Штогод 1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У нашай краіне да маленькіх грамадзян асаблівае стаўленне. І першы дзень лета традыцыйна ператвараецца ў свята дзяцінства, падчас якога ладзіцца шмат цікавых праграм. Што падрыхтавалі ўстановы культуры для юных наведвальнікаў сёлета? Вось прыклады яскравых падзей.
Нацыянальная бібліятэка запрашае дзяцей і бацькоў на конкурс “Разумнейшы за ўсіх на свеце!”. Адкрыюць праграму маладыя таленты — Валерыя Бернатовіч, Арцём Скораль, калектыў “Хвілінка”. Пасля ўрачыстага старту на трох паверхах бібліятэкі разгорнуцца тэматычныя пляцоўкі, дзе пройдуць выступленні беларускіх зорак і блогераў, квэсты, майстар-класы, экскурсіі, гульні і ток-шоу.
Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў заняткі “Салдацкі трыкутнік”. Юныя наведвальнікі пазнаёмяцца з гісторыяй палявой пошты. У лакацыі “Музей для дзяцей” гасцей чакаюць гульні “Музейны дэшыфратар” і “Таемны экспанат”, віктарына “Вызваленне Беларусі”. Таксама будзе даступная інтэрактыўная пляцоўка самалёта Лі-2.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры парадуе хлопчыкаў і дзяўчынак майстар-класам па вырабе традыцыйных лялек, літаратуразнаўчай і краязнаўчай забавай “Капітан далёкіх вандровак” па творах Янкі Маўра, квізам “Магія слоў незвычайных”.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей прапануе святочнае мерапрыемства “Музей — для дзяцей” і акцыю — бясплатнае наведванне экспазіцый Новага і Старога замкаў, музеяў Максіма Багдановіча і гісторыі Гарадніцы.
Чароўная прэм’ера чакае юных гледачоў у Вялікім тэатры, дзе прадставяць “Казку пра цара Салтана” па матывах оперы Мікалая Рымскага-Корсакава.
Свята “Кола сяброў” пройдзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі: госці паўдзельнічаюць у гульнях і конкурсах, паспрабуюць сябе ў ролі артыста, убачаць спектакль “А мне не сорамна!..”.
“Беларусьфільм” запрашае на дзень адчыненых дзвярэй “На кінастудыю ўсёй сям’ёй”, Белдзяржцырк — на новае прадстаўленне “Цыркалета”, Белдзяржфілармонія — на праект “Дзеці спяваюць джаз”. А ў канцэртнай зале “Мінск” пройдзе святочная праграма “Мы дзеці краіны сваёй сінявокай” заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнага танца “Чабарок”. Фота яго ўдзельніц і ўпрыгожваюць вокладку сённяшняга нумара газеты “Культура”.