Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці сёлета адзначае 85-гадовы юбілей. І ўвесь гэты час выконвае місію захавальніка традыцыйнай народнай культуры краю. Пра яго самабытнасць і мясцовыя творчыя брэнды расказала дырэктар установы Наталля Сафрановіч.
Гісторыя юбіляра распачынаецца ў далёкім 1939-м, калі паводле пастановы Савета Народных Камісараў БССР у абласных гарадах сталі адкрывацца першыя дамы народнай творчасці. З той пары змяніліся чатыры афіцыйныя назвы, але галоўная мэта дзейнасці засталася нязменнай — бесперапыннае зберажэнне і ўзбагачэнне традыцыйнай культуры рэгіёна.
Дырэктар установы Наталля Сафрановiч
— У нас да гэтага часу ў натуральным выглядзе існуюць старажытныя звычаі і элементы, якія можна ўбачыць на шматлікіх фестывалях, выставах і святочных імпрэзах, — распавядае Наталля Дзмітрыеўна. — Напрыклад, у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна штогод праводзіцца вясновы абрад “Юраўскі карагод”, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Менавіта старадаўнія народныя вераванні, святы ды гульні робяць нас сапраўднымі беларусамі, бо і сёння ўплываюць на свядомасць і светаўспрыманне людзей. Аўтэнтычныя карэнныя традыцыі — наша асаблівая гордасць.
Дзясяткі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, карысныя праекты, скіраваныя на развіццё прафесійных здольнасцей работнікаў і кіраўнікоў аматарскіх калектываў, актыўнае выдавецтва — плён шматгадовай дзейнасці згуртаванай каманды і праверанага часам супрацоўніцтва, што існуе ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці.
— Выдатныя дасягненні і ўзнагароды, якімі мы ганарымся, цесна звязаны з наладжваннем партнёрскіх сувязей з установамі культуры Расійскай Федэрацыі, шматлікімі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі, — падкрэслівае кіраўніца Цэнтра. — На паспяховасць справы таксама значна ўплывае атмасфера яднання ўнутры калектыву. Наша каманда складаецца з самааданых асоб, чыя дзейнасць узбагачае культурную спадчыну Гомельшчыны, задае напрамкі далейшага развіцця. Важным момантам з’яўляецца і “фактар далучэння” — адчуванне сябе не проста работнікам, а незаменным удзельнікам адзінага працэсу.
Адзін з прыярытэтных кірункаў работы — праекты патрыятычнай тэматыкі, якія прынеслі Цэнтру ўжо дзве перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах. У 2022-м прыз атрымала выстава-прэзентацыя “Жывая спадчына Гомельшчыны”, а праз год — “Ажыўшая даўніна”. Сярод экспанатаў — фатаграфіі, традыцыйныя касцюмы, лялькі-абярэгі, вырабы саломапляцення і сожскай скані, кераміка, драўляная скульптура.
— Свае ініцыятывы мы прадстаўляем і ў Маскве, — расказвае дырэктар. — Сёлета ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, які штогод нас цёпла прымае, была адкрыта інтэрактыўная выстава “Спеўная спадчына Гомельшчыны”. Яе ідэйным натхняльнікам стала метадыст Ірына Глушэц, якая атрымала грант Прэзідэнта. Сваім вопытам адкрыта дзелімся з іншымі клубнымі ўстановамі краю і шчыра радуемся поспехам калег.
Сярод знакавых падзей дырэктар вылучае міжнародны фестываль “Кліч Палесся”, а таксама рэспубліканскія фестывалі фальклорнага мастацтва “Аўцюкі” і “Берагіня”.
— Мы скіроўваем намаганні на падтрымку народнай культурнай спадчыны ў яе натуральным, сапраўдным выглядзе, а яшчэ — на папулярызацыю аматарскіх творчых ініцыятыў, звязаных з рэгіянальнымі традыцыямі, — тлумачыць Наталля Дзмітрыеўна.
Падчас канцэрта "Галасы Палесся ў прасторах сусвету" ў рамках рэспубліканскага фестывалю "Беларусь — мая песня"
Здзейсніць вандраванне па прасторах казачных мясцін і спазнаць сутнасць палескай душы дазваляе фестываль “Кліч Палесся”, які сёлета зладзяць ужо восьмы раз. Мерапрыемства праходзіць на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” ў аграгарадку Ляскавічы. Расказаць пра самабытнасць і традыцыі палешукоў — галоўная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары. Пазнаёміцца з таямніцамі чароўнай палескай культуры прыязджаюць госці з розных частак свету — Расіі, Арменіі, Азербайджана, Ірана, Кітая, Узбекістана ды іншых краін.
Важным аспектам паспяховай дзейнасці ўстановы, на думку Наталлі Дзмітрыеўны, з’яўляецца далучэнне юнага пакалення да культурнага жыцця Цэнтра.
— Моладзь сёння ўваходзіць у нашу мэтавую аўдыторыю. Дзіцячыя аматарскія калектывы робяць каштоўны ўнёсак у правядзенне разнастайных мерапрыемстваў. Гэта, напрыклад, абласны конкурс дзіцячых малюнкаў “Дзеці малююць свет”, адкрытае свята народных традыцый “Крыніцы-Фэст”, абласны конкурс дзіцячых работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Мастацтва бачыць прыгажосць”, абласны конкурс дзіцячай і юнацкай песеннай эстраднай творчасці “Я — спяваю” ды іншыя. У выставачнай зале мы заўсёды рады прыняць юных наведвальнікаў на майстар-класы. Менавіта далучэнне моладзі да народнай культуры становіцца важным вектарам развіцця нашай дзей¬насці, — расказвае дырэктар.
За гады існавання ўстановы многа зроблена на карысць захавання ўнікальных традыцый рэгіёна, але Наталля Дзмітрыеўна ўпэўнена: наперадзе яшчэ шмат спраў і магчымасцей. Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці мае намер пашырыць свой удзел у культурным жыцці краіны. Ёсць у планах і амбіцыйная мэта — дамагчыся большай вядомасці і прызнання на міжнародным узроўні, да прыкладу, праз удзел у такіх прэстыжных праектах, як расійская “Фалькларыяда”.
— Нашу далейшую дзейнасць бачу багатай ва ўсіх сэнсах гэтага слова, — адзначае дырэктар. — Багатай на крэатыўных і адказных прафесіяналаў, сапраўдных майстроў сваёй справы. Багатай на маштабныя святы, фэсты, конкурсы, выставы ды імпрэзы, якія праслаўляюць наш цудоўны край.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з сайта ўстановы