У фармаце адкрытага дыялогу

Апублiкавана: 24 чэрвеня 2024 Стужка Музыка Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Астравец, Ашмяны, Клічаў, Глуск, Маладзечна, Іўе… На карце акцыі “Разам з мастацтвам” — больш за тры дзясяткі пунктаў. Дзе ўжо пабываў творчы дэсант і куды накіроўваецца? 

Агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам” стартавала ў сакавіку. Арганізатарамі праекта, прымеркаванага да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сталі Маладзёжны тэатр эстрады і Міністэрства культуры. Першая імпрэза прайшла ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: у фае разгарнулася выстава работ на ваенную тэматыку, а на сцэне выступілі вядомыя артысты, адбылася дыялогавая пляцоўка. Арт-гурт “Беларусы”, Гюнеш, Яўген Ермалковіч, Аляксандр Сухараў, Аляксандр Варанішча не толькі выканалі кампазіцыі, але і падзяліліся ўспамінамі пра Вялікую Айчынную, якія беражліва захоўваюцца ў сем’ях спевакоў. Свае таленты таксама прадэманстравалі навучэнцы Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 

Агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам” у Іўі

Пачынаючы акцыю, арганізатары акрэслілі яе галоўныя мэты — расказаць маладому пакаленню пра ўнёсак нашага народа, дзеячаў культуры і мастацтва ў вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аддаць даніну памяці ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, нагадаць аб продках-героях. 

Пасля ўдалага старту ў сталіцы праект “Разам з мастацтвам” рушыў па краіне. Першапачаткова планавалася 33 дыялогавыя пляцоўкі. Зараз размова ідзе пра 38. Наведваючы розныя населеныя пункты і ўстановы, знакамітыя і маладыя артысты выконваюць патрыятычныя песні, распавядаюць пра родных — удзельнікаў вайны, а яшчэ з дапамогай мясцовых жыхароў вывучаюць хроніку вызвалення рэгіёнаў, у якія прыязджаюць. 

Кожны край, што прымае акцыю, урачыста перадае ўнікальны артэфакт, звязаны з ліхалеццем, у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да прыкладу, сярод апошніх такіх падарункаў — карціна “Баявая адзіначка” (аўтар — Данііл Кулеш, навучэнец Юрацішкаўскай школы мастацтваў) і кніга “Памяць. Іўеўскі раён”. Менавіта на Іўеўшчыне днямі пабываў творчы дэсант. Агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам” працягнецца да ліпеня.