У заслужаным аматарскім калектыве тэатры эстрады “Кропелька” займаюцца 80 хлопчыкаў і дзяўчынак. Такой колькасцю ўдзельнікаў можа пахваліцца не кожны сталічны ансамбль. А “Кропелька” знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, дзе складана ладзіць кастынгі ды шукаць новых артыстаў. Што на працягу 30 гадоў робіць калектыў папулярным сярод моладзі — і не толькі аграгарадка Мір на Баранавіччыне, але нават раённага цэнтра? Пра гэта распавяла кіраўнік “Кропелькі” Ларыса Довят.
— Ларыса Юр’еўна, як з’явіўся ваш тэатр?
— Я нарадзілася ў Расіі, у Свярдлоўскай вобласці. У 1993-м пераехала ў Беларусь, ужо маючы за плячыма музычную адукацыю і досвед працы ў школе мастацтваў. У філіяле музычнай школы ў аграгарадку Мір працягнула выкладаць тэарэтычныя дысцыпліны, сальфеджыа. Дзяцей было няшмат. Я з імі, апроч усяго, занялася вакалам. Хаця гэта гучна сказана — проста аб’яднала ў ансамбль сем чалавек.
Мы спявалі, вучылі новыя творы, развіваліся. Неўзабаве паўстала пытанне назвы. Тады думала: дзеці ўсе маленькія, іх няшмат — проста жменька, кропелька... Кропелька і кропелька. Так і павялося.
Ларыса Довят (у цэнтры)
Маладой, амбітнай, мне хацелася, каб ансамбль паляпшаўся, каб прыходзілі новыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Неўзабаве ўдзельнікаў аказалася 18. У 1998-м нам прапанавалі зрабіцца ўзорным калектывам. Тады ў “Кропельцы” ўжо былі салісты, вакальная група. Я разумела: калі атрымаем гэтае званне, то і попыт будзе іншы. Паказалі праграму — і з першага разу сталі ўзорным калектывам тэатрам эстрады “Кропелька”.
Чаму тэатр эстрады? Сінтэзуем усе напрамкі і жанры. Дзеці спяваюць, танцуюць, рыхтуем тэатралізаваныя праграмы і нумары.
Вядома, нельга не распавесці, у якіх умовах стваралася “Кропелька”. Сельская мясцовасць. У школе паўтары сотні выхаванцаў. Яшчэ 50 — у садку. Населены пункт зусім невялікі. Але як наладжана праца ў Доме культуры, які ўзровень майстэрства ў творчых работнікаў!
Неўзабаве пачалася актыўная канцэртная дзейнасць, фестывалі і конкурсы. Адразу гэта было вельмі нясмела і сціпла. Спатрэбілася шмат часу, вялікае жаданне і праца, каб “Кропелька” стала перамагаць. У 2007-м упершыню выехалі на творчае спаборніцтва за мяжу разам з салісткай калектыву Валерыяй Емяльянчанка і прывезлі дыплом лаўрэата ІІІ ступені. Пачалі глядзець, як працуюць іншыя, вучыліся ў іх.
У 2015-м нам прапанавалі пазмагацца за званне “Заслужаны аматарскі калектыў”. Я спачатку моцна хвалявалася. Падрыхтаваліся, паказалі матэрыял рэспубліканскай камісіі — і з першага разу здалі гэты адказны іспыт. Заадно даведаліся, што можам памяняць назву на больш модную або гучную. Але мы вырашылі застацца сабой. Цяпер для Баранавіцкага раёна “Кропелька” — сапраўдны брэнд.
— У чым ваш галоўны сакрэт?
— Неталенавітых людзей не бывае. Важна ўбачыць у дзіцяці іскрынку і дапамагчы ёй разгарэцца. А яшчэ кажу выхаванцам: працуе закон трох Н — няма нічога немагчымага. Варта проста паверыць у сябе. Я вучу маленькіх артыстаў глядзець у вочы іншым, нічога не баяцца, размаўляць, жыць у грамадстве так, каб быць патрэбнымі. У верасні, калі аб’яўляем набор новых удзельнікаў, праслухоўваем і прымаем абсалютна ўсіх дзяцей. Потым ужо яны вырашаюць, ці патрэбна і цікава гэта ім. Няхай дзіця не спявае — навучым прыгожа гаварыць. Не гаворыць — будзе танцаваць, выконваць пластычныя эцюды. І калі чалавечак зразумее, што ён патрэбны, — лічым, галоўная мэта калектыву выканана.
Заслужаны аматарскі калектыў тэатр эстрады "Кропелька"
Я заўсёды пытаю ў дзіцяці: ты сам жадаеш спяваць ці мама так сказала? Ад рэакцыі шмат што залежыць. Мяркую, кожны хлопчык і дзяўчынка павінны займацца творчасцю. А дарослым належыць падтрымліваць дзяцей, верыць у іх і даваць магчымасць рабіць тое, чаго хочуць менавіта яны.
— Як вы ствараеце ў калектыве атмасферу вялікай дружнай сям’і?
— Калісьці нас было зусім мала. Але бацькі адчувалі, наколькі цёпла ў ансамблі ставяцца да выхаванцаў, як яны з задавальненнем і разуменнем сваёй місіі ідуць на заняткі. Далучалася адно дзіця, праз нейкі час — і браты, сёстры…
Бацькі паверылі, што “Кропелька” насамрэч патрэбная. Яны — наша дапамога, сіла, дызайнеры, ідэйныя натхняльнікі.
Ганаруся: цяпер у мяне ёсць творчая каманда. У яе складзе — мае вучні, якія выраслі ў “Кропельцы”, атрымалі прафесійную адукацыю і вярнуліся працаваць у родны Дом культуры. Гэта Кацярына Сычэўская, Дар’я Рудко і Аляксандра Гесь. Яны разам выхоўваюць будучых зорак беларускай эстрады і робяць калектыў больш моцным і прафесійным.
Усё пачыналася з сямі выхаванцаў. Цяпер іх — 80. Да нас прыязджаюць хлопчыкі і дзяўчынкі з найбліжэйшых аграгарадкоў і вёсак. Самая вялікая частка калектыву — жыхары Баранавічаў. Ведаеце, калі гарадскія бацькі вядуць дзяцей у сельскі Дом культуры, гэта пра нешта гаворыць. Нас зараз не кропелька, а цэлае мора.
— Якія вяршыні павінны скарыцца вашым выхаванцам?
— Знакавым для нас стаў 2022 год, калі калектыў удастоіўся спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Нас заўважылі, нас пачулі, у нас паверылі, і цяпер мы не можам апусціць планку.
“Кропельцы” ўжо 30 гадоў — 27 красавіка ладзім вялікі юбілейны канцэрт. Для дзіцячага калектыву гэта значны адрэзак часу: вырасла не адно пакаленне артыстаў, за плячыма — шмат конкурсаў, фестываляў, канцэртаў. Мы хочам памнажаць уменні і дасягненні, развівацца і вучыцца, пастаянна ўдасканальвацца. У творчасці не бывае ста працэнтаў, заўсёды крыху не хапае. Вось чаго трэба дасягаць. Мы заўжды гаворым: далей — больш.
Вядома, складана канкурыраваць са сталічнымі калектывамі, але стараемся не саступаць.
У нас няма звычайных канцэртаў. Яны ўсе з ідэяй, абавязкова тэатралізаваныя. Робім інтэрактыўныя праграмы, выязджаем у школы і садкі, летнія лагеры — узаемадзейнічаем з гледачом.
— Працаваць з дзіцячым калектывам складана. Як выходзіце на вынік?
— У нас тры склады — малодшы, сярэдні, старэйшы. Маем і падрыхтоўчую групу для тых, хто яшчэ толькі назапашвае навыкі, каб трапіць у асноўны састаў. Вынік будзе хіба тады, калі ёсць сістэма. Дзіця абавязкова два разы на тыдзень наведвае заняткі. Працуем і над рытмам, і над дыкцыяй, і над акцёрскім майстэрствам, вялікая ўвага надаецца вакалу і сцэнаграфіі. Усё гэта трэба паспець за паўтары гадзіны. Я стараюся гаварыць з дзецьмі музычнай мовай, мы праходзім асноўныя тэрміны і нотную грамату.
Таксама варта ўлічваць узроставыя асаблівасці. З падлеткамі, да прыкладу, спрабуем будаваць даверлівыя адносіны: размаўляем, дзелімся патаемным. Яднаюць і традыцыі. Мы заўсёды віншуем удзельнікаў ансамбля з днём нараджэння, робім “тусоўкі”, каб выхаванцы знаёміліся, больш даведваліся адно пра аднаго, сябравалі.
Ніякага сакрэту насамрэч няма. У калектыве ўсё будзе добра, калі ты робіш тое, што любіш, і любіш тое, што робіш. Я ганаруся вучнямі, ганаруся “Кропелькай”. Жадаю, каб яна толькі набірала абароты, каб мы ішлі толькі наперад. 30 гадоў праляцелі ў адно імгненне, і я вельмі хачу, каб мы не менш ярка сустрэлі наступныя юбілеі…
Ганна САКАЛОВА
Фота з архіва калектыву