Яркія і неардынарныя, прыгожыя і таленавітыя — удзельнікам гэтага калектыву пасуе шмат захопленых слоў. Але яны застануцца гукамі, пакуль не пазнаёмішся з народным аматарскім аб’яднаннем “Шматгалоссе” Печынскага ГДК, не пачуеш выступленні артыстаў, не ўбачыш вырабы майстроў з народа. Дакладней, з народаў, таму што 30 чалавек прадстаўляюць 10 нацыянальнасцей.
Ураджэнцы розных куткоў свету воляю лёсу аказаліся ў Беларусі і засталіся тут жыць. Наша краіна зрабілася для іх другой Радзімай, не толькі дала прытулак і абагрэла, але і дазволіла захаваць самабытнасць. Сярод чальцоў аб’яднання, створанага ў 2002-м на Барысаўшчыне, — спевакі і паэты, музыканты і мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нацыянальных кухняў. Людзі розных прафесій і ўзросту. Самай старэйшай удзельніцы — 83 гады, самай малодшай — ідзе восьмы.
— Наш калектыў існуе, каб чалавек любой нацыянальнасці меў магчымасць дзяліцца сваімі традыцыямі, — тлумачыць арганізатар і нязменны кіраўнік “Шматгалосся” Наталля Кавалеўская. — Што рабіць, напрыклад, туркмену, які жыве ў невялікай аддаленай вёсачцы і жадае спяваць на роднай мове, іграць на народных інструментах, выконваць свае танцы? Людзі хочуць стасавацца, хочуць ствараць!
На пачатку ўдзельнікі прыглядаліся адзін да аднаго. Але неўзабаве насцярожанасць знікла: усіх згуртавала творчасць. І ўжо не было асобна армян ці яўрэяў — мы сталі адзінай сям’ёй. Ведаеце, калі сазвоньваемся, заўжды кажам: “Прывітанне нашым!” Гэта значыць, і палячцы, і ўкраінцы, і азербайджанцу: усе — нашы.
Калі прыходзяць навічкі, я абавязкова знаёмлю іх з архівам “Шматгалосся”. Расказваю пра тых, хто стаяў ля вытокаў, пра заслугі. Мы шануем памяць аб калегах, якія, на ўсеагульны смутак, ужо спачываюць на нябёсах. Адзін з такіх чальцоў калектыву — Эзіз Мамедаў, чабан з Туркменістана. Якую ж светлую душу меў гэты чалавек, якім таленавітым быў! Граў на мандаліне, выдатна спяваў. У вялізным казане гатаваў плоў — хапала на ўсіх. І як пранікліва чытаў з каларытным акцэнтам верш “Беларусь — мая песня, сястрыца мая”! Да слёз…
Пра кожнага чальца распавядаць — гадзіны не хопіць. Таму коратка — аб некаторых.
Беларуска Алена Іванова. Увасабленне жаноцкасці і пяшчоты, святла і прыгажосці. Усміхнецца — як рублём адорыць. Заспявае — нібы крыштальны ручай зажурчыць. Гэта з яе пачынаецца традыцыйны парад хлябоў “Шматгалосся”: Алена трымае багаты залацісты каравай з трапятаннем, прамаўляе з вялікай падзякай да працавітага, мірнага і мудрага беларускага народа.
Украінка Вікторыя Чарняк. Не спявачка, а... феерверк! Душа адкрытая, вялікая. На адлегласці атуляе цяплом, і ахінуцца ім — радасць. Голас чысты, звонкі. Ні мікрафон, ні музыка не патрэбныя: народ ці не бягом збіраецца на першыя ноты. Яшчэ імгненне — і ўжо шчодра апладзіруе. За Вікторыяй заўсёды — шлейф з фатографаў і тэлевізійшчыкаў.
Туркменка Алена Меледжаева. “У чалавеку ўсё павінна быць прыгожа” — гэта пра яе. Не толькі выканаўца, але і аўтар песень. Сцэнічны псеўданім — Aleana. На XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур адбылася прэзентацыя яе новага твора “Месяц”. А яшчэ Алена — намеснік дырэктара Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ і кіраўнік аб’яднання прадстаўнікоў нацыянальных культур “Альянс”. Чэхаў мае рацыю!
Армянка Кіма Шумская. Прамяністая! Выходзіць на сцэну, хвалюецца, сціпла папраўляе вышыты ўручную бліскучы пояс на нацыянальным касцюме. Чытае вершы. Слухаеш, і сэрца агортвае любоў. Так далікатна, што і не збіраўся плакаць, а вільгаць у вачах... Ківаеш у такт меладычнай гаворцы. І сумуеш. І радуешся. І раптам: я ж усё разумею, хоць ніводнага слоўца армянскага не ведаю, як так? Мастацтва! Цяпер Кіма, на жаль, не ў страі. Але па-ранейшаму клапоціцца аб родным калектыве. Перад ад’ездам калег у Гродна тэлефанавала, турбавалася, ці ўзялі з сабой сурвэтачкі, без якіх, зыходзячы з досведу, будзе нязручна. Гэткая шчырасць…
Не толькі песнямі, вершамі і танцамі вядомае “Шматгалоссе”.
— У нас таксама працуе клуб майстроў народнай творчасці і аматараў нацыянальных кухняў “З рога ўсяго многа”, — расказвае Наталля Кавалеўская. — Праводзім дні культуры розных нацыянальнасцей, вечарыны, святы, прэзентацыі кніг нашых паэтаў. Штогод ушаноўваем сваіх умельцаў. Лозапляценне і кераміка, вышыўка і мастацкае шкло, карункапляценне, інкрустацыя саломкай, вязанне на спіцах і кручком, карціны ды іншыя вырабы са скуры — сабралі сапраўдныя калекцыі, ладзім выставы.
Вопыт “Шматгалосся” каштоўны і запатрабаваны ў рэгіёнах Беларусі: на базе аб’яднання праходзяць навучальныя семінары для работнікаў культуры і спецыялістаў па справах нацыянальнасцей. Кіраўнік і ўдзельнікі прэзентуюць сваю працу ва ўстановах вышэйшай адукацыі, выступаюць з лекцыямі і дакладамі ў розных арганізацыях.
За паспяховую дзейнасць у 2005-м калектыў быў удастоены ганаровага звання “Народны”. У творчай скарбонцы — дзевяць сімвалічных кубкаў Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. І гэтым разам барысаўчане не засталіся без высокай узнагароды! “Шматгалоссе” — дыпламант абласнога фестывалю аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Свет творчасці, свет захаплення”, фестывалю “Беларусь — мая песня”. Згуртаванне мае мноства падзяк, ганаровых грамат, дыпломаў, у тым ліку ад Міністэрства культуры Беларусі, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Удзельнікі калектыву адзначаны персанальнымі ўзнагародамі. А кіраўнік Наталля Кавалеўская за асабісты ўклад у развіццё дыялогу паміж народамі, умацаванне міжнацыянальнага ўзаемаразумення ўшанавана дыпломам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO.
Сёлетні, дзясяты ўдзел “Шматгалосся” ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур прынёс багата добрых эмоцый.
— Свята ў Гродне прайшло па традыцыі вельмі цікава. Нам давялося працаваць на адным падворку з прадстаўнікамі Віцебшчыны. Рады знаёмству! Дарэчы, фестываль — унікальная магчымасць сустрэць мноства таленавітых людзей, завесці сяброў з розных куткоў краіны, прасякнуцца іх культурай, — дзеліцца ўражаннямі Наталля Кавалеўская. — Былі ў гэтым годзе і новыя разыначкі. Так, кожную дэлегацыю сустракалі пары новаспечаных мужа і жонкі. Мы падаравалі ім вясельнага саламянага павука. Згодна з беларускай традыцыяй, ён ахоўвае дом, прыносіць шчасце і забяспечвае дабрабыт сям’і. Абярэг зрабіла барысаўская майстрыха Ілона Шлома. Ад маладых мы атрымалі хлеб са збожжа Гродзеншчыны, выпечаны мясцовымі ўмельцамі. Вялікі дзякуй!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Наталлі САКАЛОЎСКАЙ