Не забыць нашчадкам гэту дату...

Апублiкавана: 19 мая 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць Прэс-клуб

Аўтар: Аўтары

Мемарыяльны комплекс у гонар дзяцей — ахвяр вайны ў Красным Беразе адзіны ў сваім родзе. Помнік у аграгарадку на Жлобіншчыне прысвечаны хлопчыкам і дзяўчынкам, на чыю долю выпалі крывавыя гады Вялікай Айчыннай. Мемарыял прыцягвае тысячы наведвальнікаў, а неўзабаве паўстане абноўленым і пашыраным.

Візіцёраў тут сустракае бронзавая фігура дзяўчынкі, што ўзняла рукі. Яна стаіць на чырвоных каменьчыках. Гэтае сімвалічнае мастацкае рашэнне адсылае да страшнай праўды аб пакутах дзяцей у Красным Беразе. Акупанты адбіралі малых у бацькоў і пасля абследавання ў мясцовым зборным лагеры адвозілі ў Германію ў якасці донараў крыві для салдат вермахта. Усяго па гэтым жахлівым шляху прайшлі 1990 дзяўчынак і хлопчыкаў ад 8 да 14 гадоў... 

Мемарыяльны комплекс адкрыўся ў 2007 годзе. З таго часу мясціну наведала больш за 500 тысяч чалавек. І попыт на экскурсіі не зніжаецца. Ушанаваць памяць юных ахвяр вайны завітваюць школьныя класы, сем’і, працоўныя калектывы. 

Пакланіцца бязвінна забітым прыязджаюць людзі не толькі з беларускіх рэгіёнаў, але і з іншых краін. Сёлета ў Красным Беразе пабывалі прадстаўнікі адной з нямецкіх партый. Падчас візіту актывісты падкрэслілі, што, нягледзячы на складаную палітычную абстаноўку, іх паплечнікі жадаюць наведваць нашу краіну і расказваць суайчыннікам пра міралюбнасць беларусаў і іх адданасць гістарычнай праўдзе аб Вялікай Айчыннай вайне. 

Дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" Наталля Кузняцова і навуковы супрацоўнік філіяла "Красны Бераг" Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Вікторыя Ільіна

Дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" Наталля Кузняцова і навуковы супрацоўнік філіяла "Красны Бераг" Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Вікторыя Ільіна

Штогод у комплексе ладзяць мноства мерапрыемстваў, на якія збіраецца безліч людзей з розных краёў. Не стане выключэннем і 2024-ы, адзначаны асаблівай датай — 80-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ў Красным Беразе адбудзецца маштабны мітынг-рэквіем. Адмысловую праграму рыхтуюць і да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Акрамя таго, праз мемарыял пралягуць маршруты шматлікіх веламарафонаў і аўтапрабегаў, якія праводзяцца актывістамі грамадскіх арганізацый пад патранатам раённай улады. 

Цяпер мемарыял мадэрнізуюць. Пры падтрымцы кіраўніцтва рэгіёна будынак рэканструюецца пад інфармацыйны цэнтр. Яго плошча складзе каля 750 квадратных метраў. У гэтай прасторы разгорнецца грунтоўная музейная экспазіцыя, у якой адлюструюць даваеннае жыццё, пачатак Вялікай Айчыннай, акупацыйны рэжым, надыход мірнай эпохі. Асаблівую ўвагу нада- дуць лёсам дзяцей, што змагаліся разам з дарослымі ў партызанскіх атрадах і падполлі, зведалі жахі канцлагераў і гета, прынялі пакутны шлях остарбайтараў і вымушаных донараў крыві для нацысцкіх салдат. 

Назапашвае і сістэматызуе інфармацыю для будучай экспазіцыі магутны калектыў навуковых супрацоўнікаў. Адмыслоўцы даследуюць архіўныя і музейныя зборы, праводзяць своеасаблівую рэвізію ўласных фондаў. З цягам часу некаторыя гістарычныя звесткі патрабуюць пераасэнсавання, нават у такой добра апісанай тэме заўсёды можна адкрыць новыя факты. Музейшчыкі імкнуцца не прапусціць ніводнай дробязі. 

Варта заўважыць, што ў інфармацыйным цэнтры знойдзецца месца і для аповеду пра жыццёвы і творчы шлях Леаніда Левіна. Славуты архітэктар — аўтар мемарыяла ў Красным Беразе — з асаблівым трапятаннем ставіўся да аб’екта. Ва ўспамінах майстар пісаў, што такі комплекс быў яго марай, бо дагэтуль тэму маленькіх ахвяр вайны ў падобным маштабе не распрацоўвалі. 

— Лёс Леаніда Мендзелевіча цесна звязаны са Жлобіншчынай. Яму прысвоены статус ганаровага грамадзяніна нашага раёна, імем творцы названа адна з вуліц горада, — паведаміла навуковы супрацоўнік філіяла “Красны Бераг” Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Вікторыя Ільіна. — Мы хочам як мага больш распавесці пра гэтага выдатнага чалавека, бо помнік у Красным Беразе з’яўляўся для яго не шэраговым аб’ектам, а вельмі важным выказваннем. Леанід Левін сам — дзіця вайны, і таму яму было пра што гаварыць на гэты конт. 

У канцы сакавіка на рэгіянальным суботніку далі старт рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу, падчас якой абновяць асобныя архітэктурныя аб’екты, плітку, элементы добраўпарадкавання. Працаваць талакою выйшлі прадстаўнікі розных галін улады, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Неабыякавыя да гісторыі людзі здзейснілі першыя крокі па абнаўленні помніка. Пазней на работы ў комплексе пералічылі сродкі, атрыманыя дзякуючы вясноваму рэспубліканскаму суботніку. Такім чынам кожны беларус змог далучыцца да высакароднай справы. 

— Апошнія гады паказалі, як важна шанаваць тое, што зрабілі нашы дзяды і прадзеды, вызваляючы краіну ад фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сучаснае пакаленне павінна ведаць пра герояў-вызваліцеляў, пра бязвінных ахвяр акупантаў. Гістарычная памяць — адна з фундаментальных асноў, якую мы мусім перадаць моладзі. Мы абавязаны ўвекавечыць для нашых патомкаў жах і трагедыю вайны, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падчас суботніка. 

Зрэшты, на Гомельшчыне ў апошнія гады праводзяць значную працу па захаванні гістарычнай памяці. Пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыялы “Ала”, “Партызанская крынічка”, “Азарычы”. І абнаўленне комплексу ў Красным Беразе стане чарговым укладам у зберажэнне старонак нашай мінуўшчыны, якія нельга забываць.