Чаму так важна зберагаць помнікі гісторыі і архітэктуры? Як культурная спадчына спрыяе развіццю краіны і грамадства? Што робіцца для захавання славутых мясцін? Гэтыя ды іншыя актуальныя пытанні абмеркавалі адмыслоўцы падчас рэспубліканскага семінара.
Мерапрыемства разгарнулася на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у семінары ўзялі прадстаўнікі Міністэрства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці Расійскай Федэрацыі, спецыялісты ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і музейнай справы, архітэктары, археолагі, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі сталічнай сферы адукацыі. Мадэратарам круглага стала выступіў кансультант упраўлення па ахове гісторыка- культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач. Ён адзначыў, што гісторыка-культурная спадчына з’яўляецца асновай культурнага коду нацыі і складае найважнейшы патэнцыял для выхавання падрастаючага пакалення. Менавіта таму для ўдзелу ў семінары былі запрошаныя прадстаўнікі сферы адукацыі, у тым ліку кіраўнікі і спецыялісты ўпраўленняў па адукацыі адміністрацый раёнаў Мінска, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія курыруюць пытанні патрыятычнага выхавання і ідэалагічнай работы, метадысты і настаўнікі. Неабходна знаёміць моладзь з помнікамі гісторыі, бо менавіта яны фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, выклікаюць гонар за сваю краіну.
Намеснік міністра таксама падкрэсліў, што вялікая ўвага надаецца рабоце з аб’ектамі архітэктурнай спадчыны, якія не выкарыстоўваюцца, праведзеная іх інвентарызацыя і распрацаваная праграма па іх уключэнні ў гаспадарчы абарот і правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ. За апошнія два гады ў турыстычны абарот уключана ўжо 37 такіх аб’ектаў.
Намеснік міністра па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці Кацярына Бойка, якая ўзяла ўдзел у пасяджэнні па відэасувязі, распавяла аб захаванні аб’ектаў культурнай спадчыны ў сваім рэгіёне. Між іншага, Пензенская вобласць вядомая тым, што тут знаходзяцца сядзіба Тарханы, дзе правёў дзіцячыя гады Міхаіл Лермантаў, дом у сяле Нараўчат, дзе нарадзіўся Аляксандр Купрын, а таксама будынак, дзе ў дзяцінстве жыў Вісарыён Бялінскі. У Пензе захаваліся дамы, дзе жылі і працавалі пісьменнік Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын, гісторык Васіль Ключэўскі, рэжысёр Усевалад Меерхольд і вядомы хірург Мікалай Бурдэнка.
Лідскі замак
Мяркуецца, што ў маі адбудзецца пашыраная відэаканферэнцыя з удзелам Міністэрства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці, а ў перспектыве будзе разгледжаная магчымасць правядзення абменных семінараў, падчас якіх спецыялісты з Пензы здолеюць пабачыць на свае вочы помнікі нашай краіны, а беларускія калегі, адпаведна, наведаюць Пензенскую вобласць.
Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Бокша выступіла з дакладам аб ролі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў захаванні гістарычнай памяці і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Яна нагадала, што наша краіна далучылася да UNESCO ў 1954 годзе і з’яўляецца ўдзельніцай дзвюх канвенцый, якія абараняюць спадчыну: Канвенцыі аб ахове прыроднай і культурнай спадчыны 1972 года і Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 года.
У спісы сусветнай спадчыны UNESCO ад Беларусі ўключаныя чатыры аб’екты: Белавежская пушча (1992), Мірскі замак (2000), Нясвіжскі замак (2005) і пункты Дугі Струвэ (2005), а таксама пяць элементаў нематэрыяльнай культуры: абрад “Калядныя цары” (2009), Будслаўскі фэст (2018), абрад “Юраўскі карагод” (2019), культура ляснога бортніцтва (2020) і мастацтва саломапляцення (2022). У 2023 годзе ў UNESCO ўнесеныя дзве намінацыі па элементах “Выцінанка. Традыцыйнае мастацтва выразання з паперы” і “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”, а сёлета ў сакавіку пададзеная намінацыя “Культура беларускай дуды”.
Таццяна Бокша падкрэсліла, што вялікую ролю ў справе захавання спадчыны адыгрывае Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, дзякуючы якому за апошнія гады праведзеныя работы на такіх аб’ектах, як царква Раства Прасвятой Багародзіцы XVI стагоддзя ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, маёнтак Напалеона Орды ва ўрочышчы Красны Двор Іванаўскага раёна, капліцы-пахавальні ХІХ стагоддзя родаў Ажэшкаў у Закозелі Драгічынскага раёна і Паскевічаў у Гомелі, касцёл і калегіум езуітаў XVIІІ стагоддзя у Мсціславе, Спаса-Праабражэнская царква ХІІ стагоддзя ў Полацку, і іншыя. У 2022—2023 гадах на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей накіравана каля 190 мільёнаў беларускіх рублёў.
Дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры, прафесар Армен Сардараў у сваім выступленні паразважаў аб пытаннях захавання вобраза помніка. Ён звярнуў увагу, што першачарговай задачай з’яўляецца зберажэнне любых вартасных помнікаў архітэктуры, незалежна ад перыяду іх стварэння і тагачаснай палітычнай ці ідэалагічнай кан’юнктуры. Таксама неабходна з павагай ставіцца да знешніх асаблівасцей помніка, якія перадаюць дух часу, у тым ліку ў выпадку захавання пабудоў у руінаваным стане, якія зусім не абавязкова патрабуюць аднаўлення ў першапачатковым выглядзе.
Дацэнт кафедры “Дызайн архітэктурнага асяроддзя” архітэктурнага факультэта БНТУ, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Марозаў распавёў аб месцы савецкай архітэктурнай спадчыны ў работах студэнтаў. Узоры савецкага мадэрнізму, якія сёння яшчэ не ўспрымаюцца шырокімі коламі грамадства як помнікі, тым не менш, маюць архітэктурную і гістарычную вартасць. У якасці прыкладаў цікавых студэнцкіх работ дакладчык згадаў даследаванні аб архітэктуры катэджаў 1980—1990-х і аб трансфармацыі савецкага інтэр’ера паводле матэрыялаў кінафільмаў. Выдатным прыкладам студэнцкіх работ таксама з’яўляецца стварэнне макетаў і 3D-мадэляў знакавых архітэктурных аб’ектаў. Акрамя таго, Яўген Марозаў узняў пытанне стварэння музея архітэктуры, якога сёння не стае для дэманстрацыі дасягненняў айчынных дойлідаў розных эпох.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Гаранская выступіла з дакладам “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: сучасны погляд”. У 1969 годзе Савет Міністраў БССР прыняў закон аб ахове помнікаў культуры, а ў 1980-м з’явілася пастанова “Аб захадах па паляпшэнні аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання гісторыі і культуры”, якая, між іншага, прадугледжвала папулярызацыю спадчыны праз выпуск інфармацыйнай прадукцыі.
У 1984 годзе быў зацверджаны “Збор помнікаў гісторыі культуры Беларусі”, які выходзіў асобнымі кнігамі, прысвечанымі кожнай з абласцей краіны, — да 1988-га свет пабачылі сем тамоў, што змяшчалі 14 тысяч артыкулаў. Тады ж на падставе гэтага выдання быў зацверджаны і спіс помнікаў гісторыі і культуры БССР рэспубліканскага значэння, які пазней лёг у аснову Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч падзяліўся досведам даследавання гарадзішча на рацэ Менцы. Падчас раскопак 2022—2023 гадоў на яго тэрыторыі археолагі знайшлі вялікую колькасць прадметаў, якія адносяцца да X і XI стагоддзяў, — гэта можа расцэньвацца як сведчанне, што яшчэ да бітвы на Нямізе, з якой звязаная першая летапісная згадка пра Мінск, тут існавала буйное паселішча.
У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку археалагічнага комплексу на Менцы, у склад якога ўваходзяць малое і вялікае гарадзішчы, чатыры селішчы і групы курганоў. Тут былі праведзеныя маштабныя даследаванні земляных умацаванняў, раскопкі закранулі плошчу каля 30 на 30 метраў і на восем метраў углыбіню.
Гэта першыя ў краіне паўнавартасныя раскопкі аб’екта — цалкам вышыня вала складае дзевяць метраў, недаследаваным пакуль застаецца апошні з іх. У выніку былі выяўленыя сляды дрэва-земляных умацаванняў, так званых гарадзён, датаваных X стагоддзем, якія ўяўляюць сабой здвоеныя дубовыя клеці вышынёй каля пяці метраў. Аб тым, што старажытнае селішча на Менцы было буйным гандлёвым і эканамічным цэнтрам воласці, сведчыць таксама вялікая колькасць знойдзеных тут арабскіх манет.
Загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Паліна Курловіч і выкладчык кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксей Сазанаў падзяліліся досведам выкарыстання паветранага лазернага сканавання для захавання і вывучэння археалагічных помнікаў на прыкладзе даследаванняў БДУ, у тым ліку гарадзішча на Менцы.
У сваю чаргу, прафесар кафедры “Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў” архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры Сяргей Сергачоў падзяліўся сваімі ўспамінамі аб тым, як непадалёк ад Гарадзішча ў 1970-я пачаў стварацца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Загадчык філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей беларускага народнага мастацтва” Генадзь Лісаў распавёў аб рабоце па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь у сваёй установе. Музей размяшчаецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, у гістарычным будынку неагатычнага касцёла Святога Апостала Мацвея сярэдзіны ХІХ стагоддзя, і дзейнічае з 1979 года.
Аснову экспазіцыі музея складаюць узоры традыцыйнага народнага мастацтва XVI—ХХ стагоддзяў, а таксама творы сучасных майстроў саломапляцення, ганчарства, ткацтва, разьбы і роспісу па дрэве. Акрамя выстаў, у музеі ладзяцца канцэрты класічнай і народнай музыкі, батлеечныя прадстаўленні і майстар-класы па традыцыйных рамёствах.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Генадзь Сівохін і старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея-запаведніка Ксенія Сямашка падрыхтавалі даклад “Ад гісторыка-археалагічнага запаведніка да гісторыка-культурнага музея-запаведніка: да пытання актуалізацыі ахоўнага статусу”.
А пасля пасяджэння ўдзельнікаў мерапрыемства чакала экскурсія па гістарычным цэнтры Заслаўя, падчас якой яны мелі магчымасць наведаць Спаса-Праабражэнскую царкву XVI стагоддзя, Музей беларускай маляванкі і Этнаграфічны комплекс “Млын”. Экскурсія дазволіла бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і помнікамі аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі і ўвачавідкі пераканацца ў багацці гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.
Антон РУДАК
Фота з прэзентацый