Спя­ва­ем у го­нар ге­ро­яў

Апублiкавана: 03 чэрвеня 2024 Стужка Музыка Мінск 80 мірных гадоў

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Культурныя мерапрыемствы да 80-годдзя вызвалення Беларусі праходзяць не толькі на сцэнах, але і проста на гарадскіх вуліцах. У рамках акцыі“З песняй да Перамогі” ладзіцца патрыятычны флэшмоб “Кацюша”: моладзь выконвае кампазіцыі ваенных гадоў. 

Арганізатарам праекта выступіла Міністэрства культуры сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў. У акцыі задзейнічана больш за 20 студэнтаў. У месцах масавага збору людзей яны выконваюць такія знакамітыя песні, як “Два Максімы”, “Дзень Перамогі”, “Сіняя хустачка”, “Цёмная ноч” ды іншыя. Славутыя кампазіцыі ўжо прагучалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, Першым нацыянальным гандлёвым доме, на станцыі метро “Кастрычніцкая” і Камароўскім рынку. Да 2 чэрвеня творчая група працягне выступаць на плошчах і ў гандлёвых цэнтрах сталіцы. Усё для таго, каб мінчане і госці горада згадалі мужных продкаў, якія цаною жыцця абаранілі Радзіму ад фашысцкай навалы. 

— Дзякуючы гэтай ініцыятыве адбываецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Праз песні нашы студэнты перадаюць эстафету памяці, якую павінны захоўваць і ўшаноўваць новыя пакаленні. Падчас выступленняў мы часта бачым слёзы. Менавіта дзеля гэтых кранальных момантаў і ладзім флэшмобы, — распавядае куратар праекта “Кацюша” Бажэна Нюшкова. 

Уражаннямі ад удзелу ў акцыі падзяліліся студэнты факультэта мастацкай культуры БДУКМ. 

Уладзіслаў Віхроў: 

— Я шмат цікаўлюся мінуўшчынай сваёй краіны і на працягу пяці гадоў паглыблена вывучаю падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Для мяне гэты праект стаў адным са спосабаў ушанаваць памяць герояў, якія змагаліся за нашу незалежнасць. Складана ўявіць тыя жудасныя эпізоды, што давялося перажыць дзядам і прадзедам. Падчас выступленняў я адчуваю гонар за краіну і за суайчыннікаў. Самае прыемнае — бачыць рэакцыю мінакоў: спачатку яны здзіўляюцца, затым пачынаюць нам падпяваць. Падобныя мерапрыемствы — годны спосаб захаваць нашу гістарычную памяць! 

Уладзіслаў Віхроў і Ганна Пшэднік

Уладзіслаў Віхроў і Ганна Пшэднік

Ганна Пшэднік: 

— Выдатна, што праз песні маладыя людзі могуць ушанаваць памяць пераможцаў! Мы з цікавасцю ўдзельнічаем у праекце. Рэпетыцыі пачаліся яшчэ ў лютым. Раз на тыдзень мы сустракаліся з педагогам па вакале, збіраліся ля фартэпіяна і шукалі правільную танальнасць, развучвалі тэксты. У нашым рэпертуары ёсць песні, напісаныя падчас Вялікай Айчыннай, напрыклад “Свяшчэнная вайна” або “Ад Масквы да Брэста...”. Ёсць і тыя, што нарадзіліся пасля Перамогі, як “Эх, дарогі...”. Усе кампазіцыі маюць магутны пасыл, падкрэсліваюць мужнасць і стойкасць барацьбітоў. На імправізаванай пляцоўцы выступаць нялёгка, трэба настроіць сябе на правільны лад. Наша задача — спяваць горда і гучна. І мы пачынаем рабіць гэта яшчэ больш старанна, калі бачым усмешкі мінакоў, якія вітаюць нас і часам пускаюць слязу. 

Марыя Ганчарова: 

— Выкананне ваенных песень — гэта спосаб выказаць любоў да сваёй краіны. Удзел у флэшмобе дапамагае праявіць салідарнасць з вайскоўцамі, ветэранамі ды іх сем’ямі. Праект дазваляе маладому пакаленню захаваць гістарычную памяць і адначасова падкрэслівае радасць жыцця пад мірным небам. Старэйшаму пакаленню мы паказваем, што моладзь не забываецца на Перамогу і шануе герояў.