III Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць” сабраў у Канцэртнай зале “Мінск” 778 удзельнікаў (з іх 28 калектываў) ва ўзросце ад 7 да 74 гадоў. Яны прадставілі сваю творчасць у некалькіх намінацыях: класічная, сучасная і эстрадная харэаграфія, бальныя, народныя або народна-стылізаваныя танцы, а таксама вольны кірунак. Хто атрымаў гран-пры і чаму з кожным годам праект становіцца больш папулярным?
Гэты маштабны праект арганізаваны Рэспубліканскім культурна-асветніцкім цэнтрам Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай папулярызацыі харэаграфічнага мастацтва і захавання танцавальных традыцый. Фармат склаўся з першага конкурсу: выявіць лепшыя калектывы, даць ім магчымасць абмяняцца вопытам і навучыць чамусьці новаму. Таму “Час танцаваць” уключае ў сябе шырокую серыю майстар-класаў, якія праходзяць не толькі ў дзень спаборніцтваў, але і ў міжсезонне. Напрыклад, летась у лістападзе зладзілі вялікі семінар для паўсотні кіраўнікоў танцавальных аб’яднанняў з усёй краіны. Адмыслоўцы адточвалі тэарэтычныя і практычныя навыкі пад настаўніцтвам вядучых балетмайстраў. А ў красавіку кожны ўдзельнік змог наведаць майстар-класы “Беларускі народна-сцэнічны танец «Гуканне вясны»” і “Пошук уласнай выразнасці ў патоку імправізацыі”, якія правялі спецыялісты кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Падчас III Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць”
— Конкурсны дзень — кульмінацыя той вялікай працы, якая праводзіцца на працягу года. Любы творчы калектыў жыве насычаным жыццём: развіваецца і імкнецца заняць лідзіруючыя пазіцыі ў сваёй сферы. Мы даём ім гэтыя магчымасці: паўдзельнічаць у майстаркласах, пазнаёміцца з канкурэнтамі, атрымаць фінансавую падтрымку, заваяваўшы гран-пры, — каменціруе дырэктар Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сідарэнка. — Усе 63 нумары, што прайшлі анлайн-адбор, ацэньвала журы, у складзе якога былі заслужаныя дзеячы мастацтваў, народныя артысты, кіраўнікі дзейных буйных харэаграфічных калектываў краіны.
Штогод склад канкурсантаў папаўняецца больш падрыхтаванымі калектывамі. Тыя хто ўдзельнічаюць не ў першы раз, успрымаюць гэта як іспыт. Бо пільна будзе ацэньвацца ўсё: ад ідэі да выбару музычнай кампазіцыі і якасці сцэнічнага касцюма. Марыя Станкевіч, удзельніца ўзорнага ансамбля танца “Натхненне”, выступала на праекце другі год запар:
Падчас III Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць”
— Летась наш калектыў заваяваў гран-пры, таму быў удастоены гонару выступіць з пастаноўкай “Жураўлі ляцяць” у пралогу падчас адкрыцця. Гэтым разам мы прывезлі тры камандныя нумары і дуэт, якія журы ацаніла найвышэйшымі баламі. Я танцавала ў двух абсалютна супрацьлеглых па ідэі і настрою нумарах: “Яма” распавядае пра жахі вайны, а “Станцыя вуліца Мінская” ілюструе мірны час вясной, калі вясковыя дзяўчаты ўпершыню прыязджаюць на цягніку ў сталіцу і знаёмяцца з гараджанкамі. У выніку “Натхненне” перамагло ў намінацыі “сучасная харэаграфія”, і я гэтаму вельмі рада!
Удзельнікамі III Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва сталі не толькі танцоры з усіх куткоў краіны, але і дзве прадстаўніцы Кітая — студэнткі беларускіх універсітэтаў. Вэй Сісі паказала кітайскі народны танец з веерамі “Самотны месяц”.
Падчас III Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць”
Арганізатары не ставілі абмежаванняў ні па геаграфіі, ні па ўзросце: на сцэну выйшлі выканаўцы ад 7 да 74 гадоў. Ансамбль бальнага і гісторыка-бытавога танца “Срэбны век” з Гомеля атрымаў афіцыйнае запрашэнне на праект. Пасля анлайн-адбору 66-гадовая Алена Галкіна разам са сваімі калегамі ўпершыню прыехала выступіць у канцэртнай зале “Мінск”:
— У нашым танцавальным аб’яднанні займаюся ўжо пяць гадоў, не маючы прафесійнай падрыхтоўкі. Заззяць на сцэне было марай, якую я ажыццявіла на пенсіі. “Срэбны век” бясплатна трэніруецца ў Гарадскім цэнтры культуры Гомеля. Рэпетыцыі праходзяць амаль кожны дзень. На іх мы адточваем рухі, вучым малюнкі і працуем над эмоцыямі. Сваёй творчасцю дзелімся падчас канцэртаў на Дзень горада, у санаторыях, у палацах культуры розных населеных пунктаў. На гэтае мерапрыемства прыехалі ўпершыню і паказалі два нумары: “Дунайскія хвалі” і “Вальс Марэлі”, якія цёпла ўспрынялі гледачы. Прыемна здзівіў маштаб праекта і яго арганізацыя, а таксама таленавітыя маладыя ўдзельнікі. Вельмі рады, што атрымалі дыплом лаўрэата 1 і 3 ступені. Налета прыедзем зноў, бо нам ёсць што паказаць.
Аляксандр Сідарэнка лічыць, што варта ставіць перад сабой глабальныя мэты: захаванне і памнажэнне нацыянальнай культуры ў галіне харэаграфіі, падрыхтоўка і развіццё танцавальных калектываў, знаёмства са светам мастацтва. Фармат конкурсу будзе запатрабаваны. Задача на наступны год — зацікавіць і даць магчымасць паўдзельнічаць у такім маштабным танцавальным спаборніцтве яшчэ большай колькасці калектываў.
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота Яўгена КАСУХІ