У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага з’явіўся “Маскарад” — новы, нечаканы, непазнавальны. Вы адкрыеце ў ім многа, невядомага, асабліва калі вывучылі гэту вершаваную п’есу М. Лермантава ледзь не на памяць.
Прэм’ера прымеркаваная да 190-годдзя з дня народзінаў рускага класіка, але спектакль ні ў якай меры нельга назваць “дацкім” — створаным толькі да пэўнай даты. Малады рэжысёр Дэвід Разумаў, не менш вядомы як таленавіты акцёр той жа горкаўскай трупы, знайшоў гарманічны баланс між радкамі паэтычнага арыгінала і дададзенымі празаічнымі фрагментамі, дзе некаторыя моманты п’есы пераказваюцца “сваімі словамі”. Такая сумесь тэкстаў разам з іншымі дэталямі мастацкага рашэння, пачынаючы з пераносу дзеяння ў наш час з навушнікамі і смартфонамі, наблізіла змест да сучаснага гледача, зрабіла спектакль актуальным для моладзі.
Сцэна са спектакля "Маскарад"
Сапраўды, няўжо не хвалюе нас сёння тэма здрады, сямейнага ўзаемаразумення, даверу, уздзеяння на чалавечыя памкненні і ўчынкі бліжэйшага атачэння? Ды і гульняманія, звязаная з заканамернай грашовай рызыкай, набірае ўсё большыя абароты. Невыпадкова псіхалагічны стан гульцоў, прыглушаны ў Лермантава супрацьстаўленнем мужчыны і жанчыны, прынцыпова рознай грамадскай ацэнкай іх аднолькавых паводзін, у спектаклі выходзіць на першы план. Садзейнічае гэтаму своеасаблівы пластычны пралог (пластыка Віталіны Бідзюк, якая выступае таксама ў ролі Ганны Штраль), у якім прысутнічаюць тонкія, але вельмі заўважныя сувязі адразу з некалькімі творамі сусветнай літаратуры.
Гэты спектакль не трагедыя, а вяртанне ў мінулае, дзе вядуцца пошукі найбольш важных “болевых пунктаў”.
Арбенін з пэўнага часу не гуляе ў карты, хаця рэгулярна прыходзіць назіраць за працэсам і вынікамі. Акурат як Герман у “Пікавай даме”! Яго падбухторвае да гульні, правакуе “згадаць маладосць” Казарын (Аляксей Качан). Чым не Мефістофель? Пагатоў роля гэтага персанажа значна пашыраная, як у п’есе “Арбенін”, што стала трэцяй аўтарскай рэдакцыяй пачатковага “Маскараду”. Пакутлівыя ваганні Арбеніна, гуляць ці не гуляць, нечым нагадваюць знакамітае пытанне з маналогу Гамлета: “Быць ці не быць?” Толькі ў першым выпадку палымяныя жарсці змагаюцца з абяцаннем, дадзеным каханай, а ў другім гэта больш разважлівая ўнутраная барацьба дзвюх супрацьлеглых думак-памкненняў, што вядзецца на філасофскім узроўні.
Пралог адразу акрэслівае асноўную тэму: барацьба за чалавека між сіламі дабра і зла. На адным полюсе — каханне, спачуванне, вечныя сямейныя каштоўнасці. На іншым — падпарадкаванне натоўпу, няправільна абранаму атачэнню, дзе пераважаюць “людзі-манекены”. Бо злом выступае не адзін д’ябал-спакушальнік у абліччы сябра, а разам з памагатымі. Гэта і гульцы (студэнты Акадэміі мастацтваў і Павел Еўтушэнка, які цудоўна пераўвасабляецца таксама ў яўрэя — гаспадара крамы), падобныя да ўдзельнікаў падлеткавай банды, і манекены, што сімвалізуюць унутраную пустэчу і часам нагадваюць жудасных вурдалакаў з якога-небудзь трылера.
Андрэй Сенькін у ролі Яўгена Арбеніна і Алена Сцяцэнка — Ніны Арбенінай
Ёсць у пастаноўцы і эпілог, не прадугледжаны ў Лермантава. Спектакль заканчваецца не трагедыяй (дарэчы, фінал “па п’есе” таксама адрозніваецца ад арыгінала), а вяртаннем у мінулае, дзе вядуцца пошукі найбольш важных “болевых пунктаў” і магчымасці іх пераадолення. Нарэшце, героі знаходзяць галоўны момант свайго жыцця, пасля чаго ўсё пайшло “не так”, няўмольна набліжаючыся да фатальнай развязкі.
Падобны фінал прапаноўваў у свой час яшчэ адзін беларускі кампазітар — Вячаслаў Кузняцоў у балеце “Макбэт”. Партытура завяршалася эпілогам, дзе ўсе лейттэмы набывалі прынцыпова новае аблічча і развіццё: у момант смерці герой асэнсоўваў, што мог бы пражыць сваё жыццё іначай і быць шчаслівым. На жаль, гэта музыка не ўвайшла ў той балетны спектакль: цудоўная драматургічная ідэя кампазітара не была рэалізаваная. Але падобнае рашэнне ў цяперашнім “Маскарадзе” адкрывае новыя перспектывы, натхняючы гледачоў не проста на асэнсаванне незваротнай трагедыі, а на пошукі магчымасцей яе пазбегнуць. Падобны падыход да складаных жыццёвых сітуацый уласцівы так званаму форум-тэатру, што мяжуе з псіхалагічнымі трэнінгамі: артысты разыгрываюць канфліктную сцэнку, а пры яе далейшых паўторах кожны з гледачоў можа заняць месца аднаго з персанажаў і хаця б часткова “разруліць” драматычнае сутыкненне. Менавіта такі тэатральны пасыл, скіраваны на глядацкую актыўнасць у вырашэнні праблемы, неабходны сёння моладзі ды і ўсім нам. Бо ён не зацыклівае чалавека на негатыве, а вымушае шукаць выйсце, даводзячы, што безвыходных сітуацый не бывае.
Момант уключэння ў “Маскарадзе” гэтакай машыны часу, што адмотвае жыццё назад, вырашаны вельмі простымі тэатральнымі сродкамі. Уключаецца паваротнае кола, Арбенін крочыць назад, застаючыся на месцы, і “пракручвае” мінулыя падзеі, каб спыніцца і змяніць траекторыю іх далейшага развіцця. І ўсё гэта — пад запіс знакамітага вальса беларускага класіка Анатоля Багатырова да драмы Лермантава “Маскарад”. Калі б гэтая музыка была напісаная для кіно, дык, пэўна, пераўзышла б па сваёй папулярнасці вальс Яўгена Догі з фільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер”. У цяперашнім спектаклі яна становіцца сімвалам вяртання не проста ў мінулае, а да шчырага дыялогу, дзе героі слухаюць і, галоўнае, чуюць адно аднаго. Важна і тое, што ў гэтай размове іначай паводзіць сябе не толькі Арбенін, але і Ніна: не абвінавачвае мужа, што вярнуўся да картачнага стала, а шукае гэтаму апраўданне і тым самым падкрэслівае лепшыя якасці каханага, вымушаючы яго ім адпавядаць. Чым не яшчэ адна падказка, як паводзіцца ў крытычныя моманты?
Сцэна са спектакля "Маскарад". У ролі князя Звездіча — Кірыл Нікіцін
У пастаноўцы задзейнічаны ўсе магчымасці сцэны, выдатна выстаўлена тэатральнае святло. Музыка Андрэя Папкова, скіраваная на стварэнне неабходнай атмасферы, літаральна падводзіць да цытаты згаданага вальса як да эмацыянальнай кульмінацыі-катарсісу.
Нечаканым быў выбар некаторых акцёраў, рэжысёр адкрыў новыя грані іх таленту. Арбеніным паўстаў ані не змрочны, наадварот, вельмі светлы, вытанчана інтэлігентны Андрэй Сенькін, у чарадзе роляў якога — князь Мышкін у “Ідыёце” Дастаеўскага. Нінай была абраная Алена Сцяцэнка, якая больш спецыялізуецца на рашучых камічных гераінях. Князем Звездзічам (яго стасункі з Ганнай Штраль таксама пераасэнсаваныя) — Кірыл Нікіцін. Другога складу няма, і гэтыя артысты літаральна зліліся ў нашым уяўленні са сваімі героямі, выклікаючы шквал эмоцый і думак.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра