“Піковая дама”, што з’явілася ў горкаўцаў усяго праз тыдзень пасля “Маскараду” (прычым некаторыя артысты заняты адразу ў абедзвюх прэм’ерах — гэта ж якая працаздольнасць!), далучылася да цёзак у оперным і ТЮГу. Ці не стане яна “ў піку” іншым? І ці не замнога “Дам” для мінскіх тэатралаў?
Апошняе пытанне невыпадковае: пэўна, публіка не адправіцца на новы спектакль з ужо знаёмай назвай. Насамрэч усё наадварот. Перакрыжаваны маркетынг, ці крос-маркетынг, пры ўмелым падыходзе яшчэ нікому не перашкаджаў. Выкарыстанне яго можа стаць добрым крокам да выхавання ўдумлівай публікі, гатовай параўноўваць розныя прачытанні матэрыялу, разважаць не якое з іх больш спадабалася, а як інтэрпрэтавалі адзін і той жа твор розныя майстры і што за свежыя сэнсавыя адгалінаванні пры гэтым з’явіліся. Такі прынцып — самы слушны шлях да развіцця крытычнага мыслення.
Сцэна на спектакля “Піковая дама”
Тым больш у кожнага тэатра — не толькі свая ўласна пастановачная версія са сваёй трактоўкай падзей і герояў, але і розныя тэксты. Самыя кардынальныя змены адбыліся ў оперы Чайкоўскага: ён выдзеліў усё ж каханне, а не грошы, як у Пушкіна. У “Піковых дамах” ТЮГа і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага спалучаюцца аповесць Аляксандра Сяргеевіча і спасылкі на оперу, лібрэта якой належыць брату кампазітара Мадэсту Чайкоўскаму. У горкаўцаў графіня нават спявае тую ж самую мелодыю Грэтры.
Цікавы сінтэз аповесці з операй ды іранічная дуэль Пушкіна і Чайкоўскага ў духу постмадэрнізму былі ў колішнім спектаклі Алега Жугжды ў Гродзенскім тэатры лялек. Тая “Піковая дама” выклікала сапраўдны фурор і перамагла на ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі адразу ў чатырох намінацыях: “Найлепшы спектакль”, “Найлепшы спектакль тэатра лялек”, “Найлепшая рэжысура” і “Найлепшая жаночая роля”.
Твор горкаўцаў у пастаноўцы Вольгі Барысавец, якой належаць і інсцэніроўка, афармленне, утрымлівае некаторыя ідэі таго лялечнага спектакля, але… “Піковая дама” Рускага так жа пачынаецца з картачнай гульні ў фае, так жа тлумачыць, у чым асаблівасці штоса, так жа акцэнтуе нямецкае паходжанне Германа — так жа, толькі крыху іначай. У Вольгі, якая сёлета заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, гэта ўжо другая самастойная прэм’ера ў дзяржаўных тэатрах краіны (мастацкім кіраўніком пастаноўкі выступае Сяргей Кавальчык). Месяц таму малады рэжысёр увасобіла спектакль “Нюрнберг. Лава падсудных” паводле дакументальнай расійскай п’есы ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. А “Піковую даму”, задуманую як бенефіс артысткі Наталлі Чамадуравай да яе нядаўняга юбілею, Вольга вырашыла як містычны фарс — такое жанравае азначэнне атрымаў новы спектакль.
На самай справе, яго хочацца перайменаваць у трагіфарс, бо рэальнай трагедыі тут куды больш, чым містыкі-фантазіі. Ваенны інжынер Герман апантаны ідэяй пабагацець. Так, ён не стане “ахвяраваць неабходным у надзеі набыць залішняе” і сядзе за картачны стол толькі тады, калі на- дзея ператворыцца ва ўпэўненасць, займее рэальныя абрысы. І здзейсніцца гэта, калі герой акажацца на мяжы між цвярозым усведамленнем рэчаіснасці і паступовым вар’яценнем. Такі працэс цудоўна, з бездакорнай натуральнасцю адлюстроўвае Кірыл Нікіцін: яго Герману пачынаеш спачуваць, бо разумееш, што прыкметы захворвання з’явіліся ў персанажа не пасля смерці графіні, а нашмат раней і чакалі трыгера, каб захапіць чалавека цалкам.
Знешне галоўная гераіня спектакля — графіня, якая практычна не пакідае падмосткі: распавядае пра сябе, сама праводзіць тыя сцэны, у якіх пра яе, здавалася б, толькі пляткараць. У момант смерці рукі жанчыны нагадваюць зламаныя крылы, выклікаючы нечаканыя асацыяцыі з “Лебядзіным возерам”, “Паміраючым лебедзем”. Усё гэта, нягледзячы на трагізм, мае адценне фарса, як і рэверанс у бок заяўленай містыкі — пахаванне графіні і далейшае адкрыццё таямніцы трох карт. І, атрымліваецца, “містычны фарс” — тое, што адбываецца ў галаве Германа. Менавіта Герман — самы “жывы” сярод персанажаў, а іх мы ўспрымаем праз яго бачанне. Невыпадкова і каханне ў спектаклі “зашпілена на ўсе гузікі”: замест выказвання пачуццяў, якіх у героя насамрэч няма, Герман цытуе вершы Пушкіна. У іншых сітуацыях — рушыць па тэксце опернага лібрэта, што без спеваў успрымаецца як фарс. Невыпадкова і Ліза (Віталіна Бідзюк) застаецца ледзь не эпізадычным персанажам, яе лёс падрабязна не прасочваецца. Невыпадкова і графіня мае парадыйнае аблічча, дэманструючы ўсе тэатральныя штампы: пафасныя прамовы, заломванне рук і іншыя растыражаваныя ў мінулыя часы прыёмы.
Але, выклікаўшы ў залы багата смеху, спектакль мадулюе ў трагедыю. Фігура графіні ў трохвугольніку чырвонага святла выглядае ўжо не забаўна, а жудасна і нікуды не знікае, застаецца там да канца — бы папярэджанне: шчасце і грошы — рэчы з розных опер, могуць і не сустрэцца.
Спектакль “прапісаўся” на камернай сцэне, дзе мінімальнымі сродкамі (усе дэкарацыі — маленькі круглы стол і два крэслы) створана сапраўднае тэатральнае дзеянне, што трымаецца на акцёрах і іх вывераным ансамблі. Аляксандр Гіранок увасабляе не толькі Томскага, як пазначана ў праграмцы. Акуляры — і ён ужо дзядуля, муж графіні. Капялюш — і перад намі Сен-Жэрмен, ад якога гераіня даведалася тры карты “цаной аднаго рандэву”.
Правамерны мінімум сцэнічнага атачэння кампенсуецца багаццем фанасферы: скарыстаны гукавыя стэрэаэфекты, што працуюць не толькі на адпаведны настрой, але і на прасторавыя адчуванні. “Піковая дама” атрымліваецца ў поўнай меры камернай. Увага гледачоў сканцэнтравана на дэталях, а думкі рыхтуюцца да палёту.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА