Італьянскі сад Мірскага замка вяртае сваё гістарычнае аблічча! Унікальны помнік садова-паркавага мастацтва прымае першых наведвальнікаў.

А якой была тая мясціна ў мінулым? Як яе ўзнаўлялі? На гэтыя ды іншыя пытанні адказала Ганна Язерская, загадчык аддзела па інфармацыйна-метадычнай рабоце і сувязях з грамадскасцю музея “Замкавы комплекс «Мір»”.
— Назва “італьянскі сад” зафіксавана ў інвентары 1698-га, хаця садоўнік у дакументах згадваўся яшчэ за шэсць гадоў да таго. Прыкладам маглі служыць сады і паркі Фантэнбло, Версаля і Балонні, якія выклікалі асаблівую цікавасць у князя Караля Станіслава Радзівіла Справядлівага падчас падарожжа па Еўропе, — распавядае Ганна Леанідаўна.
— Што выбралі галоўным арыенцірам пры адраджэнні?
— Поўны інвентар 1746-га — менавіта ў ім захавалася падрабязнае апісанне планіроўкі і насаджэнняў, якое і стала базай праекта ўзнаўлення. Тады ў Мірскім замку гаспадарыў князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Пры ім італьянскі сад меў форму прамавугольніка, аснову складалі алеі-вуліцы, акружаныя “шпалерамі рознага дрэва”.

Абапал алей — 25 квадратаў, што называліся кватэрамі і былі аздоблены рэгулярнымі кампазіцыямі баскетаў з кустоў і пладовых дрэў. Вырошчваліся і прышчэпы. У іх абсадцы выкарыстоўваліся парэчкі, агрэст, лаванда.
Асобныя квадраты ўяўлялі сабой зёлкавыя садкі, некаторыя перыядычна пуставалі — зямлі давалі час “адпачыць”.
— То-бок мясціна мела і гаспадарчае значэнне?
— Так, у пачатку XVIII стагоддзя там раслі не толькі прыгожыя кветкі, але і лячэбныя травы, турэцкія дыні, цыкорыя, артышокі, салаты, радыска, сельдэрэй...
За садам знаходзіліся цяпліцы, гаспадарчыя пабудовы, аранжарэя і дом садоўніка, за якім — агарод. Паводле звестак 1778 года, у аранжарэі налічвалася каля 40 апельсінавых і больш за 150 лімонных дрэў, а таксама інжыр, мірт, кіпарыс, лаўр, самшыт, італьянскі арэх ды іншыя экзоты.
Кампазіцыю дапаўняў канал (яго частку ў 2002-м ператварылі ў сажалку). А трапіць у сад можна было з другога паверха Паўночнага корпуса замка па мосце 1699 года. У пазнейшых вядомых інвентарах ёсць дадзеныя, што сад паступова памяншаўся, а да 1830-га прыйшоў у заняпад, паколькі пасля вайны 1812 года ўладальнікі жылі за мяжой.

З ПАВАГАЙ ДА МІНУЛАГА
За ўзнаўленне рэгулярнага саду ў выглядзе, які быў уласцівы яму ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, музейшчыкі ўзяліся летам 2024-га, калі пачаўся другі этап рэстаўрацыі замкавага комплексу. Гэтаму папярэднічала вялікая работа. Адміністрацыя ўстановы цесна ўзаемадзейнічала з членамі савета па культуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, са спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук, прадпрыемства “Мінскпраект” пры распрацоўцы неабходнай дакументацыі. Яе падрыхтавалі ў 2019-м.
— Што, акрамя рэканструкцыі італьянскага саду, уключае праект?
— Стварэнне фантана на сажалцы, дэкаратыўнага вадаскіда па тыпе грота, дарожак з каменнага адсеву, цэнтральнай алеі з пакрыццём насупраць мастка, які вядзе ад Паўночнага корпуса замка, а таксама альтанак для адпачынку, малых архітэктурных формаў, аўтамабільнай паркоўкі, падсветкі зялёных насаджэнняў і дарожак.
— Якія вынікі можна ўбачыць ўжо сёння?
— Узноўлены ўчастак плошчай 5,7 гектара. Гэта 18 квадратаў без аранжарэі, дома садоўніка і гаспадарчых пабудоў. Фларыстычная і ландшафтная канцэпцыі прадуманы з асаблівай павагай да мінулага. Па вонкавым перыметры высаджаны маладыя ліпы, крыху наводдаль — клёны, грабы і лістоўніцы. У цэнтральнай зоне — загарадзі з парэчак і агрэсту, што фарміруюць тыя самыя “кватэры”. Унутры іх — непатрабавальныя шматгадовыя і аднагадовыя расліны: блакітны лён, фіялетавы ісоп, белы шалфей і чырвоны крываўнік. Некалькі квадратаў выдзелена пад яблыні і вішні.
Для гасцей уладкавалі вытанчаны кветкавы партэр, цяністыя ліпавыя шпалеры, “дзярновую лаву” і “аптэкарскі агарод”.
Расліны падабраны марозаўстойлівыя. Больш за палову з іх высадзілі яшчэ год таму — праверку засушлівым летам і суровай зімой яны паспяхова прайшлі.

Поўную сілу і прыгажосць сад займее прыкладна праз пяць гадоў. Ландшафт узбагачаюць утульныя лавачкі і альтанкі-перголы, увітыя зелянінай. Увечары ў цэнтральнай зоне будуць уключацца круглыя грунтавыя свяцільні, умураваныя ў дарожкі, а па перы- метры за плотам — класічныя ліхтары на каваных гнутых ножках. Прыемны сюрпрыз чакае аматараў жывапісных відаў: італьянскі масток, прыбудаваны падчас рэстаўрацыі, нарэшце атрымае зыходнае прызначэнне — можна будзе трапіць з палаца ў сад.
ПРАЦЯГ БУДЗЕ!
Трэці этап рэстаўрацыі прадугледжвае аднаўленне англійскага пейзажнага парку. Прыступіць да прац збіраюцца ў 2027-м.
— Зялёныя насаджэнні ў парку глабальных змен не зведаюць, — гаворыць Ганна Леанідаўна. — Пагатоў асноўныя падсадкі дрэў зроблены яшчэ на першым этапе рэканструкцыі комплексу і ў пазнейшыя гады, а ў 2023-м узведзены пешаходны мост і сезоннае кафэ на дамбе.
З’явіцца мост праз пратоку каля спіртавога завода, што дазволіць гуляць вакол рукатворнага возера.
З паўднёвага боку сажалкі, непадалёк ад сасновай алеі, будуць абсталяваны альтанкі, сувенірныя лаўкі і касы.
Працягнецца будаўніцтва агароджы.

Завяршальным акордам павінна стаць аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх з добраўпарадкаваннем гатэля і флігеля.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Анаіт АРЗУМАНЯН і Ганны ЯЗЕРСКАЙ.
Аўтар карціны — Раксана ІБРАГІМАВА