паводле яго слоў, ідэя спектакля нарадзілася даўно. Зыходным пунктам стаў цікавы факт аб лістах-трыкутніках з фронту. Яны былі сімвалам таго, што салдат жывы. За чатыры гады Вялікай Айчыннай вайны савецкія паштальёны даставілі адрасатам 10,7 мільярда такіх вестачак. 

— Мы вельмі ўдзячныя Кіраўніку дзяржавы за такую мудрую палітыку. Ён падарыў магчымасць зрабіць тое, што падказвае сэрца. Мы вынеслі на суд гледача тэатральную прыпавесць пра сувязь мінулага з сучаснасцю, пра каханне і боль, пра сэнс жыцця і пошукі гэтага сэнсу, — падкрэслівае Аляксандр Вавілаў. — Я рэалізаваў задуму менавіта са сваімі студэнтамі — другакурснікамі кафедры рэжысуры факультэта мастацкай культуры. Лісты, пра якія мы расказалі, — арыгінальныя, але ў іх дапушчана паэтычная вольнасць, каб яны сталі мастацкім палатном. 

РАДАВАЦЦА ЮНЫМ ТАЛЕНТАМ 

Напрыканцы спектакля героі і самі атрымліваюць паведамленні з мінулага — настаўленні ад прадзедаў і прабабуль. Гэтыя пасланні прасякнуты любоўю да будучага пакалення, у іх закладзены простыя, але важныя ісціны: верыць, спадзявацца і любіць. Прэм’еру наведалі многія знаныя дзеячы культуры нашай краіны. Шчырымі эмоцыямі ад убачанага падзяліўся міністр культуры Анатолій Маркевіч

— Сёння дзякуючы творчасці Аляксандра Вавілава і яго студэнтаў (з імі я сустракаўся даволі часта, гэта класная каманда, што паказала сябе на самым высокім узроўні) адбыўся цудоўны вечар. Ён пагрузіў ва ўспаміны, у перажыванні за нашу зямлю, гісторыю і традыцыі нашых людзей, якія ў неймаверна складаных і страшных умовах ваеннага ліхалецця здабывалі Вялікую Перамогу. Дзякуючы ветэранам мы жывём у цудоўнай краіне, радуемся кожнаму дню, нашым дзецям і іх таленту. Наперадзе агромністая дарога, па якой мы пройдзем, высока падняўшы галаву. Беларусь — блаславёная зямля, авеяная патрыятызмам, вялікім пачуццём адданасці народа Радзіме. Дзякуй вам за спектакль, вы — малайцы! 

ПЕРШАЯ СУР’ЁЗНАЯ РОЛЯ 

Рэпетыцыі праходзілі на працягу паўгода, нават падчас заняткаў. Склад артыстаў быў сабраны са студэнтаў курса Аляксандра Вавілава, якія стануць рэжысёрамі. Для кагосьці прымераць амплуа акцёра было ў навінку, а некаторыя ўжо ігралі на сцэне раней. 

— Да паступлення ва ўніверсітэт культуры я займаўся ў тэатральных гуртках, але атрымаць такую сур’ёзную ролю — велізарны гонар. У зале прысутнічалі мае бацькі. Таму адчуваў адразу і хваляванне, і радасць. Калі мы прыйшлі на першую чытку, усе расплакаліся. На плечы легла важная місія — прадэманстраваць сувязь мінулага з сучаснасцю, гучна загаварыць аб трагедыі вайны. Рады быць чалавекам, які можа данесці цяперашняму пакаленню важнасць тых падзей. Упэўнены, што пасля выпуску змагу ствараць уласныя патрыя¬ тычныя праекты і павышаць культурны ўзровень грамадства, — дзеліцца планамі другакурснік Вадзім Пазняк

— Перад прэм’ерай паказвалі пастаноўку фокус-групе, каб у дзень ікс выдаць максімум, да якога доўга ішлі. Я іграю саму сябе, студэнтку другога курса. І гэта вельмі складана, бо на сцэне трэба быць нашмат “шырэйшай” і ярчэйшай. Галоўны ключык да поспеху — палюбіць свайго героя. Тады імавернасць, што глядач зразумее ўсе закладзеныя сэнсы, вялікая, — распавядае Ганна Пшэднік

ЗНАК ВЫСОКАГА ДАВЕРУ 

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў неаднаразова здабываў грант Прэзідэнта ў сферы культуры. Для педагогаў і іх выхаванцаў падобная падтрымка — дадатковая магчымасць рэалізоўвацца па-за вучэбнай праграмай. 

— Мы заўсёды з вялікім гонарам і адказнасцю прымаем такую дапамогу дзяржавы. Гэта не проста фінансавы складнік, а знак высокага даверу. Заўжды стараемся зрабіць усё, каб апраўдаць чаканні, — падкрэслівае рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская. — Пасля прагляду “Трыкутніка надзеі” эмоцыі вагаюцца ад слёз, выкліканых спектаклем, да радасці за нашых студэнтаў. Тэма іх пастаноўкі цяжкая, але аўтары адштурхоўваліся ад галоўнай канцэпцыі. Ёсць тры куты: вера, надзея і любоў — менавіта за гэта ваявалі нашы продкі. 

ДАСТУКАЦЦА ДА ГЛЕДАЧОЎ 

У спектаклі таксама ўдзельнічаў архірэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага. А са сцэнарыем быў азнаёмлены Беларускі экзархат, пасля чаго Аляксандр Вавілаў атрымаў блаславенне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Цяпер у планах творчай групы — паказаць пастаноўку ў Мінскай духоўнай акадэміі і Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры. 

— Дзякуючы гранту ёсць магчымасць прадставіць працу не на камерцыйнай аснове, а як мага шырэй. Нас запрасілі ў два праваслаўныя манастыры, вядуцца перамовы аб пляцоўках у Чэрвені, Барысаве, Брэсце. Наша пастаноўка мабільная, яна не патрабуе вялікай сцэны, таму арганізаваць гастролі прасцей. Галоўнае, што цікавіць мяне як рэжысёра: ці зразумее нас глядач, ці ўдасца дастукацца да яго сэрца? — разважае Аляксандр Вавілаў. 

Але для тых, хто ўжо паглядзеў прэм’еру, гэта рытарычнае пытанне.

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў герояў