Новыя праекты беларускіх студэнтаў і культуру як маральны стрыжань абмеркавалі адмыслоўцы ў Доме прэсы. Круглы стол быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў і Дню Перамогі.
Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, распавядаючы аб новых праектах установы, падкрэсліў, што яе заснавалі пасля вызвалення нашай краіны ад нацысцкіх захопнікаў. Спатрэбіўся год, каб разабрацца з арганізацыйнымі пытаннямі, і ўлетку 1945-га было прынята рашэнне аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута, як тады называлася сённяшняя акадэмія. Не дзіўна, што ў творчасці яе выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў тэма Вялікай Айчыннай вайны заўжды займала істотнае месца. Да гадавіны вызвалення Беларусі была падрыхтавана і выпушчана кніга “Памяць”, прысвечаная работнікам установы — ветэранам і ўдзельнікам вайны (байцам перадавой, партызанам, падпольшчыкам) ды працоўнага фронту. Выданне ўключае 82 біяграфіі.
Таксама сярод ініцыятыў, прымеркаваных да 80-годдзя вызвалення, Міхаіл Баразна назваў сумесны з рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” ды Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праект. У рамках яго на старонках часопіса “Мастацтва” размяшчаюцца карціны беларускіх творцаў на ваенную тэматыку, ажыўленыя сродкамі дапоўненай рэальнасці.
Акрамя таго, рэктар акадэміі згадаў дыпломны спектакль “Ціха тут на досвітках”, які студэнты з поспехам прадстаўляюць на гастролях, у тым ліку ў рэгіёнах Расіі. А намеснік дэкана тэатральнага факультэта Наталля Башава-Іванова і загадчык драматычнай секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Сівец распавялі аб імерсіўным паказе “Час маладых” з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў. Пастаноўка была ўвасоблена напярэдадні свята Перамогі ў Акадэміі мастацтваў і пагрузіла яе калектыў у атмасферу першых пасляваенных гадоў.
Прадстаўнікі айчынных выдавецтваў расказалі аб кнігах, выхад якіх прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення нашай краіны. Дырэктар і галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда”, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што вялікая ўвага надаецца паказу трагедыі спаленых паселішчаў. Так, летась была выпушчана праца “Галавасек” краязнаўца Анатоля Бензерука пра вёску Драмлёва Жабінкаўскага раёна, знішчаную ў верасні 1942 года. Падрыхтавана да друку кніга Аляксандра Плавінскага і Андрэя Шавеля “Беразянка” пра вёску на Пухавіччыне, спаленую ў верасні 1943-га. Падзеям першых месяцаў вайны ў Беларусі прысвечаны работы Мікалая Барысенкі “Буйніцкае поле: застацца і памерці” і Мікалая Чаркашына “Брэсцкая брама” ды “Генералы 1941 года”.
Намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп паведаміў, што галоўным праектам установы да сёлетняга юбілею можна лічыць кнігу “За цябе, Беларусь”, якая ўяўляе сабой хроніку вызвалення краіны ад першага да апошняга дня і падрыхтавана сумесна з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праца багатая на факталагічны і ілюстрацыйны матэрыял. Яна змяшчае і ваенныя творы беларускіх літаратараў, што надае аповеду аб тых трагічных і гераічных днях асаблівую эмацыйнасць.
Асноўным праектам выдавецтва “Беларусь” стала серыя “Генацыд беларускага народа”, якая выпускаецца сумесна з Генеральнай пракуратурай Беларусі. Напрыканцы мінулага года з’явілася трэцяя кніга цыкла, прысвечаная карным аперацыям нацыстаў. Таксама ў выдавецтве пабачыла свет работа Ільі Караблікава “Дзеці вайны”, якая ўключае расповеды яшчэ жывых сведак ліхалецця.
Маладым чытачам прызначана кніга з серыі “Беларуская энцыклапедыя” пра партызанскія парады. Аўтарам выступіў загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Літвін.
А рэдактар аддзела выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Алег Усачоў прадставіў укладзеную ім кнігу “Партызаны Беларусі” — сапраўдную энцыклапедыю народнага супраціву акупантам.
У новых праектах айчынныя выдавецтвы робяць стаўку на яскравасць вобразаў, арыентуючыся на маладую аўдыторыю, якую важна зацікавіць не толькі тэкстам, але і візуальным складнікам. Багацце ілюстрацыйнага матэрыялу значна паляпшае ўспрыманне і запамінанне інфармацыі. Гэта асабліва істотна ва ўмовах, калі пашырылася кліпавае мысленне. Таксама зарука поспеху — удалае спалучэнне дакладнасці фактаў і даступнасці, яркасці падачы. Новыя кнігі стануць добрым падарункам шырокай чытацкай аўдыторыі да 80-й гадавіны вызвалення краіны, дапамогуць нанова асэнсаваць рэаліі ваенных дзён, уявіць сябе на месцы ўдзельнікаў тых падзей і задумацца аб выбары, які даводзілася рабіць.
Веліч Перамогі, маштабы трагедыі і подзвігу раскрываюцца тым больш поўна і яскрава, чым далей у мінулае сыходзяць падзеі 1941— 1945-га. Юбілей вызвалення Беларусі прымушае шукаць адказы на новыя выклікі, звязаныя з захаваннем праўды аб мінулым. Сучасная культура памяці немагчымая без вяртання канкрэтных імёнаў герояў і ахвяр. Сабраць і зберагчы звесткі аб іх — справа гонару не толькі для навукоўцаў і даследчыкаў, але і для кожнага грамадзяніна.
Антон РУДАК