Грандыёзным гала-канцэртам майстроў мастацтваў Мінска завяршыўся 19 чэрвеня заключны этап рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”. Праект быў ініцыяваны Міністэрствам культуры. Мэта — папулярызаваць творчыя дасягненні і патэнцыял рэгіёнаў нашай краіны.
Фінальны этап стартаваў 2 лютага. Вядучыя калектывы і салісты кожнай вобласці выступалі на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Беларусі — у Палацы Рэспублікі. Артысты, якія маюць важкія ўзнагароды, і зусім юныя выканаўцы прадэманстравалі найвышэйшы ўзровень майстэрства.
У праграме “Мінск. Шляхамі мар і ўспамінаў” (рэжысёр-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніна Осіпава) былі задзейнічаны найлепшыя прафесійныя, дзіцячыя, студэнцкія калектывы сталіцы, выхаванцы студый, навучэнцы школ мастацтваў — амаль паўтары тысячы чалавек. Неверагодную атмасферу стваралі Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча і канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, балет Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Дзяржаўны камерны хор, Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача ды іншыя.
Перад канцэртам разгарнулася выстава ў фае Палаца Рэспублікі, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 50-годдзю прысваення яму ганаровага звання “Горад-герой”. У экспазіцыі былі карціны і плакаты, газеты і ўлёткі, сцягі і фатаграфіі, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. Тут гучалі песні ваеннай пары, якія з задавальненнем падхоплівала публіка.
Падчас прадстаўлення госці ўбачылі багацце і шматграннасць культурнай палітры беларускай сталіцы дзякуючы пралогу “Палёт над горадам”, кампазіцыі “Брама Мінска” і віртуальнаму падарожжу па станцыях метро: “Тэатральная”, “Майстровая слабада”, “Плошча Перамогі”, “Працоўная”, “Маладзёжная”, “Парк шчаслівага дзяцінства” і “Народнага адзінства”. І няхай не ўсе яны ёсць на карце мінскай падземкі, кожная ўвасабляла вялізны пласт гісторыі горада, непарыўна звязанай з гісторыяй усяго беларускага народа.
Да слёз кранула кампазіцыя, прысвечаная станцыі “Плошча Перамогі”. Не гояцца раны на беларускай зямлі... І заплакала скрыпка. І ўсталі людзі. І замёрлі ў маўчанні. Паклонімся вялікім тым гадам...
У творчых нумарах знайшлі адлюстраванне стойкасць, самаахвярнасць, мудрасць і працавітасць нашага народа, яго ўменне аб’ядноўваць сілы ў імя агульных мэт. Таксама — удзячнасць сучаснікаў старэйшаму пакаленню, якое абараніла Радзіму ў ліхалецце і аднавіла яе з руін. Наш гонар за таленавітую моладзь, якая ўмее радавацца жыццю. Наш клопат пра дзяцей — яны павінны расці шчаслівымі. Чырвонай ніткай праз усю праграму прайшла думка: “Беларусь, зямля, блаславёная Богам, ты аб’ядноўваеш нас, як маці сваіх дзяцей, а мы любім і беражом цябе”. І гэта не проста ідэя. Так мусіць быць. Так і ёсць.