Пачынаючы з першай франтавой кінахронікі тэма Вялікай Айчыннай ніколі не сыходзіла з беларускіх экранаў. Рэжысёраў цікавілі гераізм і пакуты, лёс усяго народа і маральны выбар асобнага чалавека. Пра рэха вайны ў айчынным кіно размаўлялі на круглым стале ў Нацыянальнай акадэміі навук.
У савецкія гады адной з крыніц натхнення для кінематаграфістаў з’яўлялася літаратура. Беларускія пісьменнікі ў сваіх работах адлюстроўвалі сапраўднае становішча на перадавой і ў падполлі, рэфлексавалі на тэму міру і вайны, помсты і даравання. Не дзіўна, што многія ваенныя літаратурныя творы ў далейшым атрымалі другое жыццё на экране. Як заўважае кандыдат мастацтвазнаўства Марына Белавокая, рэжысёры звярталіся да розных тэм.
— Тэма акупацыі і партызанскага супраціву падрабязна асветленая ў беларускім кінематографе. Шырока прадстаўлена нечалавечае зло канцлагераў. Карціны поўняцца цяжкімі ўспамінамі. Нароўні з мірным насельніцтвам і партызанамі досыць маляўнічымі падаюцца вобразы паліцаяў: напрыклад, у “Знаку бяды” і “Вазьму твой боль” Міхаіла Пташука. Менш у нас прадстаўлены фронт і баявыя дзеянні, але сярод нямногіх — фільм Рычарда Віктарава “Трэцяя ракета”, дзе “доўгія вёрсты вайны” выяўлены на экране візуальна: пякучае сонца, бясконцы пясок, бессэнсоўнасць таго, што адбываецца...
Кадр з фільма "Знак бяды"
Стужкамі пра Вялікую Айчынную беларусы зрабілі сапраўды важкі ўклад у сусветны кінематограф. Карцінам уласцівыя антымілітарысцкая накіраванасць і прадстаўленне вайны як безумоўнага зла, якое не павінна паўтарыцца. Невыпадкова, што ў многіх сюжэтах прасочваецца моцная сувязь з духоўным, біблейскім. Самы яркі прадстаўнік “хрысціянскай плыні” — фільм “Узыходжанне” Ларысы Шапіцька. Па словах загадчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кінакрытыка Людмілы Саянковай-Мяльніцкай, для рэжысёра экранізацыя “Сотнікава”, што быў яе “асабістай Бібліяй”, прымусіла шукаць формулу неўміручасці.
— Фільм прасякнуты біблейскімі матывамі. Невыпадкова рэжысёр вызначае сваю карціну як неапрытчу. Першыя кадры — заснежаны беларускі лес, дзе адразу вылучаюцца галоўныя героі, Сотнікаў і Рыбак. Прырода ў кіно часта нясе ў сабе метафару, намінальна не пазначаную. У дадзеным выпадку перад намі Гефсіманскі сад. Белае поле — сінонім пустыні. Ягнятка, якога нясе на плячах Рыбак, становіцца сімвалам будучай ахвяры, а апошні шлях Сотнікава на пакаранне — узыходжанне на Галгофу. Калі героі трапляюць у вёску, яны сустракаюць старасту, глыбокага верніка. Не выпадкова ён прачытваецца як апостал Пётр. Па меры развіцця фільма мяняюцца вобразы галоўных персанажаў: Сотнікаў усё больш становіцца падобным да Хрыста, Рыбак — да Іуды.
З’яўленне ваеннага кіно ў Беларусі стала натуральнай рэакцыяй на кровапралітнае ліхалецце. Як сцвярджае кандыдат мастацтвазнаўства, кінакрытык Антаніна Карпілава, першыя ігравыя карціны адклікаліся на падзеі Вялікай Айчыннай у “міфалагічным стылі эпохі высакамоўнага стылю”. Да іх адносяцца фільмы “Канстанцін Заслонаў”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”. У 1960-я патэтыка мяняецца, бо на рэжысёрскія крэслы заступаюць аўтары, чыё дзяцінства прыйшлося на жудасныя гады вайны: Віктар Тураў, Валерый Рубінчык, Ігар Дабралюбаў, Валерый Рыбараў. Найбольшага трагічнага катарсісу ваенная тэма дасягае ў карціне Элема Клімава “Ідзі і глядзі”.
Кадр з фільма "Ідзі і глядзі"
Што датычыцца сучаснага этапу, ён, на думку Антаніны Аляксееўны, адзначаны вяртаннем да пэўнай шаблоннасці. Разам з тым айчынныя творцы імкнуцца выйсці за рамкі.
— Фільм, без якога нельга ўявіць сучаснае становішча беларускага ваеннага кіно, — “Час вярнуцца” Івана Паўлава. Карціна моцная, дынамічная, відовішчная, адпавядае прыгодніцкім канонам, але пазбаўленая рэфлексіі. Гэта гаворыць пра тое, што кіно, як і любая галіна культуры, развіваецца стадыяльна. На жаль, сёння сапраўды не хапае фільмаў, якія прымушаюць думаць. Тым не менш кінематограф, які ўсё ператварае ў сімвал, усё ж нясе некаторыя разважанні.
Традыцыі беларускага кіно ў сучасны перыяд, па словах загадчыка кафедры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдата мастацтвазнаўства Алега Сільвановіча, звязаны з ваенна-патрыятычнымі фільмамі, якія сфармавалі імідж Нацыянальнай кінастудыі:
— Тэма Вялікай Айчыннай заўсёды знаходзіцца ў фокусе “Беларусьфільма”. Колькасна і якасна патрыятычныя стужкі заўсёды пераважаюць у рэпертуары кінастудыі. Гэтая тэма ніколі не сыдзе з беларускіх экранаў, бо жыццёвы вопыт людзей, якія ўдзельнічалі ў вайне, мы не можам перадаць толькі інфармацыйнымі сродкамі. Менавіта эмацыйны складнік, што прыходзіць да нас дзякуючы мастацкаму кіно, адыгрывае асноўную ролю ў выхаванні патрыятызму ў маладога гледача і захаванні гістарычнай памяці.
Кадр з фільма "Час вярнуцца"
Яўгенія ГАБЕЦ