Галіна культуры сёння працуе на захаванне самабытнасці і гістарычнай памяці нашага народа. Такія задачы рэалізоўваюцца прадстаўнікамі розных відаў мастацтва. Для Беларускага саюза кампазітараў папулярызацыя айчыннай музыкі — адзін з прыярытэтаў нароўні з падтрымкай творцаў і павышэннем іх майстэрства. Старшыня грамадскага аб’яднання Алена Атрашкевіч падзялілася думкамі па актуальных пытаннях сферы.
— Алена Віктараўна, сёлета Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Натуральным чынам тэма вайны стала адной з найважнейшых у айчынным мастацтве на многія дзесяцігоддзі. Наколькі актыўна да яе звяртаюцца сучасныя кампазітары?
— Сучасныя творцы надаюць гэтай тэме істотную ўвагу. І тое не проста выкананне грамадзянскага абавязку ці водгук на пэўную дату. Думаю, што памяць пра Вялікую Айчынную ў кожнага з нас глыбока ўнутры. Да таго ж многія чальцы Беларускага саюза кампазітараў — людзі паважнага ўзросту, іх бацькі былі альбо ўдзельнікамі, альбо сведкамі ваенных падзей. Прыкладам, я заўсёды ўспамінаю маму, якая шмат расказвала пра сваё партызанскае юнацтва. Яна заўжды паўтарала, што вайна — гэта страшна, што такое не павінна паўтарыцца.
Алена Атрашкевіч
Сёлета ў Вялікім тэатры Беларусі плануецца пастаноўка “Патэтычны дзённік памяці”, якая падсумоўвае набыткі многіх кампазітараў. Алег Хадоска аб’ядноўвае музыку творцаў розных пакаленняў: Мікалая Чуркіна, Анатоля Багатырова, Дзмітрыя Смольскага, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Цікоцкага і іншых. Гэта выдатная задума. Мусіць атрымацца багатая рэтраспектыва беларускай музыкі, якая ўпрыгожыць пастаноўку.
З майго пункту гледжання, больш глыбока і прафесійна, чым Леанід Захлеўны, сёння на тэму вайны наўрад ці хто піша. І ў зборніку гэтага аўтара, які выйдзе ў 2024-м з падачы Беларускага саюза кампазітараў, сярод іншых выдатных твораў будуць два вельмі важныя блокі — “Песні роднага краю” і “Песні Перамогі”. Туды ўвойдуць такія работы, як “Міласэрнасць” і “З днём нараджэння, Перамога!” на словы Міхаіла Ясеня, “Салдат Перамогі” на словы Канстанціна Цыбульскага, “Служыць Айчыне” на словы Святланы Салагуб і іншыя. У гэтых кампазіцыях — вобраз мыслення сапраўднага патрыёта і грамадзяніна, надзвычай таленавітага музыканта.
Таксама сёлета мы выпус- каем зборнік “Рэха Перамогі”. Лепшую назву для такога выдання цяжка адшукаць: да цяперашніх пакаленняў далятае толькі водгулле тых падзей — у аповедах, у кіно. Пад адной вокладкай будуць сабраны творы Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Алега Елісеенкава, Васіля Раінчыка, Аліны Безенсон і іншых айчынных аўтараў. А назву зборніку дала мая песня “Рэха Перамогі”. Яна нарадзілася літаральна праз некалькі дзён пасля адыходу маці. Я паабяцала ёй, што гэты твор з’явіцца. І вось 12 мая кампазіцыя прагучыць у выкананні зводнага хору школьнікаў у Маскве, а 26 мая — у Мінску.
Да тэмы вайны звяртаецца і новае пакаленне. Працягнем нітку ад “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна да цяперашняга калектыву, які годна нясе славутае імя. Я памятаю, якое моцнае ўражанне стваралі прэм’еры цыкла “Праз усю вайну” і іншых музычных палотнаў. І сённяшні кіраўнік “Песняроў” Раман Козыраў развівае гэтую тэму. Адносна нядаўна Беларускі саюз кампазітараў папоўніла малады аўтар Кацярына Сянкевіч. Адметна, што сярод яе работ ёсць твор для камернага аркестра, барытона і гадзіннікавых механізмаў, прысвечаны памяці ахвяр Вялікай Айчыннай. Здавалася б — прадстаўніца пакалення, якое не бачыла вайны, аднак нешта штурхае выказвацца...
— Што ўплывае на тое, ці атрымаецца ў сучаснага кампазітара шчыры і якасны твор пра вайну, які знойдзе водгук у слухача?
— Па-першае, аўтар мусіць добра ведаць тэму і дакладна ўяўляць змест гістарычных падзей. Па-другое, патрабуецца сур’ёзная эмацыйная напоўненасць. Сёння дастаткова крыніц, каб атрымаць вычарпальную інфармацыю і прасякнуцца трагізмам тых гадоў. Можна глядзець старыя і новыя фільмы, чытаць класікаў айчыннай літаратуры. Наша краіна адна з нямногіх зберагла помнікі героям вайны, захавала імёны абаронцаў у назвах вуліц. І, убачыўшы на сваім шляху манумент, толькі лянівыя не пацягнуцца пачытаць пра людзей, якім ён прысвечаны. Безумоўна, пісаць на такую сур’ёзную тэму, не маючы ўяўлення пра яе, недаравальна і неразумна.
— У нашай краіне прынята Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Асаблівая ўвага ў дакуменце надаецца прасоў- ванню нацыянальнага культурнага прадукту, яго рэпрэзентацыі ў інфармацыйным і лічбавым асяроддзі. Як ідуць справы з музыкай у названым рэчышчы?
— Гэта асобны кірунак нашай працы. Прыемна адзначыць, што выканаўцы з усё большай цікавасцю звяртаюцца да музыкі менавіта айчынных аўтараў. Патрэбу нараджаюць у тым ліку разнастайныя конкурсы, на якіх адна з умоў нярэдка — выкананне твора беларускага кампазітара.
Прыемна адзначыць, што выканаўцы з усё большай цікавасцю звяртаюцца да музыкі менавіта айчынных аўтараў.
Што тычыцца даступнасці матэрыялу, мы даволі лёгка абменьваемся ім у інтэрнэце, карыстаемся асабістымі кантактамі. Як правіла, нашы аўтары з ахвотай адгукаюцца на запыты выканаўцаў і калектываў. На сайце Беларускага саюза кампазітараў апублікаваны буклет, у якім адлюстраваны набыткі нашых творцаў за 2015—2023 гады. У ім любы ахвотны можа адшукаць патрэбныя звесткі. Таму інфармаванасць пра свежы матэрыял ёсць. Іншая справа, што пакуль не наладжаны сістэмнае выданне і рэалізацыя партытур. Аднак падчас сустрэчы з кіраўнікамі творчых саюзаў міністр культуры Анатолій Маркевіч заўважыў, што гэтую дзейнасць варта актывізаваць.
— Немалы ўнёсак у папулярызацыю нацыянальнай культуры Беларускі саюз кампазітараў робіць праз адмысловыя імпрэзы на сваёй пляцоўцы...
— Шмат дзесяцігоддзяў таму нарадзілася традыцыя правядзення “Музычнай серады” ў Саюзе кампазітараў. На жаль, на некаторы час звычай перарваўся. Аднак мы аднавілі яго пасля перапынку. Аказалася, ёсць нямала людзей, якія чакаюць такіх сустрэч. У нашай зале праходзілі вечарыны з кампазітарамі і выканаўцамі. Напрыклад, з Эдуардам Ханком. Некалькі тыдняў таму адбылася імпрэза з удзелам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Веранікі Сахаравай і яе студэнтаў, якія прэзентавалі багаты пласт фартэпіянных твораў.
Акрамя таго, мы зладзілі шэраг мерапрыемстваў не для публікі, а ўласна для кампазітараў. Падзеі былі прысвечаны пытанням аўтарскага права, выкарыстання магчымасцей Сеціва. Плануем таксама майстар-класы, тым больш падобны досвед у Саюза кампазітараў ёсць.
— У значнай ступені на кансалідацыю грамадства, эстэтычнае і патрыятычнае выхаванне ўплывае харавая творчасць. Як гэтае мастацтва развіваецца сёння і што яшчэ варта зрабіць?
— Асобы, якія займаюцца творчасцю, маюць свой погляд на рэчаіснасць, выходзяць на вышэйшы ўзровень духоўнасці. Харавая творчасць можа аб’яднаць значна больш людзей, чым спорт ці іншая камандная дзейнасць, і школы мастацтваў, каледжы імкнуцца гэтую нішу запоўніць. Аднак побач са спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі мусіць быць і сістэма школьнай адукацыі. Варта аднавіць страчаныя традыцыі на ўзроўні сярэдніх школ, вярнуць у працэс урокі музыкі на тым узроўні, што быў некалькі дзесяцігоддзяў таму.
Я вельмі ўдзячная нашым хормайстрам, якія працуюць у розных установах. Гэта сапраўдныя альтруісты. Сярод іх Аляксей Снітко, Сямён Кляманаў, Інэса Бадзяка, Вольга Янум і многія іншыя. У нас шмат энтузіястаў. Да таго ж зберагаюцца традыцыі акцыі “Харавое веча” і фестывалю “Пеўчае поле”. Але нам усё яшчэ не стае пэўнага размаху.