Мы працягваем серыю публікацый, прысвечаную 100-годдзю айчыннага кіно і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект, падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея, расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.
У 1960-я тэма Вялікай Айчыннай працягвае гучаць з беларускіх экранаў. Да працы прыступаюць рэжысёры, якія ўкладваюць у кінагісторыі пра трагічны час асабісты вопыт і ўласныя перажыванні. Віктар Тураў — адзін з самых яркіх і таленавітых аўтараў таго перыяду, у чыёй творчасці знайшлі адлюстраванне ваенныя матывы. У дэбютнай карціне “Праз могілкі” рэжысёр звяртаецца да праблемы чалавечнасці ў нечалавечых умовах і выводзіць тэму партызанскай барацьбы на новы ўзровень асэнсавання.

Афіша фільма "Праз могілкі", 1965
Стужка знята па аповесці расійскага пісьменніка Паўла Ніліна. Тым не менш рэжысёр па-свойму распавёў гэтую гісторыю, у якой адбілася кроўная драма аўтара, былога вязня канцлагера.
— Гледачы ўбачылі стужку спавядальнага характару, дзе адлюстраваны асабістыя ўражанні Турава ад вайны і акупацыі, дзе паказаны будні партызан. Перагледзеўшы многія метры кінахронікі, рэжысёр дакладна стварыў на экране вобраз разбуранага жыцця. У стужцы пануе “могілкавая”, чорна-белая стылістыка. Карціна напоўнена працяглымі праездамі камеры і размовамі, якія вонкава падаюцца неабавязковымі. Кульмінацыяй становіцца магутная сцэна з “пякельнай” атмасферай выплаўлення выбухоўкі ў занядбанай царкве, са сцен якой строга глядзяць лікі святых, — заўважае кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава.
Атмасфера ўнутры кадра прыгнятальная, прасякнутая страхам. Візуальны шэраг увесь час трымае ў напрузе: ідзе вайна, любы неасцярожны крок можа каштаваць жыцця. Такая ж нацягнутасць адчуваецца ў дзеяннях і словах герояў. Гэты сюжэт можна параўнаць з крыкам, які замёр на вуснах забітага, так і не спарадзіўшы гучнага рэха, з утрыманым у сабе стогнам жаху і адчаю, што раздзірае чалавека знутры.

Кадр са стужкі "Праз могілкі"
— Адчуванне “чыгуннай пліты акупацыі” (гэта вызначэнне самога Турава), перададзена выразным візуальным шэрагам, створаным легендарнымі аўтарамі — мастакамі Уладзімірам Дзяменцьевым і Яўгенам Ігнацьевым, аператарам Анатолем Забалоцкім. Назаўжды запамінаецца панарама спаленай вёскі: абгарэлыя коміны, абпаленыя качаны капусты, якія нагадваюць абвугленыя чэрапы, а сярод іх бегае цудам ацалелая кульгавая курачка. Здзіўляе будзённасць жыцця пад акупацыяй, ад якой робіцца страшна. Ствараецца адчуванне экстрэмальнага быцця. Могілкі ж становяцца апакаліптычнай тэрыторыяй сутыкнення лёсаў патрыётаў і акупантаў, — гаворыць кіназнаўца.
Экранны матэрыял складаны. Гісторыя быццам паказана вачыма падлетка Міхася. Некаторых персанажаў у кіно яшчэ не бывала. Дзяўчына Ева спачувае маладому немцу, што выклікае насцярожанасць атачэння. Імя гераіні невыпадковае: лёсавызначальная размова Міхася і Евы на могілках пра жыццё і смерць, пра лёс жанчыны адбываецца нібы перад тварам вечнасці. Тут кантэкст хрысціянскай этыкі цалкам адчувальны, і ў гэтым праяўляецца незвычайная трактоўка тэмы “жанчына і вайна”. Поліфанічнае гучанне карціны ствараецца таксама аб’ёмнымі вобразамі нямецкага старасты і адначасова партызанскага сувязнога Сазона Іванавіча, а таксама Соф’і Казіміраўны, якая страціла мужа і трох сыноў. Тэма маці заўсёды хвалявала рэжысёра, які пасля гібелі бацькі-партызана, забітага захопнікамі, бачыў свой лёс неаддзельным ад жыцця матулі.

Кадр са стужкі "Праз могілкі"
Стужка стала сапраўднай падзеяй у беларускім кіно і адкрыла вялікі кінематаграфічны талент Віктара Турава. У 1994 годзе па рашэнні UNESCO фільм увайшоў у спіс найбольш значных карцін пра вайну.
— Паглядзець “Праз могілкі” варта адназначна: гэта наша, беларускае роўдмуві, дарожная гісторыя, дзе шлях герояў ляжыць скрозь спачылыя землі, і персанажы, дзеці вайны, рухомыя не толькі асноўным інстынктам — выжыць, але і перамагчы. Гэта моцнае кіно, якое не старэе, нягледзячы на адсутнасць у ім дынамічнага дзеяння. Упершыню трагедыя вайны паўстала на беларускім экране без пафасу і меладраматызму, а ў інтанацыях ціхага болю і сардэчнай пакуты. Так рэжысёры-“шасцідзясятнікі” разважалі пра значэнне Вялікай Айчыннай у жыцці ўсяго народа і асобнага чалавека. Падобнымі абертонамі рэзаніруюць выбітныя стужкі “Ляцяць жураўлі”, “Балада пра салдата”, “Іванава дзяцінства”. У сучасным гістарычным кантэксце этыка-мастацкі вопыт падобнай творчасці неацэнны, — падсумоўвае Антаніна Карпілава.

Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно