Куточак Беларусі на беразе Волгі

Пад Казанню працуе адзіны ў Расіі музей Янкі Купалы. Установа не толькі рупліва зберагае памяць пра паэта, але і папулярызуе нашу спадчыну ўвогуле. Высакародная справа нядаўна выйшла на новы ўзровень: першых наведвальнікаў прыняла зала “Я тут бачу свой край”, прысвечаная беларускай культуры. 

У сяле Пячышчы на крутым беразе Волгі класік апынуўся ў першы год Вялікай Айчыннай вайны. Разам з жонкай Янка Купала знайшоў прытулак на тэрыторыі мясцовага мукамольнага камбіната. Там творца жыў з 13 лістапада 1941-га па 18 чэрвеня 1942-га. Адтуль з’ехаў у Маскву, дзе неўзабаве трагічна загінуў. 

Рэпрадуктар, кнігі, чамадан, мэбля — гэтыя прадметы памятаюць дотыкі паэта. Асабістыя рэчы сёння зберагаюцца ў мемарыяльным пакоі. Падрабязней пра жыццё і дзейнасць Песняра распавядае адмысловая экспазіцыя з фотаздымкамі, копіямі дакументаў, выданнямі розных часоў, творамі выяўленчага мастацтва. Асобныя залы прысвечаны гісторыі Пячышчаў і ваколіц. 

Гасцей установы заўсёды вітаюць на трох мовах: “Здравствуйте! Исәнмесез! Добры дзень, сябры!” Гэта знак павагі да рускай, татарскай і беларускай культур. Супрацоўнікі скарбніцы на чале з загадчыкам Рымай Абызавай папулярызуюць Купалавы здабыткі і традыцыі Сінявокай — і такім чынам абуджаюць у наведвальнікаў цікавасць да культурнай разнастайнасці Татарстана, умацоўваюць сяброўства між народамі і талерантнасць. 

Падчас урачыстага адкрыцця залы "Я тут бачу свой край"

Падчас урачыстага адкрыцця залы "Я тут бачу свой край"

Чарговым крокам у гэтай дзейнасці стала адкрыццё новай залы. Назву ёй далі радкі Купалы, упершыню апублікаваныя ў 1908 годзе ў зборніку “Жалейка”. Экспазіцыя наглядна дэманструе спадчыну нашага народа, расказвае пра звычаі і побыт, літаратурнае і выяўленчае мастацтва. 

Прастора прыняла першых гасцей у сімвалічную дату 2 красавіка, калі святкуецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Ва ўрачыстасці паўдзельнічалі афіцыйныя асобы Рэспублікі Татарстан, прадстаўнікі ўстаноў культуры, лідары нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Моладзевы музычна-тэатральны калектыў “Ружа-кветка”, дзіцячы паэтычны дуэт Кацярыны Рудэйчанка і Сяргея Бутэнкі, выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў Верхнеўслонскага раёна прэзентавалі творчыя прысвячэнні Янку Купалу. Як сведчанне павагі да паэта і яго суайчыннікаў прагучала легендарная “Спадчына” на мове арыгінала — па-беларуску. 

— З адкрыццём гэтай цудоўнай залы музей сапраўды стаў адным з цэнтраў беларускай культуры, дзе актыўна рэалізоўваюцца самыя амбітныя праекты па развіцці нашай агульнай культурнай спадчыны, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па рэалізацыі нацыянальнай палітыкі Дэпартамента Раіса Рэспублікі Татарстан па пытаннях унутранай палітыкі Яўген Яфімаў. — Няма сумненняў, што ўстанова будзе прыцягваць яшчэ большую ўвагу пастаянных і новых наведвальнікаў. 

Многія экспанаты сабраны дзякуючы сумеснай працы з сябрамі музея. Гэта Асамблея народаў Татарстана, дзіцячая школа мастацтваў Верхнеўслонскага раёна, грамадская арганізацыя беларусаў Казані “Спадчына”, а таксама партнёр з нашай краіны — Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур у Мінску. Адметна, што праекту была аказана дапамога Раіса Рэспублікі Татарстан Рустама Мініханава ў рамках падтрымкі грамадскіх ініцыятыў этнакультурных арганізацый. Мяркуецца, што экспазіцыя з часам стане больш маштабнай і папоўніцца новымі каштоўнымі прадметамі, што адлюстроўваюць самабытнасць беларускай культуры.

Дамір Натфулін, намеснік міністра культуры Рэспублікі Татарстан:

— Больш за 20 гадоў нашы краіны плённа супрацоўнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы, дынамічна развіваючы міжрэгіянальныя сувязі. Культурны дыялог між Расіяй і Беларуссю заўсёды быў прадметам асаблівай увагі. Летась падчас візіту афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Татарстан у Мінск падпісана дарожная карта супрацоўніцтва, якая дала новы імпульс у нашых адносінах у сферы культуры. І ўжо ўвосень 2023 года з вялікім поспехам у Беларусі прайшлі Дні культуры Татарстана. Упэўнены, што багатая гістарычная спадчына, духоўная і культурная роднасць нашых народаў і надалей будуць служыць трывалым падмуркам для росквіту абедзвюх дзяржаў.