Кожны малады талент — неагранены алмаз, які належыць разглядзець і вылучыць з непрыкметнай руды. Задаткі можа заўважыць толькі сапраўдны майстар з вялікім вопытам ды інтуіцыяй. Бывае, каб раскрыць здольнасці, патрабуецца час. Здараецца, іх бачна здалёк.
Вось і Хрысціна Рэянтовіч у Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу за 20 гадоў знайшла і апрацавала цэлую калекцыю каштоўнасцей. У красавіку адзначыць юбілей першая перлінка — узорны аматарскі калектыў шоу-група “Ціп-топ”. Другі скарб называецца Crystal. Кіраўніца тлумачыць чаму: у спевакоў гэтай узорнай студыі вакалу — ідэальна чыстыя галасы. У яе трапляюць самыя адказныя і таленавітыя. Недарма гурт мае ўзнагароду спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Перад тым, як стаць удзельнікамі студыі, дзеці праходзяць праз “Ціп-топ”. Але гэтая група — не толькі своеасаблівы садок, у якім гадуюць выканаўцаў для ансамбля Crystal, а сапраўдная школа жыцця: юныя артысты вучацца сябраваць і працаваць у калектыве.
Хрысціна Рэянтовіч
— Я рассылаю бацькам наш спіс правіл паводзін. У ім самае важнае — ніколі нікому не зайздросціць! Трэба ўмець радавацца адзін за аднаго. На жаль, з некаторымі даводзіцца развітвацца. Але застаюцца тыя, хто адносіцца да сваёй каманды з любоўю.
Здараецца, жаданні-чаканні бацькоў і дзяцей адрозніваюцца. Хрысціна Мікалаеўна называе такія сітуацыі болем сучаснага педагога:
— Усе прывыклі казаць, што цяперашняе пакаленне больш гультаяватае. Так, некаторых цяжка залучыць да працы. Але ж ёсць пытанні і да сталых людзей, якія часам пераносяць свае амбіцыі на сыноў-дачок і прыводзяць да нас зусім незацікаўленых дзяцей. На сцэну хоча кожны, аднак да музыкі неабходна мець цягу, гэты занятак патрабуе намаганняў.
Ювелір здольны прывабна аграніць алмаз, дзякуючы інструментам. У таго, хто вучыць і выхоўвае, таксама ёсць свае “прыстасаванні”.
— Варта даваць дзецям тое, што ім сапраўды цікава, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Хрысціна Мікалаеўна. — Вядома, з песнямі тыктокераў не выступіш на дзяржаўных мерапрыемствах. Але ж з юнымі талентамі магчыма дамаўляцца. У чымсьці ідзём ім насустрач, а пасля рыхтуем тое, што адпавядае больш афіцыйнаму ўзроўню. Вучні з радасцю далучаюцца і дапамагаюць. Ёсць нумар, якім я ганаруся, з песняй Шуры “Твори добро”. Мы імкнуліся перарабіць яе і паказаць па-новаму, пачаўшы з аранжыроўкі і закончыўшы касцюмамі. Апошнія, дарэчы, спадабаліся не толькі маленькім спевакам, але і нашым падлеткам — праз модную тканіну і крой. Да таго ж дзеці выносілі на сцэну вялікае пенапластавае сэрца.
Калектывы Crystal і "Ціп-топ"
За доўгія гады працы я ўпэўнілася, што развіваць талент трэба акуратна: карэкціруючы, абавязкова тлумачыць. Галоўнае — не насаджваць лішняга і даваць маленькім выканаўцам актуальны і сучасны матэрыял. І яшчэ дэталь. Мы дазволілі дзецям рухацца па сцэне, як яны хочуць. Ужо амаль не ставім харэаграфію, проста прапаноўваем адчуць музыку ўсім целам. Юныя артысты пачынаюць танцаваць нязмушана, а гледачы адгукаюцца на гэтую сапраўдную энергетыку і зараджаюцца ёй.
Кожны самацвет належыць апрацоўваць па-свойму. Ювелір вызначае, якая агранка падкрэсліць прыгажосць каштоўнага каменя. Да вучняў таксама варта шукаць індывідуальны падыход. Калі прамахнешся, пачнеш не з таго, выраб атрымаецца бракаваным. Здольнасці трэба развіваць цярпліва і беражліва. Характар — фарміраваць удумліва, ставячыся да асобы паважліва.
— Усе дзеці розныя, і гэта факт, на які педагог павінен звяртаць увагу. Напрыклад, нехта ў студыі Crystal не вытрымлівае партыю, але ж у “Ціптопе” гэты чалавек — адзін з галоўных вакалістаў, заўсёды ў першых радах. Мы бяром ад дадзеных, якія ёсць у дзяцей, максімум, ставім навучэнцаў на такія пазіцыі, што дапамогуць раскрыцца. Тая асоба згубілася б на фоне іншых у гурце Crystal, але ж гэта не азначае, што ў яе няма таленту.
Хрысціна Мікалаеўна падмацоўвае разважанні яшчэ адным пры-кладам:
— Некаторы час таму да нас прыйшла Каця — звычайная маленькая дзяўчынка. Яна расла прафесійна, выпрацавала сваю тэхніку. Але ж была праблема: Каця не магла зараджаць аўдыторыю. Які год удзельнічалі ў конкурсе ў Барысаве — беспаспяхова. Вядома, дзяўчынка засмучалася, перажывала. Я вучыла яе не здавацца, казала: “Не атрымалася цяпер, атрымаецца потым”, і мы ішлі далей. Так трапілі на конкурс у Віцебск — занялі другое месца, журы адзначыла нас асобна. І вось у лютым Кацярына Клешчанок у 14 гадоў дала першы сольны канцэрт. А нашы “Ціп-топ” і Crystal 18 красавіка з нагоды юбілею зладзілі вялікае свята, на якое запрасілі не толькі спецыяльных гасцей, але і ўсіх ахвотных. Паглядзець на скарбніцы маладых талентаў прыйшло кіраўніцтва горада, магілёўскія артысты і творчыя калектывы. Праграма атрымалася багатай на цікавыя падзеі і станоўчыя эмоцыі, якімі мы з задавальненнем дзелімся і з вамі!
Дар’я ВЯРЭНІЧ
Фота з архіва гераіні