Перспектывы беларускага кінематографа

Апублiкавана: 04 лiпеня 2024 Кiно Кіно Мінск Тэма

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Развіццё айчыннай кінагаліны і работу Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” абмеркавалі 30 мая падчас пасяджэння калегіі Міністэрства культуры. Галоўнае з канструктыўнай размовы — у нашым аглядзе. 

У 2021 годзе Прэзідэнт падпісаў Указ “Аб развіцці кінематаграфіі”, што стала вялікай падтрымкай для “Беларусьфільма”. Ад прадпрыемства патрабавалася стабілізаваць фінансава-гаспадарчую дзейнасць, выканаць паказчыкі бізнес-плана і стварыць якасную кінапрадукцыю для прасоўвання на знешнім і ўнутраным рынках. Як адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч, на сёння студыя дасягнула пэўных поспехаў: 

— Карціны “Беларусьфільма” 2023 года ўбачыла больш за 400 тысяч чалавек. За першыя два тыдні паказу стужкі “Час вярнуцца” яе паглядзела больш за 100 тысяч чалавек, што гаворыць пра перспектыўнасць кінапрадукцыі. За справаздачны перыяд забяспечана бясстратная работа прадпрыемства, назіраюцца вынікі пошуку і прасоўвання таленавітай моладзі. Пацвярджэнне таму — фільм “Кіношнікі”, рэжысёрам якога з’яўляецца малады спецыяліст Кірыл Халецкі. Працягваецца супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў па падрыхтоўцы адмыслоўцаў для студыі з ліку выпускнікоў. Выкананы два з чатырох ключавых паказчыкаў работы прадпрыемства: аб’ём экспарту паслуг і зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Разам з тым застаецца шэраг нявырашаных праблем: геаграфія экспарту абмяжоўваецца ў асноўным Расійскай Федэрацыяй, няма новых дагавораў аб рэалізацыі маёмасных правоў на фільмы, а фінансаванне кінапрадукцыі без перспектывы яе рэалізацыі недапушчальнае. 

ПУНКТЫ РОСТУ 

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга ў дакладзе аб рабоце Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” у 2023 годзе і першым квартале 2024-га, праблемах, перспектывах развіцця прадпрыемства паведаміла, што дзякуючы кіраўніцтву з боку міністэрства растуць фінансава-эканамічныя паказчыкі. Аднак ёсць і заўвагі: сёлета за першы квартал з чатырох ключавых паказчыкаў выкананы толькі адзін — рэнтабельнасць продажаў. 

— Невыкананне шэрага паказчыкаў вызначаецца тым, што рашэнні аб запуску ігравых фільмаў прымаліся бессістэмна, у выніку вытворчасць у пачатку або ў сярэдзіне працэсу спынялася. А пры стварэнні неігравых і анімацыйных стужак прыярытэт аддаваўся асабістаму густу рэжысёра-пастаноўшчыка і не ўлічвалася патэнцыйная запатрабаванасць у пракаце. Таму Міністэрства культуры прыняло пэўныя меры па выпраўленні сітуацыі. У прыватнасці, абноўлены Савет па развіцці кінематаграфіі, у які ўвайшлі пракатчыкі, работнікі тэлеканалаў. У функцыі савета, акрамя вызначэння тэматыкі карціны, уключаны кантроль і прыёмка ўсіх этапаў вытворчасці і канчатковага прадукту. Сёлета для буйных ігравых, змешанага, анімацыйнага праектаў распрацаваны стратэгіі прасоўвання з датамі прэм’ер і забяспечаны пашыраны расклад сеансаў. Гэтыя рашэнні паспрыялі росту фінансава-эканамічных паказчыкаў і даходаў ад вытворчасці фільмаў. У першым квартале 2024-га выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) склала 102,9 %, прыбытак ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг — 119 %, рэнтабельнасць продажаў — 7,5 % пры плане 6,4 %, але чысты прыбытак не дасягнуў планавых значэнняў і склаў усяго 66 %, — распавяла Ірына Уладзіміраўна. 

Што датычыцца паказчыкаў вытворчасці фільмаў, то за 2023—2024 гады было выпушчана 14 стужак. Сёлета кінастудыя запланавала зняць 26 карцін: дзве ігравыя, адну змешаную, тры анімацыйныя і 20 неігравых. 

СТАНОЎЧЫ ІМІДЖ 

Не менш важныя запатрабаванасць айчыннай кінапрадукцыі ў пракаце і ўмацаванне іміджу студыі. У гэтых пытаннях спрыяюць акцыі, якія па даручэнні Урада і па ўласнай ініцыятыве ладзіць Міністэрства культуры. Сярод іх — паказ найлепшых беларускіх савецкіх карцін пра вайну і фестываль “Кінавек” да 100-годдзя нацыянальнага кіно, які ўжо наведала больш за 20 тысяч гледачоў. Акрамя гэтага, для прасоўвання прадукцыі “Беларусьфільма” міністэрства распрацавала новую схему правядзення рэспубліканскіх прэм’ер, што зарэкамендавала сябе цягам паказу стужкі “Час вярнуцца”, ды план мерапрыемстваў па стварэнні станоўчага іміджу студыі. 

Цікавасць да айчыннай кінапрадукцыі ў краіне расце. Гэта пацвярджаюць лічбы, агучаныя генеральным дырэктарам прадпрыемства “Мінаблвідэапракат” Таццянай Дарашкевіч

— За чатыры месяцы 2024 года ў кінатэатрах і на відэаўстаноўках абласной сеткі дэманстравалася 186 стужак “Беларусьфільма”, у тым ліку анімацыйных — 42, неігравых — 120, ігравых — 24. Рост колькасці сеансаў з айчыннымі карцінамі склаў 274,6 %, гледачоў — 267,2 %, валавы збор ад паказу фільмаў — 216,1 %. Удзельная вага беларускай кінапрадукцыі за чатыры месяцы 2024-га склала 28,6 % ад агульнай колькасці сеансаў, 39,7 % ад колькасці абслужаных гледачоў і 11,3 % ад выручкі, атрыманай дзякуючы дэманстрацыі фільмаў. Хочацца адзначыць і новыя падыходы ў прасоўванні карцін мінулых гадоў падчас акцыі, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Магчымасць бясплатнага наведвання сеансаў з паказам стужак пра трагічныя старонкі ў гісторыі нашай краіны прыцягнула ў кіназалы шмат дзяцей і падлеткаў. З 24 лютага па 26 мая ў вобласці зладзілі 493 такія сеансы, на якіх пабывала 22 700 гледачоў. 

РАБОТА З МОЛАДДЗЮ 

У цэнтры ўвагі аказаліся і пытанні навучання кадраў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выхавання творчай моладзі ў духу патрыятызму і абнаўлення педагагічнага складу ўстановы. Рэктар БДАМ Міхаіл Баразна канстатаваў у дакладзе, што ўсе заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў, якія накіроўвае “Беларусьфільм”, акадэмія задавальняе на 100 %. Для студэнтаў праводзяць практычныя заняткі на кінастудыі, пераддыпломная і вытворчыя практыкі таксама праходзяць на прадпрыемстве. 

Па словах генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Юрыя Аляксея, кадравы склад установы за 2023 год абнавіўся практычна на чвэрць у тым ліку за кошт прыёму на працу 13 маладых спецыялістаў — выпускнікоў акадэміі. 

— На прадпрыемстве былі арганізаваны практычныя заняткі для 24 студэнтаў. У выніку вылучаны восем. Аднак сур’ёзным недахопам усё яшчэ з’яўляецца адсутнасць маладых кадраў, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі. Сфарміравана творчая група са студэнтаў БДАМ, якая ўзялася за здымкі патрыятычнага фільма “Беларусь у асобах”. Яго прэм’ера адбудзецца ў Гродне на пачатку ліпеня. Работа праводзіцца на сродкі аблвыканкамаў. Студыя “Летапіс” распрацавала 38 сінопсісаў для вытворчасці карцін аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, духоўным жыцці грамадства, сацыяльнай сферы, навакольным свеце. 14 тэм прыдумалі маладыя спецыялісты, — адзначае Юрый Аляксей. 

ГАЛОЎНАЯ МЭТА 

Перад кіраўніцтвам студыі былі пастаўлены наступныя задачы: стварэнне запатрабаваных гледачамі фільмаў, рост даходаў ад рэалізацыі правоў на паказ беларускай кінапрадукцыі ды іншых паслуг, выхад на знешнія рынкі, рашэнне кадравых пытанняў за кошт прыцягнення на працу сапраўдных прафесіяналаў і таленавітай моладзі. Шляхі ўрэгулявання закранутых праблем будуць адлюстраваны ў пратаколе пасяджэння калегіі. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры