Садружнасць артыстаў і абаронцаў

Апублiкавана: 25 мая 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Шэфская творчая акцыя “Баявая агітбрыгада” стартавала ў красавіку — і з таго часу артысты Белдзяржфілармоніі, а таксама прафесійныя і аматарскія калектывы выступілі з канцэртамі, арганізавалі тэматычныя лекторыі і кінапаказы ў многіх воінскіх часцях па ўсёй краіне. 

Як адзначыла музыказнавец Вольга Брылон, якая праводзіць лекцыі ў рамках ініцыятывы, у Вялікую Айчынную франтавыя агітбрыгады ствараліся пры кожнай дывізіі. Яны выступалі ў шпіталях, падчас баявых дзеянняў паблізу перадавой, у партызанскіх атрадах. Канцэртнае абслугоўванне фронту стала ганаровым абавязкам для ўсіх артыстаў тых гадоў. У склад агітбрыгад уключаліся дэкламатары, вядучыя, спевакі, танцоры, а таксама артысты арыгінальнага жанру, такія як акрабаты ды ілюзіяністы. Паказваць таленты даводзілася на лясных палянах, вакзальных перонах, у кузавах грузавікоў, шпітальных палатах, зямлянках і бліндажах. 

Цяперашняя акцыя — своеасаблівы мост паміж эпохамі, аднаўленне традыцыі сяброўства творчай інтэлігенцыі і абаронцаў. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч падкрэсліла, што акцыя паспрыяе патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі, дазволіць ушанаваць герояў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аддаць даніну памяці трагічным старонкам нашага мінулага. 

Адным з пунктаў творчага маршруту стала 557-я інжынерная брыгада ў Гродне, дзе выступілі артысты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча і Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі, а таксама ансамбль “Аніма” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. У рамках мерапрыемства адбыўся адкрыты дыялог з удзелам Уладзіміра Цюцюнніка, палкоўніка ў адстаўцы, старшыні савета Кастрычніцкай раённай грамадскай арганізацыі ветэранаў Гродна. Таксама перад канцэртам выступіў воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Балібрук, падпалкоўнік у адстаўцы. 

Падчас візіту ў 65-ю аўтамабільную брыгаду

Падчас візіту ў 65-ю аўтамабільную брыгаду

У Брэсцкай вобласці на 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе прадставілі сваю творчасць Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, вакальны ансамбль “Бясконцасць” 8-й радыётэхнічнай брыгады ВПС і войскаў СПА, а таксама саліст ваеннага аркестра 61-й базы прапаршчык Андрэй Вайтовіч. Таксама выступілі ганаровыя госці: палкоўнік у адстаўцы старшыня савета Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Анатоль Мішэчак і гвардыі маёр у адстаўцы старшыня савета ветэранаў далёкай авіяцыі Баранавічаў Віктар Крывашлыкаў. 

У працяг туру па воінскіх часцях 28 красавіка ўдзельнікі акцыі наведалі 65-ю аўтамабільную брыгаду ў Жодзіне, дзе, акрамя мінскіх гасцей, выступілі выкладчыкі Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў Вераніка Кастрыгіна і Павел Дуброўскі, дыпламант фестывалю-конкурсу “Іграй, гармонік” Валянцін Маляроў, а таксама бібліятэкар часці Марына Лазенка. Да байцоў звярнуліся старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў генерал-маёр запасу Сяргей Бобрыкаў, старшыня Жодзінскай гарадской грамадскай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Мельнік. 

Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь быў адзначаны канцэртам у Віцебску. Прадстаўнікам 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады падарылі сваю творчасць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорная група “Купалінка”, салісты Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анатоль Цяльцоў (баян) і Наталля Змітровіч (домра), гвардыі старшы лейтэнант Аляксей Масальскі, спявачка Улада, салістка Белдзяржфілармоніі. 

У Мінску 19 мая прайшоў канцэрт для курсантаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а ў Полацку — для байцоў 228-га асобнага палка радыёэлектроннай барацьбы, 377-га зенітна-ракетнага палка ды 10-га асобнага батальёна радыёэлектроннай барацьбы. Да сталічных артыстаў у самым старажытным горадзе краіны далучыліся дуэт народнага ансамбля песні “Фярцінка” і салістка дзіцячага ансамбля песні “Вяснушкі” Багатырскага сельскага Дома культуры Аміна Сабірава. Таксама з маладым пакаленнем вайскоўцаў сустрэўся ветэран Вялікай Айчыннай Аляксандр Растопчын, палкоўнік у адстаўцы. “Баявая агітбрыгада” працягвае шлях па Беларусі: акцыя прадоўжыцца да 23 чэрвеня.