У пачатку мая на айчынныя экраны выйдзе ваеннагістарычная драма “Час вярнуцца” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Стужка прысвечана 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Карціна распавядзе пра партызан, дзякуючы якім аперацыя “Баграціён” мела поспех і наблізіла дзень Вялікай Перамогі.
Над стужкай працавалі доўга. Стваральнікі з максімальнай адказнасцю аднесліся да гісторыі, а таму яшчэ перад пачаткам здымак было шмат абмеркаванняў і правак.
— Мы глядзелі легендарныя беларускія фільмы і задаваліся пытаннямі: а чым новым мы як аўтары можам падзяліцца, чаму гледачы павінны пайсці на наша кіно? Гэта своеасаблівы выклік, — успамінае сцэнарыст Таццяна Команава. — Ставілі мэту вярнуць на экраны партызанскую тэму. Усе ведаюць пра мянушку кінастудыі “Партызанфільм”, якой мы крыху саромеліся, але разумелі, што сёння належыць нагадваць людзям: ваявалі не толькі нямецкія войскі і Чырвоная армія, у баявыя дзеянні былі ўцягнуты ўсе. І той размах народнага супраціву ў партызанскім і падпольным рухах, тое яркае выказванне грамадзянскай пазіцыі праз барацьбу з фашыстамі ў акупацыі — гэта трэба агучваць. Яшчэ мне як аўтару было важна распавесці гісторыю беларуса, які кожны дзень ішоў да мары. Чалавека, па духу будаўніка, які заўжды хацеў ствараць нешта для іншых, быў вымушаны падрываць і знішчаць, каб у канцы ўсё ж пракласці дарогу жыцця, якая прывядзе да Перамогі.
Падчас здымак фільма "Час вярнуцца"
Для рэжысёра карціны Івана Паўлава фільм “Час вярнуцца” стаў самым складаным у прафесійнай біяграфіі. І справа не ў кароткіх летніх начах, што павялічвалі здымачны перыяд. Тэма Вялікай Айчыннай для Івана Міхайлавіча, як і для кожнага беларуса, асабістая.
— Кіно рабіць складана, ваеннае — удвая, а ў такі год яшчэ і вельмі адказна, — адзначае рэжысёр. — У фільме выкарыста¬ ны рэальныя факты. Хроніка ўстаўлена спецыяльна для моладзі, каб яна разумела сітуацыю, у якой знаходзіліся партызаны. Мы здымалі карціну як даніну памяці ўсім, хто ваяваў на беларускіх землях, і ўклалі ў драму шмат душы. Спадзяюся, публіка ўбачыць у стужцы твор мастацтва.
Ускладнілі працэс пошукі паўразбураных ваенных экстэр’ераў. Напрыклад, адна з лакацый — завод імя Кірава ў Мінску — выдаецца аўтарамі за Оршу. На натуры было прасцей — працавалі на пляцоўках у Смалявічах і Вілейцы. Аднак і ў такіх сцэнах свае адметнасці: уцёкі з перасыльнага лагера здымалі чатыры ночы ў чатырох розных месцах.
— Нялёгка аказалася выбраць аб’екты без сучаснай інфраструктуры, — гаворыць аператар Вячаслаў Дунаеў. — І мы вельмі сур’ёзна падышлі да гэтай задачы, імкнуліся, каб карцінка не толькі была прывабнай, але і суадносілася з тым часам.
Гістарычная дакладнасць у стужцы захоўваецца шмат у чым. Аўтары пастараліся ўзнавіць пейзажы і інтэр’еры, што існавалі ў 1944-м, а прататыпамі многіх персанажаў сталі рэальныя асобы. Сярод выканаўцаў — беларускія і расійскія акцёры, якія пачынаюць кар’еру ў кіно. У фільме, дарэчы, апеты не толькі подзвіг айчынных партызан і падпольшчыкаў, але і стойкасць, мужнасць брацкіх народаў. Галоўнымі героямі абраны беларус, узбек і яўрэй: яны сімвалізуюць адзінства савецкага народа ў барацьбе з агульным ворагам. Мамадалі Тапвалдыеў па мянушцы Казбек, Іван Рылькоў і Аба Коўнер — на экране гэтае трыа ўвасобілі Аляксей Тахараў, Андрэй Сенькін і Цімур Бурын.
Кадр з фільма "Час вярнуцца"
Аднак, як адзначаюць навуковы кансультант фільма і аўтары, карціна ў першую чаргу мастацкая, таму пакідае права на выдумку. Ёй стаў парадак падзей, якія збіраліся па дадатках да ўзнагародных дакументаў Мамадалі Тапвалдыева і ў рэальнасці адбываліся ў розныя гады. Але навукоўцы запэўніваюць: праз гэта праўды ў сюжэце не менш.
— Гісторыка-мастацкі фільм не ігравая рэканструкцыя мінулага, — падкрэслівае навуковы кансультант карціны Сяргей Траццяк. — Такая стужка павінна перш за ўсё выхоўваць публіку. Кіно “Час вярнуцца” пра тое, як нягледзячы ні на што нашы партызаны рыхтавалі ўдар па ворагу. Гэта карціна аб баявым братэрстве народаў Савецкага Саюза і беларусах — народзе-працаўніку, народзе-пераможцу.
Плануецца, што фільм таксама з’явіцца на стрымінгавых платформах і тэлеканалах, у тым ліку на расійскіх.
Юлія Кадушкевіч, актрыса:
— Пражываць ролю было цяжка, бо ў Беларусі вайна закранула кожную сям’ю, а ўспамінаць асабістыя гісторыі маёй бабулі і прабабулі штораз даводзілася з хваляваннем. Але гэта трэба было зрабіць, каб не іграць, а насамрэч перадаваць тую волю да жыцця людзей, якія апынуліся ў сапраўдным пекле. Дзякуй рэжысёру за яго тытанічную працу і нізкі паклон усёй здымачнай групе, якая вытрымлівала напружанне разам з намі. Спадзяюся, гледачы адчуюць эмоцыі тых, хто прайшоў праз ліхалецце, і яшчэ раз усвядомяць: такі жудасны час не павінен паўтарыцца.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з архіва кінастудыі