П’есу “Пісаравы імяніны” Уладзіслава Галубка забылі амаль на стагоддзе, а днямі — зноў паставілі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, дзе яна ішла ў пачатку 1920-х.
Гісторыю гэтага твора, напісанага ў 1917-м і тады ж увасобленага Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, трэба адлічваць з 1908-га. Менавіта тады з’явілася невялічкае аднайменнае апавяданне Якуба Коласа пра тое, як пісар запрасіў мясцовую “эліту” на свае імяніны, ды скончылася святкаванне бойкай гасцей. Акурат як у пачатку п’есы Галубка! Таму яе першую дзею можна ў поўнай меры назваць пашыранай, максімальна разгорнутай інсцэніроўкай таго апавядання, а другую і трэцюю, у якіх знікае большасць персанажаў, — варыяцыяй на шматлікія фальклорныя казкі-гісторыі пра любоўныя прыгоды дзяка. Невыпадкова сам Галубок, падзяліўшы твор на дзве часткі, паказваў гледачам два асобныя кароткія спектаклі: “Пісаравы імяніны” і “Залёты дзяка”. Прынамсі, адна з ранейшых версій п’есы была прадстаўлена ў 1921-м у Купалаўскім, які на той час называўся БДТ.
Сцэны са спектакля “Пісаравы імяніны”
Але ж як ставіць “Імяніны” цяпер? Як музычную камедыю — так вырашылі ў тэатры. І не памыліліся: яркая, завадная, запамінальная музыка Алега Хадоскі, шчодра расквечаная інтэнсіўным аркестравым развіццём і багатымі тэмбравымі фарбамі, складае большую частку поспеху. Шкада толькі, што артысты спявалі пад свой жа запіс. Але на далейшых паказах гэта будзе выпраўлена. Тым больш тэатр з самага пачатку хацеў займець у рэпертуары музычную камедыю. Адпаведную задачу паставілі перад запрошаным з Пінска рэжысёрам Паўлам Марынічам, які летась удала ўвасобіў у купалаўцаў пушкінскую “Казку пра мёртвую царэўну”. Гэтым разам творца прапанаваў тэатру шэраг розных драматургічных тэкстаў, з якіх кіраўніцтва абрала “Пісаравы імяніны”.
Павел Марыніч, як ён адзначыў падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні прэм’еры, імкнуўся знайсці вытокі непаразумення між пісарам і жонкай. І адшукаў — у такой распаўсюджанай сёння з’яве, як імкненне мужчыны да кар’ернага росту, а не да сямейных каштоўнасцей. У пісаравай жонцы, што прыехала з горада і пакутуе ў вёсцы, рэжысёр разгледзеў тонкую мастацкую натуру, захопленую тэатрам. Творца нават уклаў у яе вусны даволі раз- горнуты фрагмент з элегіі ў прозе “Літаратурныя летуценні” Бялінскага — “Ці любіце вы тэатр...”. Да такой трактоўкі пасуе і тонкая душэўная арганізацыя актрысы Таісы Увядзенскай, і падрыхтаваныя да прэм’еры афішы, флаеры, запрашальныя білеты, упрыгожаныя пер’ем. Да запрашальніка на прэс-канферэнцыю было нават прымацавана маленькае пёрка, падобнае да мар, у якіх лунае гераіня. У дзяку яна бачыць родную сабе артыстычную натуру, з якой можна пагутарыць пра высокія матэрыі. Гэтак жа, дарэчы, як і служанка Мар’я, якая туліцца да пісара, бо яе Панас увесь час на падпітку. Пары становяцца люстраным адбіткам адна адной, акрэсліваючы распаўсюджанасць праблемы. І што, завяршаць камедыю сцэнай сямейнага гвалту? У Галубка пісар б’е жонку і дзяка — і гэта канец. У цяперашнім спектаклі фінал адкрыты. Дакладней, яго папросту няма. Пісар і ўсе-ўсе-ўсе, хто быў у яго на імянінах, гоняцца за небаракамі і знікаюць у закуліссі. Суд Лінча ці менш крывавая развязка — у любым выпадку гэта трагедыя абсалютна для кожнага, пачынаючы з пісара, кар’ера якога закоціцца. Па законах жа музычнай камедыі сямейнае непаразуменне павінна скончыцца прымірэннем, каханнем. Тым больш у цяперашняй версіі крыніцай зла выступае д’ябал-спакуснік, гэткі Мефістофель у абліччы крывадушнага дзяка, а зусім не пісарава жонка. І галава ў гераіні можа балець таму, што не падабаюцца ёй гэтыя п’янкі-карты-гулянкі з удзелам мужа. Яна ж на мора хоча! Калі ў беларускім сялянскім асяродку стагадовай даўніны такое жаданне, пэўна, і асацыіравалася з разбэшчанасцю (маўляў, загараць на пляжы імкнецца, а не ў полі працаваць), дык сёння яно паўстае паказчыкам сямейнага дабрабыту. Можа, персанажам і сапраўды ў канцы на мора зазбірацца? Перагляд аўтарскага тэксту і асабліва фіналу для сучаснага тэатра — з’ява звыклая. А тут можна і тэкст не змяняць, вырашыўшы ўсё праз пластычную сцэну. Дарэчы, гэта дапамагло б “закальцаваць” спектакль, першая дзея якога багатая на індывідуалізаваныя пластычныя характарыстыкі персанажаў (харэограф — Людміла Фадзеева). Далей гэтая рыса, што надавала спектаклю і героям асаблівы смак, амаль знікае. Хаця сцэнаграфія Барыса Герлавана і Аляксандры Гранстрэм — лубачныя выявы спалучаюцца з сучасным светлавым заднікам — змяняецца мінімальна.
Сцэны са спектакля “Пісаравы імяніны”
Сярод найбольш яркіх акцёрскіх прац трэба вылучыць ігру Сяргея Бірульчыка (дзяк). Дастаткова зірнуць, як ён нецярпліва цярэбіць бародку, як страляе хітрымі вачыма, з якіх літаральна пырскаюць маланкі, і паслухаць, наколькі красамоўныя тэмбравыя пералівы-мадуляцыі ў яго голасе.
Спектакль высвеціў і некаторыя пытанні — перадусім у сцэнічным маўленні акцёраў. У першым акце рэжысёр “прыхаваў” недахопы, знайшоў ім тлумачэнне: госці прыйшлі на падпітку, яшчэ і дадалі на свяце — таму і крычаць, не адчуваючы гукавога балансу. У далейшых больш інтымных сцэнах усё павінна змяніцца, але здараецца гэта не заўжды... Заўважная і нястача акцёраў сярэдняга ўзросту, з-за чаго творчую моладзь (таго ж Барыса Цяцёркіна ў ролі пісара) даводзіцца крыху “састарваць”. Але спектакль адбыўся, жыве — і пакідае надзею, што з часам набярэ яшчэ большую моц. Шкада толькі, частка музычных нумароў засталася “за кадрам”: магла б атрымацца пастаноўка, вартая найлепшых музычных тэатраў.
Сцэны са спектакля “Пісаравы імяніны”
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА