Свята "Першы ўкос"

Апублiкавана: 17 чэрвеня 2024 Фотарэпартаж Традыцыі Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Свята "Першы ўкос" прайшло ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Наведвальнікі скансэна даведаліся пра звычаi i традыцыi, звязаныя з касьбой, пачулі талочныя і застольныя беларускія песні i нават прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці. А самыя смелыя паспрабавалі свае сілы ў конкурсе на лепшага касца.

Як расказаў дырэктар музея Эдуард Багдановіч, гэтае свята праводзіцца тут ужо чацвёрты раз, і калектыў установы будзе прыкладаць усе намаганні, каб яно стала традыцыйным і яшчэ больш масавым.

І, трэба прызнаць, лепшага месца для такога мерапрыемства, чым музей пад адкрытым небам у Азярцы, не адшукаць: тут усё вяртае наведвальнікаў у гісторыка-культурнае мінулае беларусаў. Народныя традыцыі, абрады і звычаі — яго вялікая і значная частка, і да іх у беларускім скансэне ставяцца з асаблівай увагай і павагай. Скрупулёзна вывучаюць пісьмовыя крыніцы, арганізуюць навуковыя экспедыцыі ў вёскі, размешчаныя ў розных кутках нашай краіны, гутараць са старажыламі, слухаюць песні ў іх выкананні, знаёмяцца з асаблівасцямі традыцыйных касцюмаў, прадметаў працы і побыту, характэрных для канкрэтнай мясцовасці...

Гігабайты бясцэннай інфармацыі не проста акумулююцца ў камп'ютарнай памяці для далейшага даследавання, але і выкарыстоўваюцца для адраджэння народных свят. Музейная сенакосная талака — адно з іх.

— Першы ўкос быў заўсёды вельмi важным святам для нашых продкаў. На яго збіраліся ўсёй вёскай, як казалi, на вялікую талаку. Талакой называлі працоўную ўзаемадапамогу пры выкананні найбольш працаёмкіх работ у гаспадарцы, — распавядала загадчык культурна-адукацыйнага аддзела музея Яна Патапенка. — На талацэ, акрамя працы, людзі разам адпачывалі. Сакральны сэнс мела сумеснае спажыванне кашы на полі: яно павінна было прынесці ўрадлівасць зямлі і дабрабыт чалавеку, а таксама нагадвала пра прыналежнасць кожнага ўдзельніка талакі да агульнага калектыву.

У час працы і на застоллі спявалі талочныя ці застольныя песні. І для ўдзельнікаў свята супрацоўнікі музея падрыхтавалі іх шмат — прыгожых, душэўных, пад акампанемент традыцыйных беларускіх інструментаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Макарчык расказаў, з якога металу трэба вырабляць косы: сталь павінна быць мяккая, вязкая і пры гэтым трывалая. Растлумачыў, навошта неабходна кляпаць касу, і прадэманстраваў, як трэба яе тачыць. А таксама паказаў, як сенажаць дзялілася на ўчасткі. Бо сялянская грамада — гэта 60-70 чалавек, і на кожнага гаспадара трэба было вылучыць аднолькавую па плошчы дзялянку. Касьба была не проста працай — яна заўсёды гуртавала людзей.

Яркім і маляўнічым было шэсце талакі да сенажаці, дзе і разгарнулася асноўнае дзеянне — спаборніцтва па касьбе.

Яго асаблівасцямі падзяліўся аграном музея Леанід Галабурда, адзін з арганізатараў і галоўны суддзя:

— Дзялянкі мы падрыхтавалі загадзя, памерам 1,5 метра на 20. Прыбраць траву на ёй можна за 5-7 хвілін. Аднак, хоць хуткасць і важная, пры вызначэнні пераможцы мы надаем увагу і якасці касьбы: за кожны чуб (дрэнна пракошанае месца) да паказанага часу дадаецца 20 секунд, што істотна можа зменшыць шанцы самага хуткага стаць найлепшым.

У рабочага зялёнага будаўніцтва гаспадарчага аддзела музея Івана Яцэвіча касіць атрымліваецца прыўдала. Нядзіўна: прывучаны з дзяцінства.

— Я вырас у шматдзетнай сялянскай сям'і, — падзяліўся суразмоўца. — Гаспадарка вялікая: тры каровы, два кані, так што сена заўсёды трэба было нарыхтоўваць шмат. Сябры на возера бягуць купацца ці мяч ганяюць, а мы з бацькам ідзем траву касіць. Вельмі добра, што зараз праводзяць вось такія святы: нам, удзельнікам, у задавальненне, юнацтва ўспамінаецца.

У выніку сумленнай барацьбы перамаглі трое супрацоўнікаў музея. Чэмпіёнскі тытул заваяваў Сяргей Таўкачоў. Другое месяца заваяваў Леанід Сабалеўскі. Замкнуў тройку Міхаіл Бурдалёў. Пераможцам уручылі ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.

Свята выклікала шмат станоўчых эмоцый. А яшчэ прынесла карысць. Так, напрыклад, Ірына Сямчук прыехала ў Азярцо з 11-гадовым сынам Максімам з Мінска:

— Ён у мяне хлопец сталічны, у вёсцы ні разу не быў, — расказала жанчына. — Цяпер убачыў, як гэта — жыць на сяле, якая нялёгкая праца ў вяскоўцаў. Безумоўна, яны вартыя павагі і падзякі.

Генадзь і Вольга Сарокіны з Крупак даўно планавалі паездку ў гэты музей. Убачылі афішу — вырашылі больш не адкладаць. Засталіся вельмі ўражаны і экспазіцыяй скансэна, і святам. Лічаць, што такія мерапрыемствы вельмі важныя з пункту гледжання захавання народных традыцый. Роднае — народнае!

Святлана ЧЭКАЛАВА

Фота Вiктара ЧЭКАЛАВА