І раскалолася блакадная глыба...

Апублiкавана: 29 чэрвеня 2024 Стужка Музеі Віцебск і воблась 80 мірных гадоў

Аўтар: Аўтары

Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў прапануем згадаць знакавыя старонкі з гісторыі партызанскага руху. Як народныя мсціўцы змагаліся з ворагам і што робіцца для захавання памяці аб подзвігу сёння, расказваюць прадстаўнікі рэгіянальных музеяў.

У пачатку мая 1944-га барацьбіты Полацка-Лепельскай партызанскай зоны пераадолелі смяротнае варожае акружэнне. З моманту легендарнага прарыву блакады ўшацкімі воінамі прайшло 80 гадоў. Памяць пра тыя адначасова страшныя і гераічныя падзеі перадаецца з пакалення ў пакаленне. 

Мемарыяльны комплекс "Прарыў

Мемарыяльны комплекс "Прарыў"

З першых дзён акупацыі жыхары Ушаччыны далучаліся да народнага супраціўлення, аб’ядноўваліся ў падпольныя групы і партызанскія атрады. Пазней узніклі дзве брыгады — “Смерць фашызму” і “Дубава”. У верасні 1942 года яны вызвалілі раённы цэнтр ад ворага, і неўзабаве сфарміравалася партызанская зона, якая заняла больш за тры тысячы квадратных кіламетраў у глыбокім тыле 3-й танкавай арміі вермахта. 

ІХ ТРЫМАЛА ВЕРА 

На свабоднай зямлі працавалі школы, бальніцы, кузні, млыны, майстэрні. Народныя мсціўцы кантралявалі стратэгічна важную для нацыстаў дарогу Орша — Лепель — Параф’янава, падрывалі нямецкія цягнікі са зброяй і з асабовым складам, разбуралі лініі электраперадач. 

— Для фашыстаў партызаны былі сапраўднай назолай, — распавядае Святлана Турло, галоўны захавальнік фондаў Ушацкага музея народнай славы імя У. Е. Лабанка. — Узімку 1943 года захопнікі зладзілі пяць карных аперацый супраць Полацка-Лепельскай зоны, аднак ні адна не ўвянчалася поспехам. І тады вораг запланаваў чарговую, каб за пяць дзён знішчыць так званую партызанскую рэспубліку. Для таго сцягнулі 60 тысяч вайскоўцаў. Два палкі нават перакінулі з фронту. Вялікую частку насельніцтва меркавалі знішчыць, працаздольных жа — прымусова вывезці ў Германію, а зямлю адвесці пад вырошчванне кок-сагызу, з якога здабывалі каўчук. 

Перад партызанскім камандаваннем узнікла задача стрымаць кольца блакады. За кожны лапік зямлі стаялі насмерць. Былі нават смельчакі, што ішлі на “тыгры” з гранатамі і бутэлькамі запальнай сумесі. У ноч з 4 на 5 мая ўдалося прарваць акружэнне. Народныя мсціўцы не толькі здолелі захаваць баяздольнасць у жорсткай барацьбе, але і вывесці 15 тысяч мірных жыхароў. Удзельнікі тых падзей згадвалі: у рачулцы непадалёк замест вады цякла кроў. 

Галоўны захавальнік фондаў Ушацкага музея народнай славы імя У. Е. Лабанка Святлана Турло 

— Думаю, партызанам дапамагла вера, што справа іх — справядлівая. Народныя мсціўцы з гонарам выканалі доўг перад Радзімай і гісторыяй. І мы будзем вечна памятаць пра гэтых людзей, якія цаною ўласнага жыцця падарылі нам мірнае неба, — кажа Святлана Турло. 

ЗНАКАВАЯ МЯСЦІНА 

Подзвіг ушацкіх барацьбітоў не забыты. Там, дзе яны прарвалі блакаду, у 1974 годзе адкрылі велічны мемарыял. Ініцыятыва належала былым партызанам, у тым ліку колішняму камандзіру злучэння Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Лабанку. Дамінантай комплексу стала расколатая на дзве глыбы магутная бетонная сцяна з бронзавай фігурай партызана ў цэнтры, якая сімвалізуе прарыў варожага кольца. 

Традыцыйна ў гэтым святым месцы збіраліся баявыя сябры. Сюды завітвалі ўбачыць першы світанак дарослага жыцця выпускнікі, прыязджалі ўскласці кветкі маладыя. І сёння ў мемарыяльным комплексе шмат наведвальнікаў. Яны прыходзяць пакланіцца мужным продкам. 

У 2016-м завяршылася маштабная рэканструкцыя. Адметна, што на адкрыцці абноўленага помніка прысутнічаў адзін з яго аўтараў Юрый Градаў. Да высакароднай справы прычыніліся мільёны беларусаў: асноўнай крыніцай фінансавання паслужылі добраахвотныя ахвяраванні і заробленыя на суботніках грошы. 

ЗАХАВАЛЬНІКІ ПАМЯЦІ 

Першых наведвальнікаў Ушацкі музей народнай славы прыняў 56 гадоў таму. Тагачасныя навуковыя супрацоўнікі рупліва збіралі артэфакты ваенных дзён. У няпростай справе дапамагалі калегі з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя іншага, адмыслоўцы аднавілі партызанскую карцінную галерэю. Як вядома, у Полацка-Лепельскай зоне не перарывалася нават культурнае жыццё. Збеглыя з нямецкага палону мастакі Мікалай Абрыньба і Мікалай Гуціеў далучыліся да мсціўцаў, а ў вольны час шчыравалі над творчым летапісам змагання. 

З 1985 года Ушацкі музей народнай славы працуе ў будынку, узведзеным па адмысловым праекце. Гэты дом сам па сабе твор мастацтва: вестыбюль аздоблены манументальным роспісам Уладзіміра Крываблоцкага “У імя жыцця на зямлі”, які ўражвае глыбінёй і маштабнасцю. Наведвальнікам даступныя чатыры экспазіцыйныя залы, прысвечаныя гісторыі партызанскага руху. Зборы скарбніцы налічваюць больш за 25 тысяч прадметаў. 

Цяперашнія работнікі музея працягваюць справу папярэднікаў, не толькі папаўняюць фонды і ладзяць традыцыйныя экскурсіі, але і распрацоўваюць новыя праекты. Нядаўна ва ўстанове правялі навукова-практычную канферэнцыю. Яна аб’яднала юных даследчыкаў з усіх раёнаў, што ўваходзілі ў Полацка-Лепельскую партызанскую зону, а таксама з Расіі. Да 80-годдзя легендарнага прарыву блакады адбылася абласная патрыятычная акцыя з аўтапрабегам, тэатралізаваным пралогам, мітынгам-рэквіемам, гістарычнымі рэканструкцыямі і канцэртамі. 

Алесь ДАНІЛОВІЧ