Асаблівы бібліятэкар для асаблівых дзяцей

Штогод Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прызначае гранты кіраўнікам і спецыялістам арганізацый у сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і моладзевай палітыкі. Гэта людзі, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё сваёй галіны. Сярод іх — Ірына Мазоль, галоўны бібліятэкар групы па арганізацыі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дзіцячага аддзела Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага. 

Сёлета наша гераіня ўдастоілася гранта на развіццё праекта “Б. І. К. Бібліятэка. Інклюзія. Культура”. Ініцыятыва мае на мэце захаванне нацыянальных духоўных традыцый і ўкараненне новых формаў дзейнасці арганізацый культуры. Сама Ірына Тадэвушаўна сцвярджае, што гэта — агульная справа калектыву: праект здзейсніўся дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва і калег. Аднак менавіта імя Ірыны Мазоль пазначана ва ўказе Прэзідэнта, што стала нагодай для размовы аб праекце, поспеху і прызванні. 

Ірына Мазоль

Ірына Мазоль

— Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Бібліятэчная справа” і па размеркаванні прыйшла ў Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку. Мяне накіравалі ў дзіцячы аддзел. 

— Ваш выбар прафесіі быў усвядомленым? 

— Напэўна, так. Я з маленства марыла аб спакойнай працы, і бібліятэка здавалася вельмі прыдатным месцам. Як жа я памылялася (смяецца)! Прафесія запатрабавала актыўнасці, рухавасці, ініцыятывы. Як ні дзіўна, мне гэта спадабалася. Праца прыносіць задавальненне, дазваляе рэалізоўваць ідэі. Так што я ў выбары не памылілася. 

— Як вы прыйшлі да праекта? 

— Тут былі дарэчы адукацыйныя курсы ў Мінску па кірунку “Інклюзія. Бібліятэка. Літаратура”. Гэта праект Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, у якім удзельнічала 15 бібліятэкараў, адабраных па конкурсе рэзюмэ. У названы лік трапіла і я. Мы праслухалі шмат лекцый, сустракаліся з асаблівымі дзецьмі ды іх бацькамі і ўсвядомілі, што сучаснае грамадства мае патрэбу ў інклюзіі як у спосабе аб’яднання розных людзей. Высветлілася, што ў дзяцей бываюць маўленчыя, фізічныя, псіхалагічныя асаблівасці. Мне захацелася, каб кожны адчуваў сябе камфортна ў нашай бібліятэцы. Я прапанавала калегам паспрабаваць чытаць інклюзіўную літаратуру звычайным хлопчыкам і дзяўчынкам. У такіх творах галоўныя героі маюць фізічныя адрозненні, што ствараюць пэўныя цяжкасці. Напрыклад, героем можа быць зайчык з малюсенькімі вушкамі, з-за якіх яго пастаянна прымаюць за ката. Мы хацелі паказаць, што асаблівыя людзі не перастаюць быць людзьмі, як асаблівыя зайчыкі не перастаюць быць зайчыкамі. Адпаведна, стаўленне да асаблівага чалавека павінна быць такім жа, як і да звычайнага. 

Першыя вынікі аказаліся станоўчымі, і мы вырашылі працягнуць дзейнасць у гэтым кірунку. У Гродне ёсць чатыры садкі для асаблівых дзетак, у школах — інтэграваныя класы. Мы пачалі працаваць з імі. Паступова з’явілася ідэя стварыць праект, што назвалі “Б. І. К. Бібліятэка. Інклюзія. Культура”. 

— І ён атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Якія задачы зможаце вырашыць дзякуючы гэтаму? 

— Цяпер мы сканцэнтраваны на папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку твораў землякоў — пісьменнікаў Гродзеншчыны. Каб дзеткі больш ахвотна заглыбляліся ў кніжныя гісторыі, правадніком у свет мастацкага слова для хлопчыкаў і дзяўчынак становіцца Надзейка-чарадзейка, у ролі якой выступае супрацоўніца бібліятэкі. Гэта персанаж з казкі гродзенскага аўтара Ганны Скаржынскай-Савіцкай.

 

Мы арганізоўваем сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, ладзім з імі тэатралізаваныя чытанні, гульні і майстар-класы. 

Важна, што наш праект мабільны. Дзякуючы гранту запрацаваў “Б. І. К. — дэсант”. Яго рэгулярны маршрут ахоплівае спецыяльныя дзіцячыя ўстановы горада. 

Цяпер мы плануем адкрыць прастору для работ асаблівых дзяцей, закупіць неабходную мэблю для заняткаў арт-тэрапіяй і абсталяванне для малявання на пяску. Хлопчыкі і дзяўчынкі будуць вучыцца розным відам творчасці — ад лепкі да аплікацыі. Вынікам заняткаў стануць мастацкія экспазіцыі ў бібліятэцы. 

— А якія кнігі вы самі любіце чытаць? 

— Больш за ўсё — класіку. Але ў мяне ёсць маленькая дачка — ёй шэсць гадоў. І ёсць наш праект. Таму цяпер чытаю вельмі шмат дзіцячых кніг. Ну і, натуральна, прафесійную літаратуру. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва гераіні