Ужо на гэтым тыдні выходзіць вераснёўскі нумар часопіса “Мастацтва”.

У ім творчы калектыў падымае новы культурна-гістарычны пласт і расказвае пра тэкстыльныя і песенныя традыцыі Беларусі на прыкладах асобных рэгіёнаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Дапамагаюць у гэтым навуковыя супрацоўнікі Музея беларускага мастацтва і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Пачатак восені быў вельмі насычаны на тэатральныя падзеі, пра якія распавядаецца на старонках часопіса. “Віцебскі рэнесанс”, прэзентаваны народным маладзёжным тэатрам “Кола” закраную лёсы і карціны мастакоў Юдэля Пэна (“Настаўнік у цені”), Марка Шагала (“Камісар мастацтваў”) і Казіміра Малевіча (“Час УНОВІС”). Чытачам прапанавана ўбачыць фрагмент аднаго з спектакляў праз QR-код.

У Купалаўскім прайшла рэжысёрская лабараторыя, падчас якой гледачам і прафесійнай суполцы прапанавалі два спектаклі: “Мудрамер” і “Раскіданае гняздо”.

Лабараторыя, а дакладней, Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі адбыўся ў РТБД. Чаму гэта важна і для творчай групы, і для гледачоў, становіцца зразумелым з адпаведнага артыкула, падрыхтаваным тэатральным крытыкам.

Гісторыкам будзе цікавы артыкул “Успаміны пра восень 1939 года”, у якім цытуюцца нататкі тагачасных мастакоў Пятра Герасімовіча і Аркадзя Астаповіча. Зірнуць на дойлідства вачыма мастаўствазнаўцы прапануецца ў інтэрв’ю з прафесарам Міжнароднай акадэміі архітэктуры Алегам Быкоўскім “Камень, сталь і натхненне”.

Развітацца з летам чытачам прапанавана артыкуламі “Жніво” Міхася Сеўрука: сімвал нацыянальнага мастацтва” і “Музыка летняга водару”, які ўвайшлі ў праект “Музыка жаночага хараства”, што рэалізуецца нашай установай сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі.


Гэтым разам навучэнцы Ганна Ахотнікава і Аляксандра Паўлюкавец адчулі амаль няўлоўны пах лета і трансліравалі яго праз музыку “Пахне чабор” маладога кампазітара Вячаслава Пяцько. Праслухаць яе можна з дапамогай інфармацыйных тэхналогій праз QR-код.
Ірына СТАНКЕВІЧ