Песні герояў — з вуснаў нашчадкаў

Апублiкавана: 22 мая 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Прэс-клуб

Аўтар: Аўтары

Лейтматывам творчага жыцця сёлета стала дата, святая для кожнага жыхара нашай краіны. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымеркавана нямала маштабных праектаў. Пра найбольш значныя расказала начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе “Культура і Мастацтва”. 

— Ірына Уладзіміраўна, тэма вайны натуральным чынам сталася адной з вядучых для айчыннага кінематографа, які сёлета святкуе стагоддзе заснавання. Многія карціны з залатога фонду прысвечаны трагедыі і гераізму нашага народа ў час Вялікай Айчыннай. Як будзе прэзентаваны гэты набытак сёлета? 

— Усё працу па падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў каардынуе рэспубліканскі арганізацыйны камітэт. Па яго даручэнні з лютага ў кінатэатрах, ва ўстановах адукацыі і культуры праходзяць тэматычныя паказы для дзяцей і моладзі. Навучэнцам школ, студэнтам бясплатна дэманструюць найлепшыя фільмы пра Вялікую Айчынную вайну. У праграму ўключаны 16 мастацкіх і дакументальных стужак беларускай вытворчасці. Таксама калегі з Расійскай Федэрацыі на бязвыплатнай аснове падзяліліся з нашымі кінапракатчыкамі савецкімі карцінамі з калекцыі “Масфільма” і Дзяржфільмафонду. Акцыя ладзіцца не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў невялікіх гарадах і нават у аграгарадках — на кінаперасоўных устаноўках. Варта адзначыць, што перад паказамі выступаюць кіназнаўцы, гісторыкі, музейныя і бібліятэчныя работнікі. Яны расказваюць аўдыторыі пра падзеі, якім прысвечаны той ці іншы фільм, пра стварэнне стужак.

— Але ж і сёння тэма вайны застаецца запатрабаванай. Якія сучасныя творы ўбачаць гледачы? 

— Сапраўды, у юбілейны год на экранах дэманструюцца фільмы не толькі з залатога фонду. Наспеў час новых карцін, у якіх асэнсоўваюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. І нашы кінематаграфісты працуюць над гэтай тэмай. Прыкладам, 2 мая адбудзецца прэм’ера мастацкага фільма “Час вяртацца”. Пасля паказаў у сталіцы яго можна будзе ўбачыць ва ўсіх кутках Беларусі. Акрамя таго, падрыхтаваны дзве стужкі ў неігравой форме, прысвечаныя генацыду беларускага народа, гісторыі канцэнтрацыйных лагераў і спаленых вёсак. У анімацыйнай форме, здавалася б, складана ўвасабляць гэтую тэму, аднак нашы кінематаграфісты маюць вопыт, і сёлета гледачам будзе прадстаўлены фільм “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, які складаецца з пяці навел і спалучае анімацыйныя тэхналогіі з дакументальнымі здымкамі. 

— Надзвычай важна перадаваць гістарычную праўду пакаленням, якія нарадзіліся пад мірным небам ужо ў незалежнай Беларусі. Што запланавана ў гэтым кірунку? 

— Праграма культурных мерапрыемстваў вельмі насычаная. Падзеі канцэнтруюцца не толькі вакол нашага галоўнага свята — Дня Незалежнасці. Мерапрыемствы праходзяць ужо зараз. Разлічаны яны на шырокую аўдыторыю, ад дзетак да людзей старэйшага пакалення. 

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з сакавіка ладзяць паказы харэаграфічнага праекта “Лінія памяці. Код вайны”. Гэта пластычны спектакль, які паставіла выкладчыца Вольга Наўроцкая з удзелам сваіх калег і студэнтаў. Пастаноўка выклікае вялікую цікавасць у моладзі. Адметна, што ўбачыць праект могуць вучні і студэнты з усіх рэгіёнаў. 

Ірына Дрыга падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе "Культура і мастацтва"

Ірына Дрыга падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе "Культура і мастацтва"

Таксама ў сакавіку стартавала агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам”. Упершыню праект зладжаны Міністэрствам культуры летась, і зараз ён атрымаў працяг. Нашы творчыя работнікі наведваюць установы адукацыі і культуры, дзе праводзяць адкрыты дыялог з моладдзю на тэму 80-годдзя вызвалення Беларусі і выступаюць са сваімі музычнымі нумарамі. 

Для вучнёўскай моладзі абвешчаны конкурсы. Гэта своеасаблівае спаборніцтва на выкананне твораў патрыятычнай тэматыкі сярод харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў і музычных каледжаў. Найлепшыя канкурсанты, адабраныя па выніках рэгіянальных канцэртаў, паўдзельнічаюць у выніковым мерапрыемстве — акцыі “Харавое веча” ў верасні, якую мы прымяркуем да Дня народнага адзінства. Паралельна ідзе мастацкі конкурс патрыятычнай тэматыкі. Пераможцы рэгіянальных этапаў атрымаюць магчымасць выставіць свае работы ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

— Да 80-годдзя падрыхтавана нямала навінак у сферы культуры, укараняюцца цікавыя формы... 

— Упершыню сёлета будзе наладжана акцыя па масавым выкананні песень ваенных гадоў “З песняй — да Перамогі”. Гэта ініцыятыва вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі ў сферы культуры. Наша моладзь будзе з’яўляцца ў людных месцах — на вакзалах, пляцоўках перад гандлёвымі цэнтрамі, у падземных пераходах. Там гурты будуць выконваць папулярныя кампазіцыі ад “Кацюшы” да “Дня Перамогі”. Усе ахвотныя могуць далучацца і спяваць песні разам! 

Узноўлена такая форма ўзаемадзеяння нашай творчай інтэлігенцыі і арміі, як агітбрыгада. Акцыя “Баявая агітбрыгада” пачалася 10 красавіка. Нашы творчыя работнікі, якія працуюць у розных жанрах, будуць выязджаць у вайсковыя часці ва ўсіх рэгіёнах, сустракацца з вайскоўцамі, гутарыць з імі і даваць выступленні. 

Фестываль “Беларусь— мая песня” пачаўся 2 лютага ў Палацы Рэспублікі і завершыцца, як мы мяркуем, у ліпені. Пры арганізацыйнай і фінансавай дапамозе Міністэрства культуры майстры мастацтваў і артысты-аматары з кожнай вобласці і Мінска маюць магчымасць даць свой канцэрт. Праглядаюць праграмы не толькі шматлікія гледачы, але адмысловая камісія, якая адбірае найлепшыя нумары для фінальнага гала-канцэрта. Такая практыка ўзноўлена ўпершыню за працяглы час па запыце ад артыстаў з рэгіёнаў. Мы дапамаглі ім і ажыццявіць мару — выступіць на галоўнай сцэне краіны. Гэта прагляд таго, чаго дабілася наша культура за гады мірнага жыцця, як захоўваюцца традыцыі і якія маладыя таленты з’яўляюцца ў Беларусі. Для мінскай жа публікі гэта магчымасць убачыць самых яркіх артыстаў і калектывы, што працуюць у рэгіёнах. 

Зразумела ж, самае шырокае кола мерапрыемстваў будзе ў музеях і бібліятэках. Немагчыма нават пералічыць усе праекты. Маштабныя выставы ладзяцца ў рэспубліканскіх музеях — ад Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальнага гістарычнага музея да тых, якія больш вузка асвятляюць асобныя перыяды нашай мінуўшчыны ці асобныя тэмы. Напрыклад, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа прысвячаюць свае часовыя экспазіцыі ролі класікаў літаратуры ў вызваленні краіны і творам, што раскрываюць тэму вайны. 

— Якімі культурнымі мерапрыемствамі будзе адзначана кульмінацыя юбілейнага года — Дзень Незалежнасці? 

— Святочная праграма ўключае мноства маштабных агульнарэспубліканскіх мерапрыемстваў. У Палацы Рэспублікі 2 ліпеня адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт “Шлях да Незалежнасці”. Заўважу, што гэта будзе не звыклы канцэрт, а яркае прадстаўленне, у якім рэжысёрска-пастановачная група з дапамогай вядучых і артыстаў паспрабуе асэнсаваць шлях, пройдзены нашым народам, паказаць, як вызваленне і Вялікая Перамога заклалі падмурак для развіцця і росквіту Беларусі ў наступныя дзесяцігоддзі. 

Як заўжды ў юбілейныя гады, у сталіцы адбудзецца ваенны парад. У яго межах запланаваны грамадзянскі блок. Рэжысёрска-пастановачная група, арганізаваная на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, працуе над масавым тэатралізаваным эпізодам “80 пераможных гадоў”. У васьмі эпізодах будуць увасоблены найбольш значныя дасягненні, якіх дабіўся наш народ за дзесяцігоддзі мірнага жыцця — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і тэхніцы, культуры, спорце. Мерапрыемства мусіць атрымацца вельмі відовішчным. 

Па традыцыі ўвечары 3 ліпеня ў Вялікім тэатры Беларусі пройдзе ўзнагароджанне работнікаў культуры і канцэрт майстроў мастацтва. Гэты звычай тры гады таму запачаткаваў Кіраўнік дзяржавы. А завершыць святочны дзень гала-канцэрт “Героям-пера- можцам — памяць на стагоддзі”. Ужо не адзін дзясятак гадоў існуе традыцыя збірацца ў Дзень Незалежнасці каля стэлы “Мінск — горад-герой”. Аднак упершыню на гэтай пляцоўцы публіцы прадставяць сумесны праект Беларусі і Расіі, да якога таксама далучыцца калектыў з Казахстана. Гэта будзе канцэрт-падзяка ўсім сынам і дочкам народаў Савецкага Саюза, якія калісьці вызвалялі нашу зямлю. Адметнай рысай імпрэзы стануць дуэты зорак беларускай і расійскай музычнай сцэны.  

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ