Равеснік вызвалення

Апублiкавана: 04 чэрвеня 2024 Стужка Музеі Мінск Круглы стол

Аўтар: Аўтары

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — найбуйнейшая нацыянальная скарбніца помнікаў ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь перыяду Вялікай Айчыннай. Гэты год для ўстановы азнаменаваны адразу дзвюма знакавымі юбілейнымі датамі: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе адкрыцця першай экспазіцыі, якое будзе адзначацца 22 кастрычніка. Адпаведна гэтаму выбудаваны план працы музея. 

— Адзін з буйных выставачных праектаў, прадстаўленых цяпер у музеі, — часовая экспазіцыя “Адзінай памяці верныя”, — расказала Рыма Мікалаеўна Рум, намеснік дырэктара па навуковай рабоце. — Гэта сумесны праект нашай установы з рэгіянальнымі музеямі краіны і музеямі ваеннагістарычнага профілю краін СНД. Выстава складаецца з трох раздзелаў. Першы быў адкрыты яшчэ ў верасні 2023-га — ён прысвечаны вызваленню ўсходніх тэрыторый Беларусі: г.п. Камарын, Гомеля, Мазыра. 27 сакавіка гэтага года былі адкрытыя другі і трэці раздзелы выставы. Другі прысвечаны ўзаемадзеянню беларускіх партызан з Чырвонай Арміяй, выратаванню вязняў Азарыцкіх лагераў смерці, барацьбе беларускіх партызан супраць карнікаў вяснойлетам 1944 года. Трэці раздзел расказвае пра аперацыю “Баграціён”, падчас якой была вызвалена ўся тэрыторыя Беларусі. 

22 кастрычніка 1944 года адкрыліся першыя выставы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — “Узбраенне беларускіх партызан” і “Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны”.

Убачыць выставу можна на працягу года. Для ўсіх ахвочых праводзяцца тэматычныя экскурсіі. 

У рамках святкавання 80-годдзя вызвалення ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны штодня праходзяць разнастайныя мерапрыемствы, канферэнцыі, дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы. Напрыканцы сакавіка адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Адзінай памяці верныя”, якая сабрала больш за 60 выступоўцаў не толькі з Беларусі, але і Расіі, Узбекістана і інш. Падчас канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з партызанскім рухам, аналізам ваенных дзеянняў па вызваленні Беларусі, ход стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”, унёсак братэрскіх народаў у Перамогу над фашызмам, увекавечванне памяці пра герояў у мастацтве і літаратуры. Не абышлі ўдзельнікі ўвагай і тэму захавання гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання моладзі. Цяпер ва ўстанове ідзе праца над выданнем навуковага зборніка па выніках канферэнцыі. 

Галоўны рэдактар часопіса "Мастацтва" Вераніка Клютчэня і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум

Галоўны рэдактар часопіса "Мастацтва" Вераніка Клютчэня і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум

Фонды музея налічваюць больш за 162 тысячы адзінак захавання. І кожны год яны актыўна папаўняюцца — супрацоўнікі ўстановы працягваюць найлепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў па зборы прадметаў музейнага значэння, вывучэнні і папулярызацыі дакументальных і рэчавых сведчанняў пра подзвіг і ахвяры народа ў гады вайны. Каб гэтае багацце не засталося схаваным ад вачэй наведвальнікаў, быў зладжаны праект “Адкрытыя фонды”. У сакавіку гэтага года ў яго рамках адкрылася выстава “Музей. Час. Памяць”, дзе прадстаўлены матэрыялы, прынятыя на пастаяннае захаванне ў 2023-м. 

Таксама новымі матэрыяламі, прысвечанымі тэме вызвалення, у гэтым годзе была дапоўнена мабільная экспазіцыя “Наш доўг — памятаць!”. Яна актыўна працягвае ездзіць па гарадах і населеных пунктах краіны:1 мая выязджала ва Ушачы, 9 мая будзе працаваць у Лошыцкім парку Мінска. 

Выставачны праект “Чаканячы памяць…”, які Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зладзіў сумесна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, пачаў працу 2 мая. У экспазіцыі можна ўбачыць калекцыю памятных манет, прысвечаных барацьбе нашага народа за свабоду супраць фашызму і героям вызвалення, якія ўнеслі значны ўклад у Перамогу. Прадстаўлены больш за 30 манет з розных серый, сярод іх “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Партызаны”, “Воіны-вызваліцелі”, “1-ы Беларускі фронт. Ракасоўскі К.К.”, “2-і Беларускі фронт. Захараў Г.Ф.”, “3-і Беларускі фронт. Чарняхоўскі І.Д.”, “1-ы Прыбалтыйскі фронт. Баграмян І.Х.”. 

Напярэдадні Дня Перамогі ў музеі прайшла дыялогавая пляцоўка “80 гадоў міру і стварэння”, арганізаваная сумесна з гістарычным факультэтам БДУ. 9 мая на ваенна-гістарычным комплексе “Старая граніца” была арганізавана святочная праграма. Падчас яе працавалі “Музей для дзяцей”, інтэрактыўная зона “Ваенны медсанбат”, прайшлі конкурсная праграма “Шлях да Перамогі”, віктарына “Вызваленне Беларусі”. 

Вера НІКАЛАЕВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА