Першую ў гэтым сезоне краязнаўчую вандроўку мы прысвяцілі Вілейшчыне. Сёння шлях ляжыць у старадаўняе мястэчка Куранец, якое налета адзначыць 670-годдзе.
У дарогу выпраўляюся прыцемкамі, на самай ранняй электрычцы. Трэба дабрацца да Маладзечна, адкуль на полацкім дызелі — да Куранца. Прагноз надвор’я не надта прыемны: сустрэчны вецер, кароткачасовыя ападкі. Але калі такія дробязі заміналі вандроўнікам?
Амаль кожны прыпынак да Маладзечна мае сваю “палічку” ўспамінаў-публікацый. Прыкладам, Масюкоўшчына (некалі пісалі пра шталаг 352), Крыжоўка (тут ёсць два цікавыя культавыя валуны, матэрыял у планах), Беларусь-Заслаўе (край дзядоў сусветна вядомага геолага Ігната Дамейкі), Вязынка (малая радзіма Янкі Купалы), Аляхновічы (блізу гэтай станцыі, а не ў Мясаце сапраўднае месца нараджэння паэта Тамаша Зана), Ласі-Плябань (дзе ўбачыў свет графік Казімір Бахматовіч). Усе пералічаныя куткі абыдзены — і апісаны на старонках газеты. Але абшар, што раскінуўся на поўначы ад Маладзечна, прынамсі для мяне, яшчэ “тэра інкогніта”.
Падмурак сядзібы ў Саковічах
Вандраваць у тым напрамку пакуль патрэбы не было. А цяпер ёсць: атрымалася дадаць у летапіс Куранца новыя імёны, аб чым раскажу далей. Атмасфера ў дызелі на Полацк (перасадка ў Маладзечне) больш цёплая. Людзі едуць сем’ямі, многія — ведаюць адно аднаго. А вось і месца прызначэння. Дызель салютуе слупам чорнага дыму і знікае ўдалечыні. Сядаю на ровар і накіроўваюся ў бок Саковічаў. Па дарозе прыгадаю сёе-тое з гісторыі.
Як і ў большасці нашых мястэчак, у Куранцы мала памятак пра яго доўгае жыццё. Хвалі войнаў змяталі ўсё на сваім шляху. Няма тут ні замкаў, ні палацаў, ні ратушы на плошчы Свабоды. Але ёсць Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1870) і касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла (2016). Ранейшыя драўляныя храмы, што былі “ад пачатку часоў”, гарэлі, адбудоўваліся, перабудоўваліся, знікалі.
Затое хапае сумных напамінаў пра войны — напрыклад, брацкая магіла партызан і савецкіх салдат, што загінулі ў Другой сусветнай, воінскае пахаванне, дзе спяць вечным сном больш за тысячу яўрэяў, якіх 9 верасня 1942 года бязлітасна знішчылі карнікі. Месца дагледжана (над ім апякуюцца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі”).
Але галоўны капітал Куранца ўсё ж людзі. Адсюль — слынны жывапісец і педагог Леў Альпяровіч, вучань Ільі Рэпіна (памятны камень усталяваны ў цэнтры); Вольга Парудалінская — савецкая актрыса кіно і тэатра (стужкі “Увага! У горадзе чараўнік!” ад “Беларусьфільма” і “Саюзмультфільма”, “Соф’я Кавалеўская”, “Яўген Анегін”, “Цягнік міласэрнасці”, інш.); Зінаіда Драздоўская, беларускі архітэктар; Анатоль Арцімовіч — айчынны скульптар і педагог, аўтар вялікай колькасці знакавых прац (“Салідарнасць” у Мінску, “Рагнеда” ў Заслаўі ды іншыя), адзін са стваральнікаў праекта мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. Нагадаем і пра сучаснага пецярбургскага кампазітара — прадстаўніка неарамантызму Леаніда Левашкевіча, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Куранцы. А цяпер час дадаць у спіс яшчэ некалькі імёнаў, што ўзбагацяць фарбамі палітру мястэчка.
Выязджаю за мяжу населенага пункта і адразу збочваю ўлева. Тут, у Саковічах (так пазначана на сучаснай карце), амаль пры самай дарозе, пад старымі таполямі і ліпамі некалі стаяла драўляная сядзібка. Кінуты дом і нікому не патрэбныя гаспадарчыя пабудовы, прызнаўшы аварыйнымі, спісалі і знеслі. Акрамя іншых магутных дрэваў (просяцца на карціны) і высокага падмурка, ёсць у фальварку сапраўдны цуд — помнік прыроды ніцая яліна. Хоць ёй больш за сто гадоў, вышыня дрэва — каля шасці метраў. Настолькі старых ніцых ялін у Беларусі няма. Недзе побач, у радыусе сотні-другой метраў ад фальварка (калі не ў ім самім), у Дзякаўшчыне (такога тапоніма сёння не існуе), з’явіўся на свет Генрык Жукоўскі — слынны мастак пачатку ХІХ стагоддзя, майстар партрэтнай мініяцюры (гл. “К” № 12, 2024). Калі б гэты факт быў адкрыты раней, а на радзіме творцы захаваліся яго карціны, ладзіліся выставы і выходзілі кнігі аб ім, хто ведае, як бы склаўся лёс разваленай сядзібы… Можа, сёння натоўпы турыстаў ездзілі б у музей. Але сталася інакш. Запаліўшы на высокім каменным падмурку зніч, развітваюся з ценямі Жукоўскіх.
Пакідаючы за спінай Саковічы і Куранец, прастую на ўсход. За мястэчкам на адлегласці ў кіламетр некалі быў маёнтак Багданава (не блытаць з Багданавам Рушчыцаў). Належаў ён Невяровічам, а ў ХІХ стагоддзі перайшоў праз сваяцтва ва ўласнасць Свідаў. У 1850-х тут гаспадарыла Сідалія Свіда з роду Невяровічаў. Сідалія сябравала з Уладзіславам Сыракомлем, які прысвяціў ёй паэму “Хаціна ў лесе” (1855, Вільня), Адамам Кіркорам, Станіславам Манюшкам і кампазітарам з-пад Ракава Міхалам Грушвіцкім (напісаў у яе гонар чатыры мазуркі). У Вільні шляхцянка мела салон, які збіраў творцаў — паэтаў, музыкантаў, мастакоў. Але самае галоўнае, яна была сястрой Уладзіслава Невяровіча, якога мы больш пазнаём пад псеўданімам Ян Тысевіч. Ураджэнец Міншчыны, мастак з еўрапейскай славай, сябар Адама Міцкевіча, мецэнат доўга заставаўся невядомым у Беларусі. Падаецца, атрымалася вярнуць яго з небыцця (гл. “К” № 27, 2022). Здагадваюся, што падчас прыезду з Парыжа ў 1840-х Тысевіч завітаў да сястры ў Багданава. Думаю, маглі зазірнуць сюды і іншыя славутасці.
Гомсін камень, Куранец
Сёння на месцы, дзе калісьці віравала жыццё, пустка. Старая свідаўская сядзіба згарэла ў вайну. Новая, пабудаваная ў 1920-х на іншым месцы, была кінута, разрабавана і знесена. Аднак яе спрабавалі выратаваць. У 2008-м вілейская пісьменніца і паэтэса Клаўдзія Дубовік, ураджэнка Багданава, з землякамі добраўпарадкоўвала тэрыторыю, марыла стварыць тут літаратурна-этнаграфічны музей, а таксама прысвяціла маёнтку і яго гісторыі паэму, краязнаўчы нарыс. На жаль, не паспела. Спадарыні Дубовік, як і гісторыка, рэдактара раённай газеты “Шлях Перамогі” Сяргея Ганчара, які нямала часу аддаў папулярызацыі Багданава і Саковічаў, не стала ў 2020 годзе.
Мінаем Багданава і скіроўваемся ў бок Хамянцоў. Адтуль па лясной брукаванцы выязджаем на Татараўшчыну. Побач з вёскай, на ўскрайку гаю, пад аховаю дзвюх велічных ялін прытуліўся “камень з ямкамі”. Культавы аб’ект, да якога людзі тысячагоддзямі ішлі з патрэбамі, сёння вядомы бадай толькі вандроўнікам і навукоўцам. Праўда, ніякай легенды пра яго адшукаць не ўдалося. А вось пра Гомсін камень, які знаходзіцца на заходніх ускраінах Куранца і лічыцца самым вялікім на Вілейшчыне, паданне захавалася. У 1855-м быў апублікаваны аповед пра Комсін Сіні камень. Маўляў, жыў некалі на тым месцы шавец, які з іроніяй ставіўся да забабонаў, ды аднойчы яго хата ператварылася ў камень (такое ж паданне было запісана на Нясвіжчыне). А згодна з сённяшняй версіяй, майстра забіла маланкай, бо ён працаваў у выхадны, калі людзі адправіліся ў храм. Прыродны артэфакт уражвае памерамі. Некалі валун быў яшчэ большы, ды чалавек “дапамог”. І гэты камень пад аховаю — таксама дрэваў, якія вось-вось стрэляць белым салютам у памяць пра шаўца Гомсу.
У цягніку, што вёз мяне дадому, я падсумоўваў вандроўку. Па-першае, і гэта самае відавочнае, — нават такое невялічкае мястэчка, як Куранец, мае выдатны турыстычны патэнцыял. Тое, што я распавёў, хіба вяршыня валуна, які большай часткай сядзіць у зямлі. Па-другое — трэба спяшацца жыць і вандраваць па Беларусі, і не толькі каб здабываць прыемныя эмоцыі, але і каб выкладаць на паперу знаходкі — захоўваць памяць пра мінуўшчыну.
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Мінск — Куранец — Мінск Фота аўтара