У аграгарадку Корнадзь Свіслацкага раёна прайшло Свята рушніка. Да пачатку мерапрыемтсва ўсе прысутныя мелі магчымасць паглядзець выставу рушнікоў мясцовых майстрых Вольгі Лысевіч, Таццяны Наумік і Алены Ніканчук.
Свята пачалося з рушніковай кампазіцыі, якую прадставілі вучні Корнадская базавай школы, дзе знаходзіцца Музей рушніка, якому менавіна на днях нададзена найменне “народны”. З якім задавальненнем і пранікненнем удзельнікі кампазіцыі распавядалі пра музей, пра ўсю тую работу, якую яны праводзяць па вывучэнню мясцовых традыцый пад кіраўніцтвам Вольгі Аляксандраўны Лысевіч. Правялі віртуальную эксурсію па музеі рушніка, разказалі пра ўсе этапы стварэння рушніка: ад апрацоўкі ільну да вышыўкі прыгожага ўзора. Кожны з абрадавых рушнікоў меў свой арнамент. Прысутныя змаглі ўбачыць і даведацца пра разнавіднасці рушнікоў: “набожнік”, “хрысцінны”, “вясельны”, “пасажыны”, “каравайны”, для снапоў, “абыдзеннік”, “уціральнік”, “памінальны”. Асобнае месца было адведзена вясельнаму рушніку. На свяце ўшаноўваліся сямейныя пары, якія ў свой час ужо стаялі на рушніку. Менавіта ў гэтым годзе яны адзначылі свае юбілейныя даты: ад 25 да 55 гадоў сумеснага жыцця. Віншавалі сямейныя пары таксама на рушніку. Як у народзе кажуць : “На рушнік стаць, век адзін аднаго кахаць”.
На працягу свята добры настрой стваралі народны фальклорны гурт “Крынічанька”, народны ансамбль песні “Сузор’е”, а таксама мясцовыя атрысты. А пагуляць і патанчыць усіх запрасіла Марыя Самалевіч, кіраўнік народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы.
На працягу свята для дзяцей працавалі атракцыёны. Завяршылася свята святочнай дыскатэкай.