Маладзёжны тэатр эстрады выпусціў нязвыклы для свайго рэпертуару драматычны спектакль — “Без тэрміну даўнасці”. Пра тое, як каханне і вера перамагаюць жудасныя наступствы вайны. У аснову леглі амаль неверагодныя, але насамрэч дакументальныя факты з біяграфіі контрразведчыка, па-мастацку перапрацаваныя кіраўніком тэатра Уладзіславай Арцюкоўскай.
Гэта не першы зварот тэатра да рэальных біяграфічных гісторый. Тая ж Уладзіслава Арцюкоўская, як і ў цяперашняй прэм’еры, была аўтарам п’есы і рэжысёрам мюзікла “Гур’янаў”, намінаванага на Нацыянальную тэатральную прэмію. Увасабляліся ў калектыве і драматычныя спектаклі (“Асцярожна, кекс!”), але не такія маштабныя. Трупа падзяляецца на салістаў-вакалістаў і артыстаў размоўнага жанру, ёсць у складзе і творчыя калектывы рознай скіраванасці, а таксама шэраг студый. Гэта дазваляе тэатру быць мабільным і ахопліваць на невялічкай сцэне практычна ўсё — ажно да дзіцячай шоу-оперы “Мухі-Цакатухі баль” і эстрадных харэаграфічных пастановак, не забываючыся і на тэатралізаваныя канцэртныя праграмы.
Гуллівы камедыйны вектар даўно ўжо не адзіны. Той жа “Гур’янаў” звернуты да духоўнай тэмы, бо гэта мюзікл пра святара. Але ж як увасобіць тут тэму Вялікай Айчыннай? Тэатр знаходзіць рэальную гісторыю Аляксандра Шурэпава, што выкладзена літаральна на некалькіх кніжных старонках, растыражаваных у інтэрнэце, і ў кароткай дакументальнай стужцы, — і стварае самастойны спектакль, дзе героі маюць сваіх прататыпаў. Ідэя належала нястомнай Уладзіславе Арцюкоўскай, якая неяк пачула ў эфіры лісты аднаго вайскоўца, чыё прозвішча не згадвалася. Пачала даследаванне — і, як кажуць, хто шукае, той знаходзіць. Але ж праца над будучым спектаклем заняла два гады, бо пачынаць трэба было з нуля.
Як ні дзіўна, музыка Аляксандра Сухарава створана раней за п’есу. Разумеючы хіба асноўныя сюжэтныя абрысы, ён напісаў уверцюру, дзе агульначалавечыя інтанацыі жалю-жалобы, частыя ў творчасці Дзмітрыя Шастаковіча і нашага Дзмітрыя Смольскага, узрастаюць да меладычных элементаў, уласцівых беларускаму фальклору. Той музычны матэрыял стаў своеасаблівым лейтматывам спектакля.
П’еса добра закручана, утрымлівае яркія, запамінальныя характары, нечаканыя сюжэтныя павароты. Закранае не толькі розныя аспекты ваеннай тэмы, уключаючы ўз’яднанне сям’і, але і балючыя філасофскія пытанні (куды рушыць чалавецтва, ці важная нацыянальнасць, што такое гуманізм). Нарэшце, прадугледжвае актуальны для сучаснага тэатра сінтэз мастацтваў.
Храналагічная паслядоўнасць падзей пачынаецца з 26 чэрвеня 1944 года, з вызвалення Беларусі, і ахоплівае ледзь не два дзясяткі самых розных лакацый, што змяняюцца літаральна ў кожнай сцэне: лес, рака, спалены дом, канцлагер, кірмаш, пасляваенная нямецкая рэчаіснасць. Відэапраекцыя ўносіць нотку дакументальнасці: апроч відарысаў, на ёй дакладна пазначаны месца дзеяння і дата. Фота зроблены з эфектам сепіі, і тыя карычняватыя адценні асацыююцца не толькі з даўніной, але і з прагай цёплых стасункаў, неабходных заўжды — і тым больш на вайне, дзе нельга губляць ні чалавечнасці, ні волі да перамогі.
На сцэне ў некалькі ярусаў змешчаны мяшкі, якія ў вайну, набітыя пяском, скарыстоўваліся для ўладкавання агнявых пазіцый (сцэно- граф — Сяргей Ашуга). Такое рашэнне не толькі надае трывожнага драматызму, асабліва пры пэўных светлавых імпульсах, але і дазваляе будаваць мізансцэны адначасова па гарызанталі і вертыкалі. А ў пасляваенным дзеянні быццам нагадвае, што наступствы ліхалецця не маюць тэрміну даўнасці.
Артыстам — верыш. Стрыманы, як і належыць контрразведчыку, маёр Святлоў (Арцём Пінчук). Яго жонка Вера, выратаваная з Асвенціма (Вольга Калеснікава). Умудроны жыццём паляшук Дзмітрыч, што сыпле арыгінальнымі прымаўкамі (Уладзімір Варанкоў). Радыстка Каця, супярэчлівае аблічча якой цудоўна перадае Інга Кісялёва. Здраднік сяржант Іваноў (Андрэй Кунец). Лірычнай кульмінацыяй з’яўляецца кранальна цнатлівая сцэна кахання. Драматычнай — амаль кінематаграфічны па рэальным запале допыт Паліцая (Дзяніс Арцюкоўскі). Генеральнай — фінальная сустрэча маці з маленькімі дочкамі, перанесеная са сцэны на сярэдзіну залы. Юныя Арына Чарнецкая і Радміла Чупрыс выдатна справіліся і з нямецкай гаворкай, і з нямецкай песенькай пад стук колаў цягніка, бо іх гераіні пасля донарскіх эксперыментаў патрапілі ў сям’ю фрау Медэр (Аляксандра Гайдук). Яшчэ адна песня — “Кацюша” — таксама спяваецца а капэла (без акампанементу), але пад стук алоўкаў.
Выразныя пластычныя сцэны (харэограф — Дзяніс Кашавой), дзе ўдзельнічае балет тэатра, адыгрываюць ролю мастацкага абагульнення. А тое, што спектакль пачынаецца з праходу артыстаў праз залу, адразу робіць гледачоў не назіральнікамі, а быццам непасрэднымі ўдзельнікамі падзей.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра