Ужо 35 гадоў “Сівінка” годна нясе званне “Народны аматарскі калектыў”. Чым адметны юбіляр і як ён крочыць да мары? Адказы на пытанні — у размове з кіраўніком хору Аленай Самонавай. У 1982-м пры Палацы культуры “Тэкстыльшчык” (сучасная назва — Палац культуры Баранавічаў. — Заўв. рэд.) быў заснаваны клуб ветэранаў вайны і працы, які аб’яднаў удзельнікаў добрай музыкай. Выкананне кампазіцый часоў Вялікай Айчыннай і беларускіх народных песень стала асноўным відам творчасці клуба. А праз год калектыў атрымаў сучасную назву — “Сівінка”.
Першы кіраўнік хору — дырыжор і музыкант Пётр Дзмітрыевіч Карасёў. З ім самадзейныя артысты пачалі займацца гуказдабываннем, узяліся за рэпертуар і сцэнічныя касцюмы. Вынік не прымусіў сябе чакаць: “Сівінка” стала выступаць на мерапрыемствах у Баранавічах і іншых гарадах краіны.
Удзельніцы народнага аматарскага калектыву "Сівінка"
У 1989-м рашэннем Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў за высокія творчыя дасягненні і актыўны ўдзел у арганізацыі вольнага часу працоўных хору было прысвоена званне “Народны аматарскі калектыў”, якое “Сівінка” годна нясе ўжо 35 гадоў.
У 2005-м на чале гурта стаў Мікалай Адамавіч Поцяг, а ў 2020-м — Алена Міхайлаўна Самонава.
— Цяпер народны хор ветэранаў “Сівінка” налічвае каля 20 удзельнікаў ад 65 да 94 гадоў, — распавядае кіраўнік. — Нягледзячы на паважны ўзрост, артысты з задавальненнем развучваюць новыя кампазіцыі і асвойваюць вакальнае майстэрства.
Алена Міхайлаўна падкрэслівае, што ўсе выканаўцы — выключна аматары, якіх згуртавала жаданне дзяліцца творчасцю з навакольнымі.
У рэпертуары — ваенныя і народныя песні, большасць якіх выконваецца на беларускай мове. Ёсць і аўтарскія кампазіцыі. Суправаджае выступленні калектыву баяніст Анатоль Аляксандравіч Хвалько.
Хор “Сівінка” ўдзельнічае ў шматлікіх канцэртах, гарадскіх і раённых фестывалях, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Калектыў — пастаянны госць свят да 9 Мая і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Але спевакі не адмаўляюцца ад запрашэнняў на новыя мерапрыемствы.
— “Сівінка” гучала на святкаванні 9 Мая, — распавядае Алена Міхайлаўна. — На галоўнай плошчы горада хор прадставіў “Бухенвальдскі набат”. Для гэтага пашылі новыя касцюмы пры садзейнічанні аддзела культуры Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта і роднага Палаца культуры.
За гады існавання хору ў ім вылучыліся артысты, якія рыхтуюць сольныя выступленні. Мы падтрымліваем іх жаданні: дапамагаем з аўтарскімі творамі, знаходзім час для індывідуальных рэпетыцый і робім усё магчымае, каб гэтыя спробы былі паспяховымі.
Летась калектыў адзначыў 40-годдзе вялікім канцэртам у Палацы культуры Баранавічаў: гледача радавалі не толькі шчырымі песнямі, але і салодкімі пачастункамі. Кіраўнік кажа, што ў хору яшчэ ўсё наперадзе.
— Хочацца, каб пра “Сівінку” ведалі і ў родным горадзе, і па ўсёй Беларусі, — ставіць амбітную мэту Алена Самонава. — Стараемся як мага часцей выступаць, каб павысіць пазнавальнасць калектыву і прыцягнуць новых удзельнікаў.
Але ж не толькі песні гуртуюць выканаўцаў “Сівінкі”. Многія з іх — ветэраны працы і вайны, а сталым людзям важна мець месца, дзе можна пагутарыць з аднадумцамі, падзяліцца пачуццямі і стаць часткай чагосьці значнага. “Разам з калектывам і з песняй ніякі ўзрост не перашкода, — гавораць артысты і запрашаюць: — Да сустрэчы на сцэнах гарадоў Рэспублікі Беларусь!”
Іван Паўлавіч Цімафееў, старэйшына “Сівінкі”:
— Патрапіў у хор дзякуючы знаёмай, якая была часткай калектыву, — і ўжо амаль палову жыцця спяваю ў “Сівінцы”. З ёй мяне звязвае 40 насычаных гадоў... У памяці захоўваюцца яркія моманты — святкаванне Дня Перамогі: мяне, як былога вязня канцлагера, віншуюць з гэтым вялікім днём, а я радую любімага гледа- ча сольнымі і харавымі выступленнямі. Праца ў “Сівінцы” — гэта не проста захапленне, якое прыносіць асалоду і пазітыўныя эмоцыі, а магчымасць развіць здольнасці, быць бадзёрым нават у 92 гады!
Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота з архіва калектыву