Падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” прайшоў ІІІ Рэспубліканскі форум маладых спецыялістаў сферы культуры. У яго рамках адбылася сустрэча з Анатоліем Маркевічам і абарона стартапаў.
У мерапрыемстве паўдзельнічалі выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў, спецыялісты музеяў, бібліятэк і цэнтраў культуры з усіх абласцей і Мінска. Маладыя спецыялісты падзяліліся ідэямі па развіцці сферы. Праекты ацэньвала экспертная камісія на чале з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам.
Прадстаўнікі Мінскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей зрабілі ўпор на адукацыйны кірунак. Іх ініцыятывы — “Горад мастацтва”, “Дворыкі мастацтваў” і “Летні музычны інтэнсіў” — павінны папулярызаваць мастацкую творчасць і дапамагчы школьнікам вызначыцца з прафесіяй. Таксама гэтыя праекты маюць паспрыяць замацаванню маладых спецыялістаў у раённых арганізацыях культуры.
“Старонкі памяці. Жывая гісторыя” — распрацоўка з Магілёўскай вобласці — накіравана на патрыятычнае выхаванне. Маладыя настаўнікі выязджаюць з вучнямі да помнікаў, і выхаванцы даведваюцца пра мінулае Радзімы, малююць карціны, чытаюць тэматычныя вершы і ўскладаюць кветкі да мемарыялаў. Ідэя ўжо ўвасабляецца ў Магілёўскай дзіцячай школе мастацтваў № 1 імя І. Лучанка. У планах — стварэнне інтэрактыўных друкаваных карт Беларусі. На іх нанясуць гістарычныя месцы, а побач пакінуць поле для пячатак аб наведванні. Мэта дзяцей — сабраць усе адзнакі. Для інтэрнэт-карыстальнікаў падрыхтуюць анлайн-версію карты.
Моладзь Гомельшчыны з праектам “Творчасць без меж” і культработнікі Мінска з “Музыкай для кожнага” закранулі тэму інклюзіі. Аўтары ініцыятыў прапануюць ладзіць сумесныя канцэртныя праграмы навучэнцаў школ мастацтваў і людзей з інваліднасцю, каб дапамагчы апошнім раскрыць творчы патэнцыял.
“Ёсць кантакт” — задума прадстаўнікоў Мінскай вобласці, якая заключаецца ў арганізацыі вечароў адпачынку для падлеткаў Лагойшчыны: праводзяцца квізы па гісторыі краю. Маладыя спецыялісты Гродзеншчыны з праектам “Будучыня музычнай культуры” мараць прасоўваць беларускую музыку пры дапамозе сацсетак і блогінгу.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, Анатолій Маркевіч адзначыў, што падобныя сустрэчы ў рамках фестывалю “Маладзечна” сталі важнай традыцыяй.
— Я па-добраму здзіўлены такой колькасцю цікавых ініцыятыў, якія могуць быць ужыты на практыцы. Мы вырашылі, што абавязкова ўбачымся ў Міністэрстве культуры з усімі прадстаўнікамі абласцей яшчэ раз, каб дэталізаваць сітуацыю і наладзіць далейшую працу. Многае ўжо рэалізоўваецца. Апантанасць маладых спецыялістаў і іх трапяткія адносіны да справы проста зачароўваюць і абавязваюць нас пайсці па шляху ўкаранення прапаноў. У нас цудоўная моладзь. Яна з вялікай любоўю ставіцца да сферы культуры і плануе жыццё толькі на беларускай зямлі. Гэта сапраўдныя патрыёты. Тыя людзі, за якімі будучыня, — падкрэсліў міністр культуры.
Удзельнікі форуму маладых спецыялістаў таксама наведалі шматлікія фестывальныя вернісажы, канцэрты, кінапаказы, дыскатэкі, атрымаўшы магчымасць не толькі адпачыць, але і пазнаёміцца з набыткамі старэйшых калег, пераняць досвед па арганізацыі мерапрыемстваў.