Наўпрост звярнуцца да кіраўніка галіны і вырашыць свае пытанні? Зрабіць гэта можна ў першую сераду месяца. Вось і 5 чэрвеня, згодна з графікам асабістага прыёму грамадзян, у Міністэрства культуры прыйшлі зацікаўленыя. Хто яны і якія тэмы ўзнімаліся?
Як адзначаюць у ведамстве, асабістыя прыёмы грамадзян заўсёды запатрабаваныя і актуальныя. Гэта грунтоўны і канструктыўны дыялог, у якім часта закранаецца вельмі шырокая праблематыка, што тычыцца не толькі інтарэсаў саміх наведвальнікаў.
Да прыкладу, 5 чэрвеня да Анатолія Маркевіча завітала Ліза Саціліс — грэка-італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір. Яна таксама вядомая ў якасці калекцыянера і мецэната. У зборы творцы — прадметы старажытнага грэчаскага, кітайскага, індыйскага, афганскага, мезаамерыканскага і афрыканскага, а таксама сучаснага мастацтва. Некалькі гадоў Ліза Саціліс была адзінай памочніцай славутага Джорджа дэ Кірыка ў буйных скульптурных праектах. Пастаянныя чытачы “Культуры” напэўна памятаюць гісторыю, як летась яго кампазіцыя “Археолагі (Вялікія археолагі)” (1968) была пера- дадзена Прэзідэнтам Беларусі ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею. У гэтым годзе Ліза вырашыла выступіць з новай ініцыятывай, таксама звязанай са спадчынай дэ Кірыка. Рэалізацыя ідэі і абмяркоўвалася падчас прыёму ў міністра культуры.
— Наведвальнікі Нацыянальнага мастацкага музея змогуць на свае вочы ўбачыць выдатныя творы, якія адлюстроўваюць гісторыю і погляд скульптара. Вельмі важна, што гэта менавіта аўтарская праца, — адзначыў Анатолій Маркевіч. — Яна будзе цікавая, безумоўна, як жыхарам нашай краіны, так і шматлікім турыстам, якія прыязджаюць на гасцінную беларускую зямлю. Практыка паказвае: вандроўнік, які завітаў у Мінск, абавязкова наведвае вядучыя ўстановы культуры. Я хацеў бы выказаць вялікую падзяку за тое, што вы знайшлі магчымасць і час прыйсці ў Міністэрства культуры. Я вельмі рады нашай сённяшняй сустрэчы. Вы — пазітыўны чалавек, які дорыць станоўчыя эмоцыі. Сёння падсілкавалі ўсіх нас энергіяй. Дзякуючы вашай стараннасці, я ўпэўнены, культурная дыпламатыя паміж рознымі краінамі яшчэ больш памацнее.
Ліза Саціліс падзякавала Анатолію Мечыслававічу за знаёмства і сустрэчу.
— На беларускай зямлі я вельмі шчаслівая. Шчаслівая, таму што менавіта тут адчуваю сябе камфортна і бяспечна, — падкрэсліла мастачка. У знак павагі яна перадала незвычайную паштоўку, адрасаваную Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.
Акрамя замежнай госці, наўпрост да міністра культуры ў той дзень звярнуліся мастакі, артысты, прадстаўнікі СМІ, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Падчас асабістага прыёму ўсе зацікаўленыя атрымалі разгорнутыя тлумачэнні. Звароты, якія патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі, узяты на кантроль.