Каб праславіць Радзіму

Жыць музыкай і дзяліцца прыгожым з навакольнымі — менавіта такую мэту ставіць перад сабой вакалістка Анастасія Кавальчук. У творчай скарбонцы 19-гадовай гамяльчанкі больш за 100 перамог у конкурсах рознага ўзроўню. Дзяўчына двойчы ўдастойвалася стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Якой была гісторыя знаёмства нашай гераіні са светам гукаў ды нот і што дапамагае ёй увасабляць мару?

Анастасія КавальчукАнастасія Кавальчук

— Па расказах родных, у маленстве я амаль не плакала і ўвесь час нешта напявала, — згадвае Анастасія. — Адклалася ў памяці, як упершыню прыйшла на балет. Дзіўна, але больш за ўсё мяне ўразіла музыка, а не элегантныя рухі танцораў і іх яркія касцюмы. Хоць бацькі ніяк не звязаны з гэтым мастацтвам, убачыўшы цягу да яго, адправілі мяне ў музычную школу. Там я пазнаёмілася з рознымі інструментамі, у тым ліку і з фартэпіяна, якое адразу мне спадабалася. Тады маім галоўным запалам сталі спевы. 

— Якім быў наступны крок да прафесійнай кар’еры? 

— Пасля паспяховага заканчэння музычнай школы працягнула развівацца ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага, дзе дадаткова асвоіла кантрабас, валторну і гітару. Маю намер атрымаць чырвоны дыплом! Гады навучання прынеслі шмат адкрыццяў. Адно з галоўных — музыка патрабуе велізарнай працы над сабой. Гэта справа для людзей, гатовых цалкам прысвяціць жыццё мастацтву. Неймаверна ўдзячная ўсім педагогам, якія былі побач падчас майго творчага станаўлення і якія сустрэнуцца пазней. На іх плячах ляжыць адказная місія — дапамагчы заззяць таленту кожнага вучня. У планах — паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, каб удасканальвацца ў оперных спевах! 

— Якія кампазіцыі выбіраеце для выступленняў? 

— Я прыхільніца традыцый. Аддаю перавагу класічнаму рэпертуару, які складаецца з арый і рамансаў, але не забываю пра ролю песень, у тым ліку патрыятычных: адна з галоўных мэт музыканта — выхаванне слухача. Сярод маіх куміраў — Ганна Нятрэбка, Марыя Калас, Мансерат Кабалье, Чэчылія Бартолі, Эліна Гаранча, Дзмітрый Хварастоўскі. Спіс можна працягваць бясконца. І я спадзяюся, што калісьці таксама стану для некага прыкладам!

 — Сцэнічная дзейнасць — неад’емная частка жыцця выканаўцы. Раскажыце аб самых яркіх момантах. 

— У маёй творчай кар’еры каля сотні перамог. Найбольш яркія дасягненні — прэмія “Залаты голас”, першая прэмія III Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя С. Манюшкі, званне стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прысуджанае ў 2019 і 2024 гадах. 

— Як трапілі на III Рэспубліканскі конкурс вакалістаў? 

— Марыла аб ім яшчэ з першага курса каледжа. Гэта прэстыжнае спаборніцтва сярод класічных вакалістаў у Беларусі. Пачала падрыхтоўку раптоўна, таму што мерапрыемства перанеслі на год раней. У запасе быў толькі адзін месяц на рэпетыцыі. У выпадку з падзеяй такой велічыні — крытычна мала! Але я карпатліва і шмат працавала: пагрузілася ў атмасферу чатырох розных эпох, бліжэй пазнаёмілася з некаторымі кампазітарамі, пазнала іх і сябе з новага боку. Перада мной стаяла задача не толькі ідэальна чыста і тэхнічна выканаць твор, але і пражыць яго, зрабіцца тым героем, пра якога распавядаю, і прапусціць праз сябе ўсю палітру яго пачуццяў. Прызнаюся, перамога далася цяжка: былі надзвычай моцныя праціўнікі. Але ўсведамленне, што я стала першай, прынесла найвышэйшую ступень радасці і захаплення. 

— Галоўны сакрэт паспяховага выступлення — гэта? 

— Сабранасць! Трэба быць упэўненым у сваіх здольнасцях і паважаць сваю працу. Чым больш развіваешся, тым больш устойліва адчуваеш сябе на канцэрце. Выканаўца складаецца з музыкі, якую слухае, з кніг, якія чытае. Калі ён цікавіцца многімі рэчамі, то зможа трансліраваць шмат ідэй. У мяне ёсць своеасаблівы рытуал перад выхадам на сцэну — знайсці зацішны куток, успомніць у ім усе пажаданні выкладчыкаў, настроіцца на правільную эмацыйную хвалю, зрабіць глыбокі ўдых і выдых і адправіцца выступаць. 

— Вакалісты часта спрабуюць сябе ў напісанні песень. Ці ёсць у вас такі досвед? 

— Калі пачынала вучыцца ігры на фартэпіяна, думала складаць музыку. Пакуль што радую родных уласнымі кароткімі кампазіцыямі на сямейных святах. Не выключаю, што ў будучыні падзялюся творчасцю са светам. Падыходжу да гэтага пытання вельмі адказна, бо музыка — не проста мелодыя і тэкст. Як дакладна яна можа перадаваць пачуцці! Якія яркія эмоцыі дорыць людзям, прымушаючы іх смяяцца, плакаць, суперажываць! Я была зачаравана музыкай калісьці і працягваю захапляцца ёй цяпер. 

— Вы двойчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Што гэта значыць для вас? 

— Узнагарода мае вялікае значэнне, бо гэта праява найвышэйшага даверу дзяржавы мне і маёй творчасці! Гэта матывацыя ўсё больш і больш працаваць над сабой, каб праславіць Радзіму. У мяне грандыёзныя планы! Хачу быць найлепшай у сваёй справе, эстэтычна ўзбагачаць гледачоў, папулярызаваць класічную музыку і несці сусветную славу маёй краіне. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні