У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання навучэнцаў і студэнтаў — пераможцаў міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі.
На думку намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі, адораная моладзь — гэта стратэгічны рэсурс для паступальнага развіцця нашай краіны. Як прыклад паспяховай кар’ернай траекторыі стыпендыятаў віцэ-прэм’ер прывёў міністра адукацыі Андрэя Іванца і народную артыстку Беларусі Анастасію Масквіну.
— За 28 гадоў існавання фондаў, створаных па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы, падтрымку аказалі больш як 44 тысячам навучэнцаў і 4 тысячам педагогаў, якія ўклалі душу і веды ў дасягненні сваіх выхаванцаў. Мы стварылі два банкі даных: таленавітай і адоранай моладзі. Толькі летась прадстаўнікі нашай краіны на рознага роду міжнародных алімпіядах і конкурсах заваявалі больш за 40 медалёў. Для нас вельмі важныя іх дасягненні, творчыя здольнасці, інтэлектуальныя дадзеныя, а таксама цэласнае фарміраванне іх як асоб. Неабходна, каб гэта былі сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія б развівалі і праслаўлялі яе, — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Лепшыя з лепшых атрымалі гранд-прэміі і нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі”. Настаўнікі і выкладчыкі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце з маладымі людзьмі, узнагароджаныя ганаровымі граматамі Міністэрства культуры.
— Нездарма мерапрыемства зладзілі ў святым месцы — Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта нагода яшчэ раз успомніць пра 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўшанаваць памяць нашых воінаў. Менавіта дзякуючы ім мы жывём у мірнай краіне і радуемся кожнаму дню, — падкрэсліў міністр культуры Анатолій Маркевіч. — У Зале Перамогі сабраліся тыя, хто праслаўляе нашу родную зямлю на сусветнай арэне. Яны жывуць творчасцю і паказваюць свету, наколькі Беларусь багатая талентамі.
Таксама міністр культуры адзначыў, што кожны здольны прадстаўнік маладога пакалення знаходзіцца ў полі зроку дзяржавы. Кіраўніцтва краіны і нашай галіны надае значную ўвагу развіццю задаткаў юнакоў і дзяўчат, іх пагружэнню ў прафесію.
Гэтае мерапрыемства стала чарговым доказам таго, што ў Беларусі асаблівае стаўленне да маладых талентаў. Заахвочванні з боку дзяржавы служаць дадатковай матывацыяй да новых перамог. І менавіта маладая творчая і навуковая эліта будзе фарміраваць будучыню нашай краіны.
Алена Кузняцова, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:
— На Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД у Таджыкістане я ўзяла срэбраны медаль. Такое дасягненне стала падставай для атрымання Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Гэта надзвычай значная ўзнагарода, да якой я доўга імкнулася. Вельмі ўдзячная за такое заахвочванне, што матывуе не спыняцца на дасягнутым. Гэта не толькі паказчык значнасці маёй працы, але і нагода рухацца далей, прыкладаць намаганні для пакарэння новых вяршынь.
Алена Кузняцова
Ігар Шувалаў, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся”:
— Гранд-прэмію нашаму калектыву прынёс дыплом І ступені на XXXIII Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Гэта вынік планамернай карпатлівай працы. Званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта адкрывае вялікія перспектывы і натхняе на далейшы рост. Такая адзнака дае маладым творцам стымул рупліва ўдасканальваць майстэрства і імкнуцца да вяршынь. Вельмі прыемна, што Міністэрства культуры адзначыла і мае асабістыя поспехі, узнагародзіўшы граматай ведамства.
Ігар Шувалаў (справа)
Любоў Глазава, магістрантка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:
— Я заваявала сярэбраны медаль Дэльфійскіх гульняў і Гран-пры ХХVIII Міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў імя Д.Б. Кабалеўскага. За гэтыя дасягненні ўдастоена высокай ацэнкі ад нашай дзяржавы. Моцна чакала гэтыя ўзнагароды. Гэта кажа аб якасці маёй дзейнасці і сведчыць пра падтрымку з боку кіраўніцтва краіны. Ушанаванне на такім узроўні — нагода задумацца, дзякуючы каму ўсе гэтыя дасягненні атрыманы, хто быў побач са мной? І хочацца падзякаваць маме, якая заўсёды верыла ў мяне, майму педагогу і навучальнай установе.