Танец можа расказаць пра край не менш, чым архіўныя дакументы або старыя фотаздымкі. У гэтым пераканана намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай. Больш за 30 гадоў яна вяртае да жыцця танцавальную спадчыну малой радзімы, каб яе гісторыя працягвалася ў новых пакаленнях.

ПА ПРЫСТУПКАХ ЛЁСУ
Таццяна Спаткай нарадзілася і вырасла ў Талачыне — у сям’і, дзе любоў і давер былі натуральным асяроддзем, а пра павагу да людзей і адказнасць за справу не трэба было тлумачыць: гэтаму вучылі на ўласным прыкладзе. Каштоўнасці, закладзеныя з дзяцінства, пазней ляглі ў падмурак усяго яе шляху. Таму пасля заканчэння Віцебскага вучылішча мастацтваў у 1990-м пытання “дзе жыць?” нават не стаяла. Дзяўчына без ваганняў вярнулася на бацькаўшчыну.
— Часта паўтараю: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Тут я стварыла сям’ю, выхавала дачку, узрасла прафесійна. Ніколі не хацела шукаць сябе недзе далёка, бо разумела: мая справа патрэбная роднай зямлі.

Пачынала метадыстам Талачынскага раённага Дома культуры. Пазней была вядучым спецыялістам па харэаграфіі ў раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. У 2013-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Культуралогія” (прыкладны менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы), а ўжо праз год заняла пасаду намесніка дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Маё крэда: “Не важна, колькі дзён у жыцці. Важна, колькі жыцця ў гэтых днях”. Рухаюся па прынцыпе лесвіцы. Кожная прыступка — асобны этап. Не мае значэння, лёгкі ён ці цяжкі. Трэба прайсці яго годна, каб пасля смела крочыць далей.
ДАКУМЕНТ ЭПОХІ
Вось ужо 36 гадоў дзейнасць Таццяны Спаткай прысвечана вывучэнню, захаванню і папулярызацыі народнай харэаграфічнай спадчыны Талачынскага краю. За часы экспедыцый яна сабрала багата аўтэнтычнага матэрыялу.

— Кожны танец — сапраўдны дакумент. Падрабязна фіксую фігуры, рухі, прасторавыя малюнкі, графічныя і кінетычныя абазначэнні, бо, калі не зрабіць гэтага сёння, заўтра нешта можа быць страчана назаўсёды. Гэта культурны код Талачыншчыны, які перадаецца ўжо чацвёртаму пакаленню. І вельмі хочацца, каб ён жыў яшчэ многія гады.
Дзякуючы такой скрупулёзнасці былі апісаны 16 карагодаў, адноўлены “Крыўлянская кадрыля”, “Рамашкаўская Лявоніха”, трайныя танцы “Яблычак” і “Кракавяк”, сольныя “Жабка”, “Лапці”, “Барыня”, танец-гульня “Зайчык”, парныя “Ва саду лі”, “Сербіянка”, “Падэспань” і многія іншыя.

У выніку працы комплекс традыцыйных танцаў Талачынскага краю атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

ІНВЕСТЫЦЫЯ Ў БУДУЧЫНЮ
Заканамерным працягам даследчыцкай дзейнасці стала стварэнне школы фальклорнага танца “Талачынскія закаблукі”.
— Заўсёды хацелася дзяліцца той любоўю да народнага танца, якая жыве ў душы. Тое, чым займаемся сёння, — інвестыцыя ў будучыню, — тлумачыць суразмоўца.

Выхаванцы школы прадстаўляюць Талачыншчыну на фестывальных пляцоўках па ўсёй краіне. У межах “Славянскага базару ў Віцебску” штогод спаборнічаюць у турніры нацыянальных танцаў “Танчым разам”: у 2025-м калектыў атрымаў гран-пры, а сёлета — дыплом ІІІ ступені. У паслужным спісе таксама Рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), конкурс “Зялёныя святкі”, фестывалі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу”, “Ад Саракоў да Сёмухі”, “Вішнёвы фестываль”…
Увагу надаюць і асветніцкім мерапрыемствам. Сярод іх — майстар-класы “Танчым сваё” і “Узяліся ў бокі і пайшлі ў скокі”, дзе аўтэнтычныя танцы становяцца даступнымі кожнаму. З 2019 года ў раёне рэалізуецца праект “Мая спадчына”, у межах якога праводзіцца рэгіянальны турнір “Танчым па-Талачынску!”. Сёлета стартуе яшчэ адна ініцыятыва для дзяцей і падлеткаў— “З нагі ў нагу, з голасу ў голас”.
— Моладзь — галоўнае багацце. У іх сэрцы хочацца пасеяць добрае зерне, каб яно прарасло і дало багаты ураджай — любоў да Радзімы, павагу да традыцый і гісторыі. Калі гэтае зерне прарасце, наша культура атрымае надзейную апору. Як дрэва не можа без каранёў, так і народ не можа існаваць без сваёй памяці. Без мінулага не бывае будучыні.
ГАЛОЎНАЯ АПОРА
Жыццёвае правіла Таццяны Спаткай простае: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”. Яна не прывыкла сядзець без справы, аднак добра разумее, што для сапраўднага натхнення патрэбны ўнутраная гармонія і душэўная раўнавага.
— Не бывае так, каб заўсёды было бясхмарна. Калі становіцца цяжка, не прымушаю сябе праз сілу шукаць новыя ідэі — ім таксама патрэбны свой час. Дапамагаюць доўгія пешыя прагулкі, веласіпед... Стараюся берагчы здароўе і захоўваць бадзёрасць, бо толькі тады хапае сіл рухацца далей.
Надзейнай апорай заўсёды застаецца сям’я— любімыя і самыя дарагія сэрцу людзі: дачка Дар’я, зяць Мікіта, доўгачаканы ўнук Цімафей, сёстры Галіна і Наталля, якія заўжды побач, гатовыя зразумець і падставіць плячо.
Асобае месца ў жыцці Таццяны Уладзіміраўны займае маці— яе анёл-ахоўнік. Жанчыне 85 гадоў, яна малалетні вязень, якая прайшла вельмі цяжкі шлях, але захавала здольнасць падбадзёрваць дачку ва ўсім.
— Мама часта кажа: “Умей радавацца маленькаму шчасцю — прыйдзе і вялікае”. Яна навучыла мяне бачыць лепшае ў людзях і заўважаць прыгажосць у дробязях. Усе свае светлыя моманты і смутак нясу ў родныя сцены, бо мой дом — гэта мая крэпасць.

З ПАДТРЫМКАЙ
Летась Таццяне Уладзіміраўне прысвоілі званне “Чалавек года Віцебшчыны”, аднак гэтае высокае дасягненне яна ўспрымае найперш як ацэнку агульнай справы ўсіх, хто яе акружае. —
Узнагарода стала для мяне нечаканасцю. Побач таленавітыя і паспяховыя людзі, таму лічу яе прызнаннем працы нашай дружнай каманды, усяго калектыву.

Нягледзячы на значныя здабыткі, у Таццяны Спаткай яшчэ багата задум: выдаць кнігу пра традыцыйныя танцы Талачыншчыны, стварыць дакументальны фільм, прысвечаны гэтай унікальнай спадчыне.
— Пра некаторыя мары лепш пакуль не гаварыць уголас. Ім патрэбны час, шмат працы і вера, што ўсё атрымаецца. Развітваючыся, гераіня звяртаецца да чытачоў словамі, якія, здаецца, найдакладней адлюстроўваюць яе светапогляд:
Дружна жывіце, хутка расціце!
Край свой любіце!
Не таму любіце, што ён цяплейшы ці прыгажэйшы,
а таму, што ён сэрцу за ўсіх даражэйшы!

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні