Памятаем! Ганарымся! Не здрадзім!

Апублiкавана: 11 мая 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

“Не будзіце салдат, якія заснулі”, “У дзевяць гадзін вечара пасля вайны”, “Памятаем! Ганарымся! Не здрадзім!”. Афіша культурных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, выдалася прыгожай і незвычайна размаітай. 

Адмысловы марафон стартаваў 7 мая: урачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў “Не будзіце салдат, якія заснулі” прайшлі ў Палацы Рэспублікі. Галоўны рэжысёр Алеся Кузняцова, рэжысёр пратакольнай часткі Ніна Осіпава і галоўны мастак Сяргей Кабыка пастараліся адразу пагрузіць удзельнікаў мерапрыемства ў атмасферу свята. У фае разгарнулася выстава “Дарогамі Перамогі”, якую падрыхтаваў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Буйнафарматныя фотадакументальныя матэрыялы, інсталяцыя “Рэгуліроўшчыца на вуліцах еўрапейскага горада”, супрацьтанкавыя стрэльбы, кулямёт, лодка… У вітрынах — экспанаты з Брэсцкай крэпасці-героя, Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, Мінскага, Віцебскага і Магілёўскага абласных краязнаўчых музеяў. На інтэрактыўных пляцоўках і подыуме — выступленні студэнтаў БДУКМ, якія далучыліся да праекта “З песняй — да Перамогі”. А ў цэнтры была даступная спецыяльная лакацыя, дзе госці фатаграфаваліся на фоне Рэйхстага, Сцяга і ордэна Перамогі. Ключавы момант урачыстага сходу — выступленне Кіраўніка дзяржавы і цырымонія ўзнагароджання гарадоў і населеных пунктаў Беларусі вымпеламі “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. 

Па завяршэнні пратакольнай часткі адбыўся канцэрт “Не будзіце салдат, якія заснулі”. Тэатралізаваная музычная пастаноўка распавяла аб падзеях Вялікай Айчыннай на прыкладзе чатырох персанажаў: камандзір, медсястра, артыстка агітбрыгады і фотакарэспандэнт сустрэліся ў першыя дні вайны і разам пераадолелі трагічныя гады. Гэтыя ролі выканалі Руслан Чарнецкі, Вольга Венская, Дзмітрый Церахаў, Кацярына Цішкевіч. Кожны нумар — як асобны фрагмент жыцця франтавікоў. Канцэрт прайшоў у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. У праграме ўдзельнічалі вядомыя айчынныя артысты Анатоль Ярмоленка, Уладзімір Громаў, Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Яўген Курчыч, арт-група “Беларусы”. Парадавалі гледачоў і выступленні таленавітай моладзі: Данііла Савені, Аляксандры Мелех, Сафіі Рустамавай, тэатра эстраднай песні “Сябрынка”, ансамбля танца “Белыя росы”, ансамбля харэаграфіі БДУКМ ды іншых. 

Падчас канцэрта майстроў мастацтваў “Не будзіце салдат, якія заснулі”

Падчас канцэрта майстроў мастацтваў “Не будзіце салдат, якія заснулі”

Марафон урачыстасцей прадоўжыўся і ў наступныя дні. У святочнай палітры 9 Мая акцэнтным колерам стала ўскладанне вянкоў на плошчы Перамогі. Цырымонію ўпрыгожыў тэатралізаваны нумар “Памятаем! Ганарымся! Не здрадзім!”. Галоўны рэжысёр Уладзіслаў Фокін, мастацкі кіраўнік Аляксандр Вавілаў і мастак Юрый Барысевіч аб’ядналі чатыры сімвалічныя музычныя фрагменты: “Вставай, страна огромная”, “Баявая песня партызан”, “Дзень Перамогі”, “Памятаем! Ганарымся! Не здрадзім!”. У стварэнні прыгожага відовішча паўдзельнічалі харавыя калектывы Белдзяржфілармоніі, капэла “Санорус”, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча, артысты Настасся Масквіна, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, Алег Сямёнаў, Ганна Благава, Руслан Беразоўскі, Андрэй Коласаў. Расквецілі выступленні спевакоў ансамблі народнага танца “Чабарок” і “Крыжачок” БДУ, майстэрня эстраднага мастацтва “Хвілінка”, ансамблі танца “Дзянніца”, “Вясёлка”, “Вязанка”. Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству надалі курсанты Ваеннай акадэміі і Інстытута пагранічнай службы Беларусі. 

Завяршыўся святочны дзень галаканцэртам “У дзевяць гадзін вечара пасля вайны”, які правялі ў самым цэнтры сталіцы — на Кастрычніцкай плошчы. Галоўны рэжысёр — Уладзіслава Арцюкоўская, галоўны мастак — Іна Лазарава. У аснове канцэпцыі — правобразы двух герояў, якія, дамовіўшыся сустрэцца пасля вайны, прайшлі праз ліхалецце. Дэкарацыі ў выглядзе палавінак моста, што перамяшчаюцца цягам дзеяння і ў фінале злучаюцца, узмацнілі галоўную ідэю імпрэзы. Канцэрт адбыўся ў суправаджэнні Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле знаных артыстаў: Уладзіміра Громава, Уладзіміра Правалінскага, Вікторыі Алешка, Дар’і Гаражанка, Жанет, Андрэя Коласава. Публіка з захапленнем сустрэла і выступленні гурта “Аўра”, ансамбляў “Верасы” і “Свята”, салістаў Маладзёжнага тэатра эстрады, фальклорнага гурта “Купалінка”, хору імя Г. Цітовіча ды іншых дзеячаў культуры і мастацтва.