І ў Заходняй, і ва Усходняй

Апублiкавана: 16 верасня 2026 Стужка Афіцыйна не указан Дата

Аўтар: РУДАК Антон

Свята Дня народнага адзінства, якое ўстаноўлена ў нашай краіне ў 2021-м і адзначаецца 17 верасня, адсылае да 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне беларусаў у агульнай дзяржаве. Гэтай падзеі папярэднічалі два дзесяцігоддзі напружанага і трагічнага змагання за вызваленне з-пад прыгнёту і права самастойна выбіраць свой лёс. Сёння аб тых часах сведчаць шматлікія музеі, мемарыялы, памятныя шыльды, архітэктурная спадчына ды гісторыі.

 

СЛЯДЫ ВАЙНЫ

Барацьба за магчымасць жыць у адной рэспубліцы пачалася задоўга да верасня 1939 года, і шлях аказаўся дужа няпростым. Пасля рэвалюцыйных перыпетый 1917-га і заключэння ў 1918-м Брэсцкага міру лёс нашых зямель заставаўся няпэўным. Адноўленая ў тым жа годзе польская дзяржава заявіла аб правах на гэтыя тэрыторыі і разгарнула наступ на іх, дабраўшыся на ўсходзе Беларусі да ракі Бярэзіны. Тым не менш у 1921-м мяжа між Савецкай Расіяй і Польшчай была вызначана па лініі Полацк — Лельчыцы. Сляды супрацьстаяння, аднак, можна ўбачыць не толькі на захадзе краіны.

 

Магіла чырвоных камандзіраў
у сталічным Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага

Ацалелі яны і ў Мінску — напрыклад, у самым сэрцы горада, у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага, побач з колам агляду знаходзіцца магіла камандзіра 8-й Мінскай стралковай дывізіі Анса Даўмана і начальніка яе палітаддзела Іосіфа Флакса, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны ў 1920-м.

Пахаванні палеглых у тыя гады чырвонаармейцаў і пакараных смерцю падпольшчыкаў ёсць і на сталічных Вайсковых могілках, у Дзяржынску, Бабруйску і многіх іншых мясцінах у той частцы краіны, што пасля 1921-га засталася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Але не менш іх — і на захадзе, у раёнах, якія тады апынуліся пад польскай уладай.

 

НА ВАРЦЕ РАДЗІМЫ

Пазней абедзве дзяржавы, якія падзялілі беларускія землі, рыхтаваліся да чарговай вайны. Палякі надавалі асаблівую ўвагу тэрыторыі на ўсход ад Баранавічаў, дзе, як лічылася, мог адбыцца савецкі наступ, і арганізавалі там лінію ўмацаванняў. Яна складалася з баявой групы “Крэпасць” і апорнага пункта “Дарава”. Пэўныя польскія даўгачасныя ўмацаваныя пункты ствараліся шляхам мадэрнізацыі бетонных бункераў, што будаваліся немцамі ў Першую сусветную, калі праз гэтыя мясціны пралягаў фронт.

Савецкі ж бок паставіўся да справы нашмат больш грунтоўна. У 1930-я па ўсёй граніцы былі ўзведзены сотні бетонных умацаванняў, якія ўвайшлі ў Полацкі, Мінскі, Слуцкі і Мазырскі ўмацаваныя раёны. Пасля 1939-га ўжо на новай мяжы ўзніклі яшчэ і Брэсцкі ды Гродзенскі раёны — многія іх агнявыя пункты ў чэрвені 1941 года адыгралі важную ролю ў абароне цягам першых дзён Вялікай Айчыннай. Некаторыя з гэтых збудаванняў сёння музеефікаваны.

 

Музеіфікаваны доўгачасовы агнявы пункт у Заслаўі

Так, падобныя пункты захаваліся ў Заслаўі ды ў складзе філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Старая мяжа”, што ў ваколіцах Станькава ля Дзяржынска. Там таксама прадстаўлена пагранічная застава 1920—1930-х і дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная 16-му Дзяржынскаму пагранічнаму атраду.

 

СТВАРАЛІ ДЫ ЗМАГАЛІСЯ

Адзін з найбольш вядомых сімвалаў трагічнага мінулага Заходняй Беларусі, прыгнёту і барацьбы — канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, заснаваны ў 1934 годзе. Сюды адпраўлялі тых, каго польская ўлада лічыла “грамадска небяспечнымі элементамі”, уключаючы ўдзельнікаў змагання за ўз’яднанне з БССР.

 

Макет канцлагера ў Бярозе-Картузскай

Да Дня народнага адзінства ў 2021-м у будынку Чырвоных казармаў, дзе размяшчаўся адзін з карпусоў лагера, была створана часовая, а годам пазней і пастаянная экспазіцыя Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Сабраны фота і дакументы, транспаранты і ўлёткі, успаміны і асабістыя рэчы вязняў, адноўлена абстаноўка камеры і карцара.

Актыўна абаранялі нацыянальныя інтарэсы народа ў шэрагах Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і дзеячы культуры. Недарма ў адным з давераснёўскіх вершаў Максім Танк зазначаў, што “скрыпачоў і паэтаў” у яго краіне больш, чым каласоў. Хата ў Пількаўшчыне Мядзельскага раёна, дзе нарадзіўся будучы народны паэт і якой ужо звыш 100 гадоў, сёння мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

Дом Валянціна Таўлая ў Лідзе

А ў Лідзе ля сцен замка стаіць дом літаратара Валянціна Таўлая, дзе ён жыў з 1939 па 1941 год, калі працаваў у мясцовай газеце. Цяпер тут дзейнічае філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея, адкрыты мемарыяльны пакой творцы.

 

ВОБРАЗЫ НЯСКОРАНАГА КРАЮ

Легендарным сярод мастакоў Заходняй Беларусі па праве лічыцца Язэп Драздовіч, які быў сапраўды народным майстрам. Са спадчынай аўтара знаёмяць многія ўстановы рэспублікі, але з асаблівай цеплынёй зберагаюць памяць аб гэтым выбітным чалавеку на яго родным Паазер’і.

 

У Мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах

У вёсцы Германавічы (Шаркаўшчынскім раён) даступны Мастацка-этнаграфічны музей, які носіць імя Драздовіча і знаходзіцца ў колішнім палацы шляхцічаў Шырынаў, збудаваным у XVIII стагоддзі. Акрамя багатай этнаграфічнай калекцыі, тут прэзентавана шмат матэрыялаў, звязаных з жыццём Язэпа Нарцызавіча, яго рэчы і тры дзясяткі твораў.

 

Творы Міхася Сеўрука ў яго кватэры-музеі ў Нясвіжы

А ў Нясвіжы з 1996-га як філіял мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея працуе кватэра-музей Міхаіла Сеўрука, дзе можна паглядзець на яго жывапісныя, графічныя работы, гравюры, а таксама наэцюднік, альбомы для замалёвак, пастэльныя алоўкі, пэндзлі ды разцы.

 

Твор Міхася Сеўрука ў яго кватэры-музеі ў Нясвіжы

Дзейнасць паэтаў і мастакоў Заходняй Беларусі заўжды была прасякнута любоўю да роднай зямлі ды агульнай мінуўшчыны народа. Яны бачылі нашу Бацькаўшчыну непадзельнай, без штучных меж. Важна сёння захоўваць памяць аб гэтых людзях, іх поўных нягод ды перашкод жыццёвых і творчых шляхах, якія, тым не менш, упэўнена вялі да спраўджання мары ўсіх беларусаў пра ўласную адзіную дзяржаву.

Антон РУДАК. Фота аўтара

MAX TikTok