По­зірк з мір­на­га Сён­ня

Апублiкавана: 20 чэрвеня 2024 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

На тэму Вялікай Айчыннай выказалася не адно пакаленне творцаў, аднак кожная наступная генерацыя знаходзіць што сказаць пра вайну. Гэта даказвае новы выставачны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў “Зямля крывавіцца гісторыяй”, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Экспазіцыя задумвалася як прастора для пошуку адказаў на надзённыя пытанні, звязаныя з трагічнымі падзеямі, якія большасць з нас наўпрост не закранулі. Як мы, сучасныя беларусы, успрымаем тыя страшныя часы і што будзе з памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне ў будучыні? Падмуркам для дыялогу абраны дакументальныя фотаздымкі 1940-х і творы сучасных беларускіх мастакоў — пераважна прадстаўнікоў маладога пакалення. 

АРХІЎНЫЯ ПАМЯТКІ 

Куратарка Дзіна Даніловіч сабрала мноства страшных фотадоказаў нацысцкіх злачынстваў. Некаторыя кадры настолькі жахлівыя, што іх вырашылі прыкрыць калькай: наведвальнік мусіць самастойна вырашыць, ці гатовы ён убачыць такія ўражальныя выявы. Аднак пад канец экспазіцыі гледача, не пытаючы яго згоды, сутыкаюць з тым, што многія хацелі б пакінуць па-за полем зроку — і такім чынам уберагчыся ад шоку. Каб трапіць у апошнюю выставачную залу, неабходна прайсці праз вузкі калідор, абвешаны фотаздымкамі з канцлагераў. Акрамя таго, дарогу наведвальніку перакрываюць плакаты-заслоны, на якіх надрукаваны жудасна-дзікія кадры з Асвенціма. Чалавек папросту вымушаны спыніцца перад гэтымі сведчаннямі нацысцкіх зверстваў і твар у твар сустрэцца з жудасцю вайны. 

Увогуле ж у экспазіцыі вялікае значэнне нададзена дакументу. Каштоўнымі матэрыяламі падзяліліся партнёры праекта — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Гэтыя кадры не могуць пакінуць абыякавымі. Фашысты рыхтуюць шыбеніцу для пакарання смерцю савецкіх грамадзян, забітая акупантамі дзяўчынка, гітлеравец ля трупа, краявіды разбуранага Мінска — толькі некалькі анатацый да паказаных выяў. Усё гэта раны, што дагэтуль крывавяць. 

Значную частку дакументальнага блока складае своеасаблівы летапіс партызанскага і падпольнага руху. Перад гледачамі паўстае цэлы пантэон герояў, што адважна супрацьстаялі ворагу. Землякі радасна сустракаюць пасля задання кулямётчыка-мінёра Брэсцкага злучэння Антончыка, які падарваў на мінах 8 нямецкіх аўтамашын з жывой сілай. Побач — партрэт аўстрыйца Піецкага, што перайшоў на савецкі бок і неўзабаве ўзначаліў інтэрнацыянальны ўзвод 208-га партызанскага палка на Магілёўшчыне. Тут жа храбрацы-мсціўцы з легендарнай Ліпічанскай пушчы. 

Асобны пакой адведзены пад праслухоўванне аўдыязапісаў з успамінамі жыхароў акупаванай тэрыторыі, якія ў свой час сталі асновай для кнігі “Я з вогненнай вёскі”. Прастора з галасамі людзей, што цудам выжылі ў палаючых селішчах, страцілі свае сем’і і дамы, аказалася адным з найбольш эмацыйна напружаных пунктаў экспазіцыі. Закрывае ж выставу экран, дзе транслююцца кінадакументы аб судах над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі. 

МЕТАФАРА ЎРАЗЛІВАСЦІ 

Натуральна, крохкасць чалавечага жыцця сталася адной з цэнтральных тэм. І найбольш пранізліва яна гучыць у творах Аляксандра Трускоўскага. Майстар вырабляе аб’екты са шкла. І няхай атаясамленне гэтага матэрыялу з уразлівасцю і неабароненасцю асобы нельга назваць звышарыгінальным, метафара ўсё ж здольная пацэліць у гледача. Мастак у поўнай меры ўвасобіў бездапаможнасць чалавека перад куляй, снарадам, полымем. З вострых аскепкаў крывавага колеру аўтар насыпаў “Шлях Чырвонага”. Гэтая сцежка выкладзена боем розных фракцый — ад даволі буйных кавалкаў у пачатку да літаральна пылу на фінішы. Як дробіцца і трушчыцца шкло, так жа нязмушана і лёгка людзі насуперак божаму замыслу нішчаць сабе падобных. 

Прынцыпова іншы матыў пакладзены ў аснову работы “Жыццё Жыцця”. На вачах гледача нібы адбываецца перараджэнне: якія б страты ні прынесла ліхалецце, зямля мусіць вярнуцца да ранейшага ладу, а дабратворныя крыніцы — напоўніцца нанова. Гэтае супрацьстаянне жыцця і смерці, волі і прыгнёту ярка адлюстравана ў прасякнутай унутраным рухам кампазіцыі “Вызваленне”. Сутыкненне геаметрычных фігур утварае драматычную напружанасць магутнай сілы. 

АБПАЛЕНЫЯ ЛЁСЫ 

Пяць псіхалагічных партрэтаў уключае серыя “Абліччы вайны” Лізаветы Янковай. Маладая мастачка імкнулася перадаць боль, перажыты людзьмі ў гады вайны. У кожным аркушы — абпаленыя лёсы, пакалечаныя душы і целы. Пры гэтым аўтарка пазбягае драматычна напятых сцэн і енку, не перагружае аркушы гістарычнымі падрабязнасцямі: толькі выразныя твары невядомых пакутнікаў. Яны паўстаюць перад гледачом у гранічнай ступені роспачы і болю, у аняменні. Людзі настолькі знясіленыя фізічна і маральна, што, здаецца, у іх ледзь-ледзь тлее апошняя жарынка жыцця — і тая неўзабаве згасне. 

Абліччы тых, хто выжыў у полымі вайны, захаваў у сваіх фотаздымках Вадзім Качан. У экспазіцыі паказаны партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай з серый розных часоў, у тым ліку “Дзень Перамогі ў Серабранцы” 1985 года. Таксама свой вопыт пераасэнсавання ваенных падзей і роздуму аб памяці прапануюць Таццяна Савік, Юлія Цярэшка, Кацярына Цішкевіч, Сяргей Крыштаповіч і іншыя сучасныя мастакі. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара